У школу на работу. Прафесійнае свята адзначаюць работнікі адукацыі

Дырэктар Тухавіцкай СШ Алена Пятліцкая (справа), намеснік дырэктара Людміла Дыдышка, настаўніца гісторыі Святлана Зубік.

Двор Тухавіцкай СШ гэтай восеньскай парой нібы сабраў усю палітру фарбаў. Здаецца, што і ён радасна віншуе тутэйшых педагогаў з Днём настаўніка.

На плошчы амаль у 4 гектары –  прадуманы парадак, нічога лішняга, утульна і хораша. Нездарма па выніках мінулага навучальнага года менавіта Тухавіцкая СШ прызнана лепшай сярод устаноў адукацыі раёна па добраўпарадкаванні тэрыторыі і энергазберажэнні.

Тут умеюць адчуваць прыгожае і вучаць дзяцей бачыць цудоўнае ў звычайным. На працягу амаль васьмі дзесяцігоддзяў школа ў Тухавічах жыве сваім жыццём, цікавым і змястоўным, насычаным падзеямі і адкрыццямі.

Залівісты званок запрашае на ўрок. Нягучны стук абцасаў, адчыняюцца дзверы, і цішыню светлага пакоя, дзе гаспадараць першакласнікі, парушае спакойны і ветлівы голас: “Добрай раніцы, рабяты!”. Ужо больш за 30 гадоў так пачынае ўрок настаўніца пачатковых класаў выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь Ірына Банецкая.

– Ірына Адамаўна – неардынарны чалавек, цудоўны педагог. А як яе любяць дзеці! Яна да кожнага знойдзе падыход, і кожнаму на яе ўроках цікава. І не толькі на ўроках. Нядаўна, напрыклад, яна правяла “Пяцімінутку для эрудытаў”, – расказвае пра калегу дырэктар СШ Алена Пятліцкая.

Колішняя выпускніца школы Святлана Зубік улюбёная ў свой прадмет – гісторыю. І гэтым захапленнем з задавальненнем дзеліцца з вучнямі, адпраўляецца з імі на ўроках у запамінальнае падарожжа па эпохах і краінах. А яшчэ мае выдатныя арганізатарскія здольнасці, танцуе, спявае, дзеці да яе вельмі цягнуцца. А яна паспяхова сумяшчае абавязкі гісторыка і педагога-арганізатара.

Эстафету ў таленавітай настаўніцы, выдатніка адукацыі Рэспублікі Беларусь, лаўрэата раённага конкурсу “Чалавек года-2011” Тамары Васько пераняла настаўніца геаграфіі Людміла Русакевіч. А Тамара Эдуардаўна, як і іншыя педагогі, якія цяпер на заслужаным адпачынку, заўсёды жаданая госця, каштоўны дарадчык, лепшы сябар роднай школе.

Больш за 40 гадоў педагагічны стаж настаўніцы біялогіі Ліліі Вашчула. А здольнасць настаўніцы хіміі Валянціны Новік знаходзіць агульную мову з вучнямі і калегамі па-добраму ўражвае.

– Карткі з заданнямі, табліцы, калекцыі дыяфільмаў, прайгравальнікі… Здаецца, гэта было нядаўна. Цяпер камп’ютары, інтэрактыўныя дошкі… Дзяржава не шкадуе грошай на развіццё адукацыі, – гаворыць настаўніца матэматыкі, у мінулым дырэктар школы Ніна Чаранкевіч. Дарэчы, Ніна Афанасьеўна яшчэ і лірык, аўтар слоў школьнага гімна (музыку напісаў выкладчык Тухавіцкай музычнай школы Іван Банецкі).

Да вопытных філолагаў Таісы Хоміч і Алены Пятліцкай з мінулага года далучылася нядаўняя выпускніца Крывошынскай СШ, а цяпер настаўніца беларускай і рускай моваў і літаратуры Алена Саган. Сейбітам разумнага, добрага, вечнага стала і былая выпускніца Тухавіцкай СШ, якая цяпер выкладае матэматыку, Марына Папчэня. Сёлета ў школу прыйшла працаваць настаўніца пачатковых класаў Наталля Шаўчук.

Маладыя кадры арганічна ўліваюцца ў калектыў аднадумцаў. Вопытныя педагогі з гатоўнасцю дзеляцца з імі сваімі напрацоўкамі, ведамі, падтрымліваюць, над кожным навічком шэфствуе старэйшы калега.

На асаблівым месцы ў настаўнікаў і рабят – спорт і здаровы лад жыцця. Нават на эмблеме школы адлюстраванне: перад разгорнутым падручнікам –  спартсмены. У тухавіцкай педагагічнай сям’і ( сёння гэта 23 настаўнікі) самыя спартыўныя – настаўнікі фізкультуры муж і жонка Віктар (выдатнік адукацыі БССР) і Жанна Зенчанкі. У многім дзякуючы менавіта ім у школе –  адзінай у раёне – ёсць дзве трэніровачна-трэнажорныя залы. Сярод былых вучняў – і заслужаныя майстры спорту Беларусі па армрэслінгу, гандболе, лёгкай атлетыцы.

Не толькі на святы, юбілеі, сустрэчы аднакласнікаў спяшаюцца ў родную школу яе шматлікія выпускнікі. Прыходзяць, прыязджаюць і ў будні, каб пагаварыць са сваімі любімымі настаўнікамі, параіцца і проста пабыць побач з людзьмі, якія не толькі вучылі, але і выхоўвалі. Нездарма ў гімне Тухавіцкай школы ёсць такія словы: ”Яе домам другім называем – нашу школу, дзе ўсе мы – сям’я”.

І ў яе малодшага брата – мясцовага дзіцячага садка па-дамашняму ўтульна. У дзвюх рознаўзроставых групах створаны выдатныя ўмовы для дашкалят. Натхнення, энтузіязму тутэйшых выхавальнікаў і іх памочнікаў пад кіраўніцтвам загадчыцы Зінаіды Гунько хопіць не на адно пакаленне вясковых хлопчыкаў і дзяўчынак.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Побач са сваімі першаклашкамі іх настаўніца Ірына Банецкая.

І фізіка захапляльная, калі побач настаўніца Людміла Ляпёха.

З клопатам і пяшчотай ставяцца да сваіх выхаванцаў супрацоўнікі Тухавіцкага дзіцячага сада.

З узнагародай!

За шматгадовую добрасумленную працу ў сферы прафесійнай адукацыі, вялікі асабісты ўклад у падрыхтоўку высокакваліфікаваных кадраў для аграпрамысловага комплексу і ў сувязі з прафесійным святам – Днём настаўніка – узнагароджаны шэраг выкладчыкаў Ляхавіцкага дзяржаўнага аграрнага каледжа: Граматай райвыканкама – выкладчык агранамічных дысцыплін Таццяна ПРЫХАЧ; Ганаровай граматай раённага Савета дэпутатаў – выкладчык інфарматыкі і інфармацыйных тэхналогій Ларыса МАЦЕЙЧЫК; падзячным пісьмом райвыканкама – выкладчык ветэрынарных дысцыплін Пётр СКУРАТ;  падзячным пісьмом раённага Савета дэпутатаў – выкладчык англійскай мовы Наталля КОПАЧ.
Граматай райвыканкама за шматгадовую добрасумленную працу ў сістэме адукацыі, высокі ўзровень кіраўніцкай дзейнасці, актыўны ўдзел у грамадскім жыцці раёна і ў сувязі з прафесійным святам – Днём настаўніка – узнагароджана загадчыца Начаўскага дзіцячага сада Алена ВАЛАХ.
Падзячным пісьмом райвыканкама за шматгадовую добрасумленную працу ў сістэме адукацыі, мэтанакіраваную работу па павышэнні якасці адукацыйнага працэсу і развіцці творчых здольнасцяў вучняў, актыўны ўдзел у грамадскім жыцці раёна і ў сувязі з прафесійным святам – Днём настаўніка – адзначана намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце ДУА «Начаўская сярэдняя школа» Дзіна ЯНУШКЕВІЧ.
Падзячныя пісьмы раённага Савета дэпутатаў за шматгадовую добрасумленную працу ў сістэме адукацыі, адказныя адносіны да работы, высокую працоўную дысцыпліну і актыўны ўдзел у грамадскім жыцці ўручана  галоўным спецыялістам аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Іне ЗУБІК і Таццяне ЗУБІК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *