Пра прамысловую кааперацыю – без авацый

Нягледзячы на сельскагаспадарчы статус, эканоміку раёна ў вельмі значнай ступені фарміруюць прамысловыя прадпрыемствы. Першачаргова важным падаецца і тое, што сур’ёзны сегмент прампрадпрыемстваў Ляхавіччыны “завязаны” на сельскую гаспадарку – з’яўляецца перапрацоўшчыкам прадукцыі палёў і фермаў, іншай мясцовай сыравіны.

Такая форма супрацоўніцтва найбольш прымальная, уяўляе дадатковую выгаду для кожнага са звенняў вытворчага ланцуга. На трансфармацыю мясцовай сыравіны ў тавар, цікавы для – у аснове сваёй – мясцовага насельніцтва, скіравана і работа філіяла “Кааппрам” Ляхавіцкага раённага спажывецкага таварыства. “Хлебам” прадпрыемства з’яўляюцца хлеб, хлеба-булачныя вырабы, мясныя паўфабрыкаты. Жыхары нашага і не толькі  раёна атрымалі магчымасць пакаштаваць хлебны квас вырабу кааппрама. Больш года, як прадпрыемства на новы лад рэанімавала ранейшую вытворчасць. “Адмылі”, умоўна кажучы, старыя бочкі і цяпер іх з адмысловым надпісам на баку можна было бачыць і ў суседнім горадзе. Кажуць, у гарачыню напітак карыстаўся пэўным поспехам. Сказаць тое ж пра кааппрам у цэлым – азначае праявіць няшчырасць.
Так, канкурыраваць на роўных   з вузка спецыя-лізаванымі заводамі-аўтаматамі няпроста. Старое, калі не сказаць рарытэтнае, абсталяванне, абмежаванасць у абаротных сродках, асартыменце вырабу і вытворчых аб’ёмах ставяць кааператыўны мясцпрам у больш складанае становішча – аб’ектыўна. Аб’ектыўна, аднак, і тое, што нямала ў краіне і канкурэнтных аднатыпных вытворчасцяў. У розных па-рознаму, але кожнаму з іх характэрна нейкая ці ў нечым самабытнасць. Знайсці яе ў “глыбінях” Ляхавіцкага каапрама няпроста. Хутчэй, наадварот: да такога меркавання падштурхоўвае і той факт, што за апошнія некалькі месяцаў філіял не першы раз становіцца зонай асаблівай увагі раённых улад. Крыху больш за тыдзень назад рабочая група пад кіраўніцтвам старшыні райвыканкама Вячаслава Сельмановіча “праманіторыла” кааппрам на прадмет дынамікі ў добраўпарадкаванні тэрыторыі, захавання санітарных і ветэрынарных нормаў і правіл, правіл пажарнай бяспекі, забеспячэння здаровых умоў працы, адпаведнасці вырабляемай прадукцыі ўсім нормам і патрабаванням стандартаў. Складзены па выніках рэйду пратакол бескампрамісны: “У ходзе абследавання высветлена, што Ляхавіцкае райпо не прыняло належных мер па выпраўленні парушэнняў, якія былі выяўлены ў ходзе папярэдняга маніторынгу. Работы па навядзенні і падтрыманні належнага элементарнага парадку праведзены не ў поўнай ступені”. У “расшыфроўцы” звяртаецца ўвага на нездавальняючы санітарна-тэхнічны стан асобных вытворчых памяшканняў і будынкаў у цэлым, нядобраўпарадкаванасць тэрыторый. Цвіль, пыл, адсутнасць асфальтавага пакрыцця ў месцах, дзе яно быць павінна. І наадварот: пясок і гравій там, дзе знаходжанне падобнага забараняецца. І іншае.
Райпо дадзены рэкамендацыі, пастаўлены канкрэтныя задачы і тэрміны іх выканання. За дынамікай і якасцю работ будуць сачыць адпаведныя службы.
Старшыня райвыканкама адзначыў, што за апошні час на прадпрыемстве зроблена нямала. Але зрабіць належыць яшчэ і яшчэ больш.

Іван КАВАЛЕНКА.

Фота аўтара.


Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *