А ў нашым двары –… возера. Чарговы рэйд па добраўпарадкаванні адбыўся напрыканцы мінулага тыдня

Колькі захопленных водгукаў гучала і прадаўжае гучаць ад землякоў і гасцей горада, якія адзначаюць, наколькі папрыгажэў наш райцэнтр за апошні час, рыхтуючыся да Дня Незалежнасці Беларусі і 530-годдзя Ляхавічаў. І такая адзнака, згадзіцеся, прыемная не толькі тым, хто стварае ўтульнасць, але і тутэйшым жыхарам.

Аднак, па-ранейшаму, на жаль, нямала месцаў, дзе неабходна не толькі навесці парадак, але і падтрымліваць яго, а некаторым
арганізацыям неадкладна правесці работу над памылкамі на аб’ектах, дзе засталіся недапрацоўкі. Гэта пацвердзіў чарговы сумесны рэйд «ЛВ» і аддзела архітэктуры, будаўніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама. Пад увагу на гэты раз трапіла шматкватэрная забудова райцэнтра.
На кантролі ў райвыканкаме знаходзіцца зварот ляхавічаніна, які напачатку сёлетняга мая паскардзіўся на стан дарожнага пакрыцця прыдамавой тэрыторыі паміж дамамі № 37 (фота № 1) і № 39 па вуліцы Леніна з-за няякасна выкананых КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ» рамонтных работ, звязаных з ліквідацыяй парываў цеплатрасы. Убачаная карціна наступная: частка асфальтавага пакрыцця разбурана, замест яго пасля дажджу ўтвараецца азярцо, ды і астатняй частцы неабходны рамонт…
У пясочніцы адсутнічае пясок, няма лавачак, тэрыторыя не прыбрана. Непадалёку ў двары дамоў № 6, № 6А, № 8 па вуліцы Южакова (фота № 2) трава вырасла ў рост чалавека.
– Дарэчы, на тое, што камунгас дрэнна спраўляецца са сваім
непасрэдным абавязкам – скошваннем травы ў дварах шматкватэрнікаў – неаднойчы скардзіліся ляхавічане, – адзначае
начальнік аддзела архітэктуры, будаўніцтва і ЖКГ райвыканкама Марына Завадская.
Дваровая тэрыторыя засмечана, дзіцячая пляцоўка, як і лаўкі-столікі, абшарпаныя, непафарбаваныя, паламаныя – усё яўна патрабуе рамонту. А матрас, які нехта выкінуў перад самай дзіцячай горкай, і ўвогуле ўтварае небяспеку. Так, усё вышэйпералічанае –
зона адказнасці камунгаса, але і тутэйшым жыльцам варта паклапаціцца пра парадак у агульным двары, праявіць ініцыятыву і, аб’яднаўшы намаганні, добраўпарадкаваць гэта месца.
Неаднойчы і на старонках «ЛВ» звярталася ўвага на антысанітарыю і бардак на кантэйнерных пляцоўках новых шматкватэрнікаў у райцэнтры – дамоў № 21А і 21Б па вуліцы Чкалава. Марына Завадская расказала, што падчас маніторынгу 11 ліпеня пляцоўкі зноў былі завалены смеццем. Але за некалькі дзён Ляхавіцкая ЖКГ сітуацыю выправіла: на кантэйнерных пляцоўках па стане на 15 ліпеня – чысціня. А вось неабсяжныя рамонкавыя палі па ўсім перыметры, а таксама пустазелле, што местамі амаль дастае да вокнаў першага паверха, пацвярджае: касілка тут вельмі-вельмі даўно не хадзіла. Зноў чарговы мінус камунгасу. І, калі на выпраўленне такога праліку шмат часу не спатрэбіцца, то праблема, якая ўтварылася ў двары дома № 21Б (фота № 3), можа мець трагічныя наступствы. Міні-возера запоўнена бруднай вадой. На дне – цэгла, дошкі, вакол раскідана смецце – да бяды адзін крок.
– Памылка дапушчана пры праектаванні аб’екта і правядзенні работ. Прычым, ужо неаднойчы ўказвалася на гэту праблему. Будзем трымаць сітуацыю на кантролі, –  гаворыць Марына Завадская.
Напэўна, чытачы «ЛВ» заўважылі, падчас рэйдаў абавязкова ў поле зроку трапляе жылая шматкватэрная забудова па вуліцы Арлоўскага,
і заўжды там акрэсліваецца нямала адмоўных момантаў у плане навядзення парадку. Але падчас гэтага маніторынгу станоўчых прыкладаў было ў разы больш. Сапраўднымі гаспадарамі, кветкаводамі паказалі сябе жыльцы дома № 26 (фота № 4) – рознакаляровы кветкавы дыван раскінуўся на двары – залюбуешся. Ды і каля гаспадарчых пабудоў – чыста, ёсць нават міні-зоны для адпачынку. Марына Завадская прапанавала жыльцам падаць заяўку на ўдзел у традыцыйным раённым конкурсе па добраўпарадкаванні і навядзенні парадку. Уражвае і прыгожы кветнік у двары дома № 24. Трэба аддаць належнае і Ляхавіцкай ЖКГ: трава падкошваецца, у некаторых дварах заменены лаўкі, падрамантаваны дзіцячыя пляцоўкі. Аднак, без лыжкі дзёгацю не абышлося. У двары дома № 22 (фота № 5) утварылася цэлае возера – ні прайсці, ні праехаць. Прычым вада дабралася да прыступак пад’езда і размыла іх: і летам, і зімой можна атрымаць траўму. Зразумела занепакоенасць тутэйшых жыхароў, якія неаднойчы звярталіся ў камунгас са сваёй бядой, але пакуль безвынікова. Вырашэнне пытання будзе кантраляваць аддзел архітэктуры, будаўніцтва і ЖКГ райвыканкама.
Галіна КАНЬКО.
Фота аўтара.

1
2
3
4
5