У зямлю не пакладзеш – з зямлі не возмеш. Палявыя работы ў сельскагаспадарчых арганізацыях Ляхавіцкага раёна працягваюцца

Пасля адноснага зімовага зацішша ўжо з першымі веснавымі днямі і цёплымі промнямі работ у аграрыяў становіцца ўсё больш і больш.
Яшчэ нядаўнюю бадзёрасць і стартавую цеплыню вясна на працягу апошняга тыдня некалькі запаволіла. Начныя тэмпературы «скокнулі» ў мінус, дзённае цяпло засталося, аднак з карэкцыяй на халодную парывістасць дастаткова моцнага ветру. Здаецца, для прыёму насення тутэйшая глеба яшчэ не паспела, але палявыя работы ў сельскагаспадарчых арганізацыях раёна працягваюцца.
Аграрыі кормяць азімыя палеткі, праводзяць веснавыя ворыўныя работы, уносяць мінеральныя ўдабрэнні і арганіку пад будучыя яравыя пасевы, асобныя з іх паспелі ўжо адзначыцца на падсеве шматгадовых траў, перазалужэнні пашавых угоддзяў.
Так, па стане на панядзелак, працаўнікі сельгаспрадпрыемстваў раёна ўзаралі прыкладна паўтары тысячы веснавых палёў. Найбольшы тэмп і актыўнасць у гэтай справе, згодна са статыстыкай упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама, паказвае ААТ «Жарабковічы».
За вясну ў гаспадарцы ўжо з’явілася амаль 700 новаўзараных гектараў, з іх 90 – за мінулую нядзелю.
Не сядзелі ў выхадны дзень без справы і занятыя на ворыве механізатары СУП «Белазем’е», ААТ «Нача», ЗАТ «Белпрампрыбор». А ўсяго за 10 сакавіка ў раёне было ўзарана больш як 160 гектараў веснавога поля.
Але ж не адным толькі плугам «працуюць» аграрыі ў гэтыя сакавіцкія дні. У раскладзе веснавога дня асобных з іх значыцца падсеў шматгадовых траў і перазалужэнне лугавых угоддзяў і іх падкормка калійнай соллю, унясенне мінеральных удабрэнняў у азімыя збожжавыя і рапсавыя палі, унясенне тукаў і арганікі пад будучыя яравыя палеткі. Ураджай пачынаецца іменна з гэтага: каб з зямлі нешта ўзяць – неабходна нямала што ў яе пакласці. І ўкласці.

Іван КАВАЛЕНКА.