На ўсе пакаленні. Ляхавіччына адзначыла Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь /фота/

У мінулую нядзелю разам з усёй краінай Дзень Рэспублікі святкавалі і ляхавічане. Апоўдні гараджане і госці райцэнтра сабраліся на плошчы Перамогі. Але для вельмі многіх землякоў урачыстасці пачаліся яшчэ раней: падчас прагляду прамой тэлетрансляцыі святочнага парада войскаў Мінскага гарнізона і тэатралізаванага прадстаўлення  ля стэлы “Мінск – горад-герой”. Без перабольшвання, ва ўсіх кутках Беларусі і нават за яе межамі ў гэтыя мінуты адчувалі захапленне, гонар, натхненне і адзінства.
У нашым райцэнтры склалася вельмі даўняя і прыгожая традыцыя з глыбокім сэнсам – пачынаць усе важныя мерапрыемствы з ушанавання памяці герояў Вялікай Айчыннай. Да помніка воінам-вызваліцелям ляглі гірлянды і вянкі ад кіраўніцтва раёна, ветэранаў, сённяшніх абаронцаў Айчыны. І дзіўны кантраст, які зусім не гучаў дысанансам,– кветкі ад мясцовага аб’яднання байкераў, якія ў знак пашаны праехалі на сваіх сталёвых конях вакол плошчы Перамогі і прыпыніліся, каб разам з усімі аддаць даніну павагі памяці загінуўшых. Хвіліна маўчання – і над урачыста расквечаным горадам загучалі віншаванні.

Да землякоў звярнуліся старшыня райвыканкама Вячаслаў Сельмановіч і Герой Сацыялістычнай Працы Генрых Траццяк. Кіраўнік раёна выканаў яшчэ адну прыемную і ўжо таксама традыцыйную для гэтага свята місію – уручыў пасведчанні аб занясенні на Галерэю славы Ляхавіцкага раёна лепшых арганізацый і работнікаў. Надзвычай ганарова і да многага абавязвае тое, што сёлета сярод лепшых адзначаны і калектыў “ЛВ”. Дыпломы лаўрэатам спецыяльнай прэміі райвыканкама “Чалавек года” ўручыў старшыня раённага Савета дэпутатаў Яўгеній Юрлевіч.

Святочным падарункам для ляхавічан стаў захапляльны пляц-канцэрт духавога аркестра вайсковай часці 7404 унутраных войскаў (г.Баранавічы). Танцуючыя музыканты сарвалі самыя шчырыя апладысменты гледачоў.

І няхай у мясцовай версіі ваеннага парада не было сталічнага маштабу, марш ад гэтага не стаў менш урачыстым: каробкі вайскоўцаў дастойна чаканілі крок пад захопленымі поглядамі дзяцей і дарослых.

Дарэчы, да ваеннай тэмы ў гэтую нядзелю вярталіся яшчэ не аднойчы. Адной з самых шчымлівых падзей дня стала адкрыццё памятнага знака воінам-інтэрнацыяналістам на перакрыжаванні вуліц Леніна і Юбілейнай. На пастаменце – баявая машына дэсанта БМД-1, што даўно “на заслужаным адпачынку”. Сціплы надпіс “Урок мужнасці ад воінаў-інтэрнацыяналістаў: памятаць вечна”. Кіраўнік дэпутацкага корпуса раёна Яўгеній Юрлевіч нагадаў: 77 ураджэнцаў Ляхавіччыны ў свой час выконвалі інтэрнацыянальны абавязак у гарачых кропках, 76 з іх – у Афганістане. Жывымі дадому вярнуліся, на жаль, не ўсе… А многія з тых, каму пашанцавала, палічылі за святы абавязак прысутнічаць на адкрыцці знака: ускласці кветкі, схіліць галовы, памаўчаць пра агульнае сваё.

Старшыня раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане” Генадзій Лойка быў нешматслоўны: ад імя воінаў-інтэрнацыяналістаў падзякаваў за дапамогу ва ўзвядзенні помніка, уручыў падзячныя пісьмы аб’яднання тым, хто ўнёс у гэту справу самы важкі ўклад. Адным з ганаровых гасцей цырымоніі стаў благачынны цэркваў Ляхавіцкай акругі протаіерэй Георгій Жытко (ён, дарэчы, сёлета сярод тых, хто быў названы “Чалавекам года”), які блаславіў і асвяціў знак.

Па задумцы арганізатараў свята месцам масавага адпачынку ляхавічан павінен быў стаць стадыён    “Колас”. На працягу некалькіх гадзін так і было: тут працавалі выставы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, ветлівыя і шчодрыя гаспадыні з устаноў культуры запрашалі пачаставацца стравамі нацыянальнай кухні, не пуставалі павільёны райпо з традыцыйным наборам вада-ласункі-шашлык. Гатоўнасць да ліквідацыі любых надзвычайных сітуацый дэманстраваў райаддзел па надзвычайных сітуацыях на выставе-прэзентацыі сваёй тэхнікі і абсталявання. Школьнікі з натхненнем малявалі на асфальце любімую Беларусь, буслоў, сонейка і кветкі.

А вось далей карэктывы ў святкаванне ўнеслі капрызы надвор’я. Першымі іх адчулі на сабе ўдзельнікі сямейнага конкурсу «Парад дзіцячых калясак”. Але нават блізкі подых непагадзі не сапсаваў настрой сямі сем’ям, якія ад душы рыхтаваліся да параду: пераабсталявалі дзіцячыя каляскі ў танк, машыну хуткай дапамогі, домік Дзюймовачкі і іншыя казачныя транспартныя сродкі. Нават у значна скарочаным па часе варыянце гэта было весела і відовішчна.

Канцэрты Заслужанай артысткі Беларусі Іны Афанасьевай, баранавіцкіх “Міран” і лепшых калектываў мастацкай самадзейнасці раёна пад акампанемент дажджу і пры вялікім глядацкім інтарэсе праходзілі ўжо ў ГДК. Тут жа нашы землякі разам з усёй краінай спявалі  гімн Беларусі. А пасля – ад душы танцавалі. Святочная праграма завяршылася далёка за поўнач.

Святлана БЕЛЬМАЧ.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *