У кожнага беспарадку ёсць свае аўтары

Навошта аспрэчваць той факт, што наш маленькі гарадок па праву ўспрымаецца дагледжаным, камфортным, эстэтычна прыемным месцам не толькі дзесяццю тысячамі яго жыхароў, але і шматлікімі гасцямі райцэнтра. Гэта ўвогуле, а ў прыватнасці для бочкі мёду, на жаль, знаходзіцца лыжка дзёгцю.
Пройдземся па Ляхавічах пяшком, палюбуемся знаёмымі карцінкамі. Але на пешаходным бульварчыку за будынкам, дзе пад адным дахам суседнічаюць цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі і загс, не расслабляйцеся і асабліва пільна глядзіце пад ногі: плітка на дарожцы правалілася на дастатковую для таго, каб зламаць ногі, глыбіню. Зусім непатрэбная, шкодная акалічнасць.
Ну а калі на гэтай дыстанцыі не спатыкнуліся, то літаральна праз дзясятак метраў ”зачэпіцеся” вачамі за зараснікі пустазелля ля будынка па вул. 17 Верасня, 7. Сённяшнія гаспадары памяшкання павінны сачыць за парадкам на прылягаючай тэрыторыі, тым больш, што гэта тэрыторыя ўплывае на агульны выгляд плошчы Перамогі. Побач – загс, куды пад’язджаюць вясельныя картэжы. Побач – помнік героям, загінуўшым пры вызваленні райцэнтра. І абсурдным дысанансам – сціплыя кветкі заглушаны ”пародзістым” малачаем…
Дзікімі травамі зарос двор аднаго з кааператываў у мікрараёне вуліцы Інтэрнацыянальнай. Пагаворваюць, што вельмі вальготна адчуваюць сябе ў гэтай флоры кляшчы. Магчыма, гэта чуткі, але кляшчоў сёлета сапраўды шмат, і яны надзвычай ”паважаюць” такія вось джунглі… Жыхарам дома варта паклапаціцца і пра парадак у двары, і пра супрацькляшчовую бяспеку.
Вольга СВЯТЛОВА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Такі партрэт, такі пейзаж па адрасе вул. 17 Верасня, 7...

Не хадзіце, дзеці, у зараснікі гуляць (вул. Інтэрнацыягальная, 31)

Паміж вуліцамі Леніна і 17 Верасня тратуар з небяспечным рэльефам.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *