Сям’я і традыцыйныя каштоўнасці – трывалы фундамент грамадства

СКАЗАНА

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка:
– Каб трывала стаяць на сваёй зямлі, нас, беларусаў, павінна быць больш, значна больш. Гэта найважнейшая ўмова суверэнітэту. І дзяржава робіць шмат, каб гэтую ўмову забяспечыць.
З Паслання беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу.

Пра традыцыйныя каштоўнасці беларусаў, у тым ліку сямейныя, будуць гаварыць у чацвер падчас сустрэч ІПГ з працоўнымі калектывамі

Перыяд паміж Днём маці і Днём бацькі – з 14 па 21 кастрычніка – штогод адзначаецца ў Беларусі як тыдзень бацькоўскай любві.
І гэта з’яўляецца яшчэ адным прызнаннем на дзяржаўным узроўні важнейшай ролі сям’і. Чаму ў нашай краіне надаецца такая ўвага сям’і, умацаванню сямейных каштоўнасцей? Менавіта гэта ячэйка грамадства была і застаецца важнейшай крыніцай фарміравання і станаўлення асобы, назапашвання і перадачы нацыянальных традыцый, духоўных і маральных каштоўнасцей.

Сям’я – гэта першакрыніца нацыянальнай бяспекі. Тут фарміруецца адказнае стаўленне да працы, уласнасці, закону і асобы. Сувязь паміж дабрабытам адной сям’і і стабільнасцю цэлай нацыі выбудавана на простых і бясспрэчных законах развіцця грамадства – дэмаграфічны падмурак дзяржавы фарміруюць людзі.

Умацоўваючы сям’ю, абараняючы яе эканамічныя і духоўныя інтарэсы, дзяржава інвесціруе ў свой самы галоўны рэсурс – у чалавека.

Дзе дзеці – там будучыня

У Беларусі сям’я – фундамент, на якім трымаецца краіна, яе будучыня і яе суверэнітэт. Менавіта таму дзяржава надае падтрымцы сем’яў сур’ёзную ўвагу, падкрэслівае начальнік упраўлення па працы,
занятасці і сацыяльнай абароне Ляхавіцкага райвыканкама Дзіяна Трысцень.


– І дзяржаўная падтрымка сям’і – не абстрактныя абяцанні, а канкрэтныя выплаты, ільготы і паслугі, якія сем’і атрымліваюць тут і зараз. Нарадзілася першае дзіця – выплачваецца аднаразовая дапамога ў памеры 10 бюджэтаў пражытачнага мінімуму (5 303,7 рубля), на другое і наступных – 14 БПМ, на сёння гэта 7 425 беларускіх рублёў. Жанчынам, якія сталі на ўлік ва ўстановах аховы здароўя да 12 тыдняў цяжарнасці, належыць аднаразовая дапамога ў памеры БПМ – на сёння крыху больш за 530 рублёў, – расказвае Дзіяна Трысцень. – Сем’ям, дзе адначасова выхоўваюцца дзеці да трох гадоў і ад трох да 18 гадоў, выплачваецца штомесячная даплата ў памеры 50 працэнтаў БПМ на сям’ю. Дзяржава падтрымлівае маці, якая знаходзіцца ў водпуску па доглядзе дзіцяці да трох гадоў. На першае дзіця яна атрымлівае 1 057,7 рубля, на другое і наступных – 1 208,8 рубля. Асобная ўвага надаецца сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў. Для мнагадзетных маці дзейнічаюць пенсійныя льготы. Жанчынам з чатырма дзецьмі патрабаванні да страхавога стажу для прызначэння пенсіі зніжаны да 10 гадоў працы з выплатай страхавых узносаў. Жанчыне з пяццю дзецьмі пенсія прызначаецца на 5 гадоў раней агульнага пенсійнага ўзросту і са страхавым стажам 5 гадоў. Жанчыны, якія нарадзілі і выхавалі пяць і больш дзяцей, узнагароджваюцца ордэнам Маці. У Ляхавіцкім раёне высокую дзяржаўную адзнаку маюць 38 зямлячак.

Адна з формаў падтрымкі мнагадзетных сем’яў – сямейны капітал, памер якога з 1 студзеня складае 35 505 рублёў. Сёлета ён назначаны 13 мнагадзетным сем’ям на Ляхавіччыне.
Дзяржаўны клопат – гэта і адрасная сацыяльная дапамога – сістэма, якая ўключае чатыры сацыяльныя выплаты і фінансуецца з раённага бюджэту. Так, сёлета дзевяць дзяцей ва ўзросце да двух гадоў забяспечваюцца бясплатнымі прадуктамі харчавання. Дзейнічаюць і іншыя шматлікія меры дзяржаўнай падтрымкі. І гэта не асобныя меры, а цэласная сістэма.

ФАКТ
Па стане на 1 кастрычніка на ўліку ў Ляхавіцкім ТЦСАН знаходзіцца 346 мнагадзетных сем’яў, у якіх выхоўваецца 1 137 дзяцей. Кожная з гэтых сем’яў – пад асаблівай увагай дзяржавы.

Алена Валошына,  ляхавічанка:

– З нараджэннем сына Багдана наша сям’я стала мнагадзетнай і нядаўна атрымала адпаведнае пасведчанне. Аднак дзяржаўную ўвагу адчулі значна раней. Дапамога пры нараджэнні дзіцяці сёння – сума значная – больш за сем тысяч. На выплату набылі неабходныя рэчы для дзіцяці, новую бытавую тэхніку. Як мнагадзетная сям’я, на старэйшую дачку атрымалі дапамогу да школы, 50-працэнтную скідку на аплату падручнікаў. Танней стала і школьнае харчаванне. Яшчэ адна дачушка наведвае дзіцячы сад, і плата за яго для мнагадзетных сем’яў зніжаецца напалову. Зараз з мужам збіраем дакументы на атрыманне сямейнага капіталу. Дзякуючы гэтай дзяржаўнай падтрымцы разлічваем палепшыць свае жыллёвыя ўмовы.
Прыемны момант мнагадзетнасці – і атрыманне ад партыі «Белая Русь» куфэрка з «Бацькавай кашуляй». Гадуем дзяцей у павазе да нашых беларускіх каштоўнасцей і традыцый. Вядома, паставіць траіх дзяцей на ногі няпроста, але пры такой дзяржаўнай увазе і клопаце ў заўтрашні дзень глядзім спакойна і ўпэўнена.

Дзяржава дорыць надзею і шчасце

Дзякуючы дзяржаўнаму клопату спраўдзілася мара не адной тысячы беларусаў стаць бацькамі. Пра пашырэнне даступнасці рэпрадукцыйных тэхналогій расказвае загадчык паліклінікі, урач – акушэр-гінеколаг Ляхавіцкай ЦРБ Анатолій Панько:

– Дзяржаўная падтрымка сем’яў відавочна і ў медыцынскім аспекце. Тычыцца гэта ў тым ліку і экстракарпаральнага апладнення (ЭКА). Заканадаўча замацаваны маштабныя змяненні: пачынаючы з 25 чэрвеня 2026 года першая і другая спроба ЭКА ў Беларусі па даручэнні Кіраўніка дзяржавы бясплатныя. Гэта беспрэцэдэнтная мера дзяржаўнай падтрымкі сем’яў. За кожным канкрэтным выпадкам стаіць рэальная гісторыя – час чакання, лячэння, няспраўджанай мары і надзеі. Медыцына ўпэўнена крочыць наперад, і гэта таксама ў многім дзякуючы дзяржаўнай падтрымцы. Самае галоўнае – не адкладваць зварот да ўрача, які ацэніць сітуацыю, збярэ неабходную інфармацыю, прызначыць далейшае абследаванне. Пасля ўстанаўлення прычыны, вызначаецца далейшая тактыка лячэння. Калі ёсць паказанні да ЭКА, пацыентку, калі гаварыць пра Ляхавіцкі раён, накіроўваюць для далейшага абследавання і кансультацыі ў кабінет планавання сям’і ў Брэсцкім абласным радзільным доме.
На жаль, не заўсёды ЭКА атрымліваецца з першай спробы. На вынік уплывае мноства фактараў: узрост жанчыны, праблемы са здароўем, стан рэпрадукцыйнага здароўя і іншыя абставіны. Менавіта таму патрабуецца іншы раз больш за адну спробу. Нагадаю, што права на бясплатныя спробы ЭКА прадастаўляецца не толькі сямейным парам, але і жанчынам, якія не знаходзяцца ў шлюбе. Адна з умоў- грамадзянства Беларусі. Яшчэ адна абавязковая ўмова – узрост жанчыны не павінен перавышаць 40 гадоў на момант прадастаўлення бясплатнай спробы. Акрамя таго, павінны быць медыцынскія паказанні да правядзення ЭКА і адсутнічаць медыцынскія супрацьпаказанні. За 2021–2025 гады, калі было заканадаўча гарантавана правядзенне адной бясплатнай працэдуры ЭКА, у нашай краіне з дапамогай гэтай працэдуры нарадзілася больш за 2,5 тысячы дзяцей. Уявіце, колькі беларусаў атрымалі шчасце стаць бацькамі…

Дзяржава не можа замяніць саму сям’ю. Яна здольна стварыць умовы, абараніць правы дзіцяці, забяспечыць інфраструктуру і дапамогу. Але давер паміж мужам і жонкай, выхаванне дзяцей, бацькоўскі аўтарытэт, павага да старэйшых, самазабяспечанасць – гэта сфера, за якую адказвае сям’я. Моцная сямейная палітыка ўзнікае там, дзе дзяржаўныя меры спалучаюцца з асабістай адказнасцю грамадзян.

Сям’я года жыве на Брэстчыне
«Конкурс «Сям’я года» стаў яркай і маштабнай падзеяй, якая адлюстроўвае галоўныя каштоўнасці беларускага народа – гэта сям’я, любоў да дзяцей, павага да бацькоў і старэйшага пакалення, захаванне традыцый і памяці нашых продкаў.
У рамках адборачных тураў сотні мнагадзетных сем’яў з усіх куткоў краіны стваралі сацыяльныя праекты, вывучалі гісторыю свайго роду і дзяліліся сакрэтамі сямейнага шчасця.
Сем сем’яў з усіх абласцей Беларусі і горада Мінска спаборнічалі ў фінале VII рэспубліканскага конкурсу «Сям’я года» на сцэне Палаца спорту, першае месца заняла сям’я Свірыдзюк з аграгарадка Стрыгава Кобрынскага раёна Брэсцкай вобласці.

Галоўны сакрэт сям’і, як расказалі яны самі, у тым, каб трымацца разам: «Для нас мнагадзетная сям’я – гэта калі ўсе разам, усе побач і ўсе адзін аднаго любяць».

У фінале сям’я Свірыдзюк паказала праект «Хлеб у далонях пакаленняў». Бацькі разам з дзецьмі выпякаюць хлеб па ўнікальнай сямейнай традыцыі, а на атрыманыя ад продажу выпечкі грошы купляюць тэхнічныя сродкі рэабілітацыі для пажылых людзей.

Фота з архіва «ЛВ» і тэлеграм-канала Брэсцкага аблвыканкама.

Сям’я Расоха з в. Пашкоўцы – пераможца абласнога конкурсу сярод прыёмных сем’яў.
Пераможца рэспубліканскага конкурсу «Сям’я года» – сям’я Свірыдзюк.
Сёлета Ганне Бажэжа, якая працуе ў Начаўскім дзіцячым садзе, уручаны ордэн Маці.