Заўсёды ў цэнтры клопатаў і ўвагі

Нераўнадушныя людзі медыкі, тым больш калі справа датычыць іх прафесіі, развіцця аховы здароўя, вырашэння праблем, што ўзнікаюць на гэтым шляху. Таму і было пра што пагаварыць супрацоўнікам райбальніцы з намеснікам старшыні Брэсцкага абласнога выканаўчага камітэта дэлегатам пятага Усебеларускага народнага сходу Леанідам Цупрыкам, які ў мінулы чацвер пабываў у Ляхавіцкай ЦРБ.

Леанід Аляксандравіч  тут госць даволі часты: ён курыруе  сацыяльную сферу Брэстчыны, у тым ліку – ахову здароўя. Дзякуючы дзяржаўнай падтрымцы і дапамозе, ажыццёўлены многія праекты і ў ляхавіцкай раённай медыцыне (капітальны рамонт і мадэрнізацыя аддзялення інтэнсіўнай тэрапіі і рэанімацыі, аперацыйных блокаў хірургічнага аддзялення, паліклінікі і г.д.). Вось і на гэты раз намеснік старшыні аблвыканкама пацікавіўся работай паліклінікі, харчовага блоку, іншых падраздзяленняў бальніцы. Асаблівая ўвага – падрыхтоўцы памяшкання да ўстаноўкі новага флюараграфічнага абсталявання, на што патрабуюцца значныя сродкі. Без важкай дзяржаўнай падтрымкі тут не абысціся, на чым засяродзіў увагу галоўны ўрач Георгій Хлябовіч.

У час сустрэчы з калектывам райбальніцы Леанід Цупрык гаварыў пра перспектывы, у тым ліку медыцыны, зыходзячы з праграмы развіцця краіны на бліжэйшую пяцігодку, якая зацверджана на пятым Усебеларускім народным сходзе. У ахове здароўя Брэстчыны будзе ўдасканальвацца шматузроўневая медыцынская дапамога (раённая, міжраённая, абласная), далейшае ўкараненне і распаўсюджванне атрымаюць высокія тэхналогіі. Леанід Аляксандравіч падкрэсліў значныя дасягненні медыцыны Брэстчыны, яе забяспечанасць сучасным абсталяваннем і высокапрафесіянальнымі кадрамі. І няхай прэрагатыва самых складаных умяшальніцтваў (такіх, як аперацыі на адкрытым сэрцы, перасадка органаў і інш.) не раённага ўзроўню, аднак і тут паспяхова ўкараняюцца ў практыку высокатэхналагічныя метады дыягностыкі і лячэння. Прыклад Ляхавіцкай ЦРБ гэта пацвярджае.
Загадчык тэрапеўтычнага аддзялення райбальніцы Міхаіл Буйкевіч выказаў занепакоенасць змяншэннем насельніцтва ў нашым раёне, а таксама перспектывай стварэння тут новых рабочых месцаў. Леанід Цупрык заўважыў, што ўвогуле на Брэстчыне дасягнуты дэмаграфічны плюс. Такая дынаміка радуе і абнадзейвае. У Ляхавіцкім раёне трэба развіваць і сацыяльную сферу, і вытворчасць, зрабіць цікавыя прапановы для інвестараў, актывізаваць сферу паслуг і турызму.  А рабочыя месцы ствараць не толькі на дзяржаўных прадпрыемствах, але і з удзелам прадпрымальнікаў. На карысць справе можна скарыстаць геаграфічнае становішча райцэнтра, па суседстве з якім знаходзіцца шматнаселены горад Баранавічы. Увогуле, на Брэстчыне сёлета плануецца стварыць     5 000 новых рабочых месцаў, і ў гэтай лічбе будзе пэўная доля ляхавіцкіх, падкрэсліў Леанід Цупрык.
У ходзе сустрэчы закраналіся і пытанні парламенцкіх выбараў.
Вольга БАРАДЗІНА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *