Вясновае полымя не ведае межаў. Вясна толькі пачалася, а колькасць вогненных здарэнняў ужо выклікае сур’ёзную трывогу 

Вясна толькі пачалася, а колькасць вогненных здарэнняў ужо выклікае сур’ёзную трывогу. 

Сёлета на Ляхавіччыне ў прыродных экасістэмах зарэгістравана 12 узгаранняў, з якіх пяць – у адзін дзень. 15 сакавіка стаў для выратавальнікаў адным з самых напружаных з пачатку года. Першы выклік паступіў у цэнтр аператыўнага кіравання РАНС каля дзвюх гадзін дня. У вёсцы Літве гарэла трава ў полі. Агонь распаўсюджваўся хутка, але дзякуючы своечасоваму рэагаванню выратавальнікаў удалося лакалізаваць узгаранне і не дапусціць яго распаўсюджвання на большую плошчу. Праз дзве гадзіны  выратавальнікі выехалі на тушэнне сухой травы ў Дарава.
І зноў прычына – неасцярожнае абыхо-джанне з агнём. У вёсцы Сакуны агонь пагражаў гаспадарчым пабудовам. Як высветлілася, пенсіянер спальваў смецце, не ўлічыўшы, што побач
сухая трава. Адзін неасцярожны рух – і полымя выйшла з-пад кантролю. Каля васьмі гадзін вечара сігнал трывогі паступіў з Гарадзішча. Там агонь гаспадарыў на плошчы каля квадратнага кіламетра. Завяршыўся вогненны дзень у Рагачах, дзе гарэла трава ў пойме ракі Шчары.
Яшчэ адзін выпадак здарыўся днём 25 сакавіка ў садовым таварыстве «Віраж», дзе пенсіянерка спальвала смецце, і агонь «пайшоў» на суседскі ўчастак. Згарэла чужая гаспабудова. Начальнік РАНС падкрэслівае, што выпадкі, калі «наводзяць чысціню»
на сваім участку, а агонь знішчае чужую маёмасць, не рэдкасць.
– Кожнае ўзгаранне – рэальная пагроза для населеных пунктаў, маёмасці, лясоў, рызыка і для тых, хто выратоўвае ад бяды. Самае небяспечнае ў палах травы – іх некантралюемасць. Здаецца, што падпаліў невялікі клін, і яго можна лёгка кантраляваць. Але досыць парыву ветру – і агонь перакідваецца на поле, лес, гаспадарчыя пабудовы, а то і на жылыя дамы. Кожную вясну выратавальнікі ліквідуюць дзясяткі пажараў, прычынай якіх становіцца неасцярожнае спальванне травы, – адзначае начальнік РАНС Юрый Буйкевіч.
Летась на Ляхавіччыне з 42 узгаранняў у экасістэмах адно адбылося на тарфяніку, у дзесяці выпадках гарэлі трава і хмызняк. Тры ўзгаранні адбыліся ў межах населенага пункта, восем – па-за межамі. Асноўнай прычынай вогненных здарэнняў з’яўляецца неасцярожнае абыходжанне з агнём пры спальванні смецця насельніцтвам.
Выратавальнікі настойліва нагадваюць: навядзенне парадку на прысядзібных участках не павінна суправаджацца выпальваннем сухой расліннасці. Спальваць смецце дазволена толькі ў спецыяльна абсталяваных месцах і пад пастаянным наглядам, з выкарыстаннем сродкаў тушэння (вада, вогнетушыцель, рыдлёўка).
Сухая трава – гэта не смецце, а частка экасістэмы, якая фарміравалася стагоддзямі. Пасля выпальванняў глеба становіцца неўрадлівай, а на месцы, дзе прайшоў агонь, першымі вырастаюць пустазелле і шкодныя расліны – тыя, якія не баяцца агню.

У Беларусі забаронена выпальванне сухой расліннасці, травы на корані, а таксама раслінных рэшткаў на палях. За парушэнне забароны прадугледжана адміністрацыйная адказнасць – штраф
да 30 базавых велічынь. Калі ж дзеянні прывялі да пажару
або знішчэння маёмасці, можа наступіць і крымінальная адказнасць. За развядзенне вогнішча ў забароненых месцах прадугледжаны штраф да 12 БВ.

Сухую траву можна і трэба прыбіраць без агню. Напрыклад, скасіць, выкарыстоўваць як мульчу для клумбаў, закласці ў кампоставую яму. Гэта бяспечна, карысна для зямлі і не пагражае ні людзям, ні прыродзе.
Вясна – час абнаўлення, а не знішчэння. Давайце берагчы тое, што маем, і не даваць агню станавіцца гаспадаром.
Калі бачыце, што траву паляць суседзі, нагадайце ім пра небяспеку. Заўважылі пажар – тэлефануйце па нумарах 101 або 112.
Беражыце сябе, сваіх блізкіх і нашу зямлю!
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота аўтара.