Арыентацыя на добрую прафесію. Месячнік прафарыентацыйнай работы «Мой прафесійны выбар» праходзіць ва ўстановах адукацыі Ляхавіччыны

Вызначыцца з будучай прафесіяй – адно з важных рашэнняў у жыцці кожнага чалавека. І чым раней юнак ці дзяўчына пачынаюць задумвацца пра гэта, тым больш упэўненым будзе іх крок у дарослае жыццё. І ў гэтым дапамагае месячнік прафарыентацыйнай работы «Мой прафесійны выбар», які праходзіць ва ўстановах адукацыі Ляхавіччыны.

Маштабная прафарыентацыйная падзея сабрала ў СШ № 1 тых, хто бачыць свой заўтрашні дзень у высакароднай прафесіі настаўніка. На кірмаш мэтавай падрыхтоўкі педагагічных прафесій «Педагогіка: шлях і прызванне» запрасілі выхаванцаў груп педагагічнай накіраванасці, навучэнцаў 8–11-х класаў, дырэктараў, педагогаў і бацькоў, якія мелі магчымасць адрасаваць прадстаўнікам ВНУ і каледжаў пытанні пра паступленне і прахадныя балы, тэрміны падачы дакументаў і г. д. Прадстаўнікі навучальных устаноў раздавалі інфармацыйныя буклеты і запрашалі на дні адчыненых дзвярэй.
Прэзентацыйныя пляцоўкі прадставілі Баранавіцкі дзяржаўны ўніверсітэт, Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А. С. Пушкіна,
Пінскі каледж УА «Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А. С. Пушкіна», Нясвіжскі дзяржаўны каледж імя Якуба Коласа.
Начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Марыя Саракавік, звяртаючыся да ўдзельнікаў кірмашу, падкрэсліла важнасць свядомага выбару прафесіі і адзначыла, што педагогіка – гэта прызванне, якое патрабуе любві да дзяцей, цярпення і пастаяннага самаўдасканалення. Быць педагогам – значыць кожны дзень аддаваць часцінку сваёй душы тым, хто прыходзіць да цябе за ведамі, парадай і падтрымкай.
Ва ўстановах адукацыі горада працуюць групы педагагічнай накіраванасці, якія на кірмашы крэатыўна прадставілі сваю дзей-
насць. Першая педгрупа была створана ў СШ № 2 дзесяць гадоў назад, у яе ўвайшлі восем чалавек. Сёння ў шасці групах у 10-11-х класах знаёмяцца з настаўніцкай прафесіяй 62 старшакласнікі. Яны прымаюць удзел у абласных і рэспубліканскіх фестывалях і ўжо маюць уласныя напрацоўкі і дасягненні. Сістэме адукацыі Ляхавіччыны патрабуюцца маладыя адукаваныя педагогі – выхавальнікі дашкольнай адукацыі, настаўнікі пачатковых класаў, фізікі і матэматыкі, хіміі і біялогіі, настаўнікі фізкультуры, педагогі-арганізатары, расказала на кірмашы галоўны спецыяліст аддзела па адукацыі райвыканкама Таццяна Зубік. Каля 30 сёлетніх выпускнікоў устаноў адукацыі Ляхавіччыны плануюць звязаць сваё прафесійнае жыццё з педагогікай, пяць з іх выказалі жаданне навучацца на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі. Мэтавая падрыхтоўка мае відавочныя перавагі, сярод якіх паступленне па-за агульным конкурсам, гарантаванае месца працы, першачарговае права на атрыманне арэнднага жылля пры ўмове заключэння працоўнага кантракта на тэрмін не менш за пяць гадоў.

На базе гімназіі прайшла акцыя «Гатовы Радзіме служыць!». На сустрэчу з прадстаўнікамі Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь запрасілі навучэнцаў 8–11-х класаў, а таксама выхаванцаў ваенна-патрыятычных клубаў. У іх была магчымасць атрымаць адказы на хвалюючыя пытанні ад начальніка факультэта ракетных войскаў і артылерыі і ракетна-артылерыйскага ўзбраення Вадзіма Лабанава і начальніка адасобленай групы Ляхавіцкага раёна ваеннага камісарыята г. Баранавічы, Баранавіцкага і Ляхавіцкага раёнаў Арцёма Кіруты.

Арцём Кірута адзначыў, што сёлета ў акадэмію плануюць паступаць больш за 10 выпускнікоў школ раёна, якія павінны да 1 красавіка напісаць адпаведную заяву. Цікавасць у будучых абітурыентаў выклікала выстава абсталявання і сродкаў сувязі, якія выкарыстоў-
ваюцца ў сучаснай арміі.
Наш зямляк ляхавічанін Раман Івановіч вучыцца на трэцім курсе Ваеннай акадэміі на агульнавайсковым факультэце і ўпэўнены, што гэта навучальная ўстанова – лепшы выбар. Раман паступіў у акадэмію пасля заканчэння Брэсцкага абласнога кадэцкага вучылішча.
– Калі вучыўся ў СШ № 2, мама расказала, што ёсць такое кадэцкае вучылішча. Мяне гэта зацікавіла, і я змог туды паступіць. Калі ў кадэцкім вучылішчы цябе вучаць, то ў акадэміі рыхтуюць да таго, каб вучыць іншых. Тут ты разумееш, што такое сапраўдная адказнасць, і чаму афіцэр павінен быць прыкладам ва ўсім, – дзеліцца Раман і расказвае, што агульнавайсковы факультэт рыхтуе афіцэраў шырокага профілю, здольных выконваць самыя розныя задачы.
Ён раіць выпускнікам не баяцца цяжкасцей, ісці да мэты і памятаць, што абарона Айчыны – гонар для сапраўднага мужчыны.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота аўтара.

