Вераснёўскія здаравячкі і дзюймоўкі. Пра сярэдні ўзрост вераснёўскіх нявесты і жаніха расказалі ў аддзеле загса Ляхавіцкага райвыканкама

У верасні на Ляхавіччыне зарэгістравана 12 нараджэнняў: шэсць у аддзеле загса райвыканкама і столькі ж у сельвыканкамах – па два ў Начаўскім і Крывошынскім, па адным у Навасёлкаўскім і Альхоўскім.
У дзяўчынак колькасная перавага – восем супраць чатырох хлопчыкаў. Дочкам далі імёны Аглая, Васіліса, Вера, Кацярына, Мая, Марыя, Ніколь, Паліна. Сынам дзве сям’і выбралі імя Міхаіл, яшчэ аднаго хлопчыка назвалі Аўгусцінам, аднаго – Міронам.
Вераснёўскім здаравячком стаў Мірон, які нарадзіўся з вагой 3 860 грамаў і ростам 55 сантыметраў. Ён, дарэчы, пятае дзіця ў сям’і. Дзюймоўка месяца – Васіліса. Яе вага пры нараджэнні склала 2 650 грамаў, рост – 47 сантыметраў. Пасведчанне аб нараджэнні дачкі – другога дзіцяці ў сям’і – бацькі атрымалі ў Начаўскім сельвыканкаме.
Сярэдні ўзрост вераснёўскага бацькі – 29 гадоў, маці – 28. Самымі юнымі, згодна з інфармацыяй аддзела загса райвыканкама, у верасні сталі 21-гадовы бацька і 19-гадовая маці. Сталі бацькамі 40-гадовы жыхар Ляхавіччыны і 39-гадовая жыхарка раёна.

Першынец нарадзіўся ў трох сем’ях, другое дзіця – у шасці, трэцяе – у дзвюх. У адной сям’і нарадзілася пятае дзіця.
У верасні 15 пар вырашылі замацаваць свае адносіны ў аддзеле загса райвыканкама, адна пара – у Начаўскім сельвыканкаме.
Сярэдні ўзрост вераснёўскіх жаніха і нявесты – 37 гадоў. Юныя – 22-гадовы жаніх і 20-гадовая нявеста. Марш Мендэльсона гучаў і для 54-гадовага жаніха і 62-гадовай нявесты. У верасні шлюб зарэгістравалі чатыры замежныя грамадзяніны, з якіх тры – грамадзяне Расійскай Федэрацыі і адзін грамадзянін Туркменістана.
Дзень 26.09.26 стаў вясельным для трох пар. Адна ўрачыстая цырымонія прайшла ў выязным фармаце, расказала «ЛВ» начальнік аддзела загса райвыканкама Вольга Новік.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.