“Быт” і жыццё

Слоўнікі тлумачаць “быт” як штодзённае жыццё чалавека. У праваахоўных органах гэтаму слову надалі яшчэ адно значэнне:

“Бытам” названы спецыяльны комплекс прафілактычных мерапрыемстваў для ўзмацнення кантролю за асобамі, што ўчыняюць правапарушэнні ў сферы сямейна-бытавых адносін. За 8 месяцаў узбуджана 12 крымінальных спраў прэвентыўнай накіраванасці.

На жаль, бывае, што ўнутры сям’і разгортваюцца нежартоўныя страсці, якія маюць сумны вынік. Пару месяцаў назад у райцэнтры жонка падчас сваркі нанесла мужу ўдар кухонным нажом. У дачыненні яе ўзбуджана крымінальная справа за наўмыснае нанясенне цяжкіх цялесных пашкоджанняў.

Сёлета кожнае трэцяе злачынства ў раёне было ўчынена ў стане алкагольнага ап’янення. Са студзеня па жнівень участковыя інспектары РАУС склалі 833 адміністрацыйныя пратаколы за распіццё спіртных напіткаў ці з’яўленне ў нецвярозым стане ў грамадскіх месцах (у верасні – ужо 38), спынілі 65 фактаў незаконнай рэалізацыі алкагольнай прадукцыі, канфіскавалі 1850 літраў самагону, брагі і спіртаўтрымліваючай вадкасці, знішчылі 6 самагонных апаратаў. 23 хранічныя алкаголікі асуджаны ў лячэбна-працоўныя прафілакторыі, 17 – ізаляваны.

Міліцыянеры пастаянна нагадваюць грамадзянам пра адміністрацыйную і крыміналь-ную адказнасць за парушэнне заканадаўства. Так, выраб і набыццё моцных алкагольных напіткаў, паўфабрыкатаў для іх вырабу, а таксама захоўванне самагонных апаратаў цягнуць за сабой папярэджанне ці накладанне штрафу ў памеры да 5 базавых велічынь з канфіскацыяй згаданых напіткаў, паўфабрыкатаў і апаратаў. Паўторнае падобнае правапарушэнне цягне штраф ад 5 да 30 БВ.

Каб папярэдзіць гібель людзей ад выпадковага атручвання алкаголем, міліцыя звяртаецца з просьбай да ўсіх, хто ведае пра факты незаконнага абароту, вытворчасці, захоўвання або рэалізацыі алкагольнай прадукцыі, спіртаўтрымліваючай вадкасці, тытунёвых вырабаў, паведаміць у РАУС. Канфідэнцыяльнасць гарантуецца.

Аляксандр ЧУРЫЛАЎ, старшы інспектар прафілактыкі РАУС.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *