Ручная праца – гэта заўсёды эксклюзіў

Работы мясцовай майстрыхі Алены Івановай захапляюць сваёй вытанчанасцю.

Майстроў самых розных рамёстваў сабраў пад сваім дахам міжнародны дом мастацтваў, які размясціўся ў неверагодна маляўнічым, спакойным, утульным мястэчку – вёсцы Куршынавічы. У рамках праектаў “Зямля сілы. Беларусь” і “Арт-Адраджэнне” сюды з’ехаліся таленавітыя і апантаныя сваёй справай людзі з розных куткоў нашай краіны. Прадставілі свае работы майстры і з іншых краін.

Прыемна адзначыць увагу да выставы жыхароў вёскі Куршынавічы. Паляўнічыя трафеі, напрыклад, прадэманстраваў Аляксандр Грэбень. Ёсць у вёсцы і творчая сямейная дынастыя. Алена Іванова сёння не ўяўляе сваё жыццё без рукадзелля:

– Мама навучыла вязаць і вышываць, аднак гэтага аказалася мала. Хацелася нешта асвоіць яшчэ. Старэйшая дачка, таксама Алена, захапілася пляценнем кошыкаў з паперы. Паспрабавала і я – атрымалася. Малодшая дачка Наталля таксама чалавек творчы: займаецца роспісам па дрэве, карціны піша алеем і акварэллю.

Да слова, сям’я Івановых заняла трэцяе месца ў намінацыі “Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва”.

Цікавую калекцыю работ прадставіў майстар па мастацкай апрацоўцы дрэва Генрых Саленік з Астраўца. Чаго толькі тут не знойдзешь: посуд, скульптуры, хлебніцы, прадметы хатняга інтэр’ера – здаецца, любое дрэва паддаецца яго рукам. І ў кожнай рэчы свой асаблівы ўзор, які ўражвае з аднаго боку прастатой, з другога –  непаўторнасцю і ўнікальнасцю. Нездарма аўтар падкрэсліў: ручная праца – гэта заўсёды эксклюзіў, гэта тое, што ідзе ад душы, ад сэрца.

Не першы раз прымаюць удзел у выставе Валянціна Пазднякова і выхаванцы гуртка “Добры настрой” з СШ № 3 г. Мінска. Цудоўныя вырабы з саломкі, неверагодная калекцыя птушак зачароўваюць лёгкасцю, вытанчанасцю і пяшчотай. А складаная тэхніка саломапляцення надае вырабам незвычайны выгляд. Новы год не за гарамі, і Валянціна прапанавала свой варыянт упрыгожвання навагодняй ёлкі ў нацыянальным стылі. Атрымалася сапраўды крэатыўна, таму многім гэтая ідэя прыйшлася даспадобы.

Даслалі на конкурс работы дзеці з рускага культурнага цэнтра горада Актабэ   Рэспублікі Казахстан. Яны прапанавалі ўласнае бачанне традыцыйных рускіх і беларускіх абрадавых лялек. Дываны ручнога ткацтва, арыгамі, плецены з паперы сервіз і неверагоднай прыгажосці падушку, выкананую ў стылі ласкутнага шыцця, прадставілі выхаванцы цэнтра тэхнічнай творчасці горада Баку (Азербайджан).

Рознапланавымі работамі парадавала Ірына Цітаўцова з аграгарадка Свяцілавічы Магілёўскай вобласці. Немагчыма адрозніць яе вышыўку свабоднымі шыўкамі, якая імітуе графіку, ад рэальных карцін. Цяпер яна працуе над новым вышывальным   сюжэтам – архітэктурнымі краявідамі Беларусі Напалеона Орды. Пераносіць іх на тканіну і нібы адраджае месцы, якіх даўно ўжо няма. Акрамя гэтага Ірына прадставіла серыю лялек –   так званых жаночых абярэгаў.

Фатаграфія – гэта адзін з самых складаных відаў мастацтва. Лёгка зрабіць кадр, але складаней напоўніць яго сэнсам, прачуць момант загадзя і перанесці гледача ў атмасферу здымка. Работы Івана Дзятловіча з Астраўца цікавыя ракурсам, пад якім ён глядзіць на звычайныя рэчы. Яго фатаграфіі – зачаравальная гульня са святлом і ценем, героі заўсёды сапраўдныя і шчырыя людзі, а сюжэты – моманты з жыцця, на якія мы часам не звяртаем увагі.

– Мае работы – гэта тое, як я бачу свет, – расказвае фатограф і раіць. – Калі хочаце адкрыць для дзіцяці іншы, зусім новы свет, падарыце яму фотаапарат.

Акрамя гэтага прадэманстраваць свой вакальны талент сюды з’ехаліся выканаўцы і калектывы з Салігорска і Ганцавіч. Гран-пры ў намінацыі “Народны вакал” атрымалі ўзорны ансамбль народнай песні “Васілінка”, а таксама Паліна Хурсан, якія прыехалі з Салігорска. У намінацыі “Эстрадны вакал” перамог Ягор Муха з Ганцавіч.

Маргарыта КУХТА,

студэнтка Інстытута журналістыкі БДУ.

Фота аўтара.

Дырэктар дома мастацтваў Валерый Ясевіч прэзентуе калекцыю саламяных птушак Валянціны Паздняковай

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *