Пасяўная стратэгія і тактыка. Кіраўнікі сельгасарганізацый Ляхавіччыны трымалі адказ , як прайшла падрыхтоўка да сельскагаспадарчай кампаніі

Дыктатура тэхналогій, стапрацэнтная гатоўнасць тэхнікі, захаванасць таварна-матэрыяльных каштоўнасцей – асноўныя пастулаты, якія назваў старшыня райвыканкама Мікалай Мароз для кожнага сельгаспрадпрыемства ў дачыненні веснавых палявых работ. Гатоўнасць да іх разглядалася на чарговым пасяджэнні райвыканкама. Асноўнае і абавязковае для выканання – уключыцца ў сяўбу-2024 неабходна не пазней за 16 сакавіка.

Намеснік начальніка райсельгасхарчу Наталля Грынкевіч агучыла планы на ўраджай 2024 года. У прыватнасці, Ляхавіцкаму раёну неабходна атрымаць раслінаводчай прадукцыі ў аб’ёме не ніжэй за 106 працэнтаў да ўзроўню 2023 года: 80 800 тон збожжа, 10 600 тон
алейнага насення рапсу,  83 000 тон цукровых буракоў, 3 000 тон ільновалакна,3 900 тон бульбы, 89 294 тоны кармавых адзінак травяных кармоў.
Што ўжо зроблена дзеля будучага ўраджаю? Унесены гербіцыды на плошчы 135 працэнтаў да ўзроўню 2023 года, праведзена ворыва глебы амаль на 114 працэнтах да мінулагодняга паказчыка. Пакуль толькі на 43 працэнты зроблена хімпраполка азімых зерневых культур. Па словах Наталлі Грынкевіч, усе прынятыя восенню меры
дазволяць значна знізіць нагрузку менавіта вясной, стан
азімых культур здавальняючы, масавай гібелі раслін не назіраецца. Было адзначана, што згодна з запланаваным вядуцца работы па павелічэнні аб’ёмаў нарыхтоўкі сенажу: планавая лічба – каля 128 000 тон. Для павышэння прадукцыйнасці шматгадовых траў, насычэння іх бабовым кампанентам трэба пасеяць люцэрны на плошчы не менш за 830 гектараў, усё неабходнае насенне ў памеры 14,4 тоны закуплена. Увогуле плошчы пасеву люцэрны за апошнія пяць гадоў у раёне павялічыліся ў пяць разоў.
У гаспадарках Ляхавіччыны маецца пад поўную патрэбу насенне збожжавых і зернебабовых культур, цукровых буракоў, ільну, бульбы. А вось насення кукурузы пакуль (па стане на 7.03.2024) толькі 58 працэнтаў ад неабходнага. Поўнасцю раён забяспечаны сродкамі абароны раслін. Зусім іншая сітуацыя па мінеральных удабрэннях: пакуль назапашана 54 працэнты да неабходнага. Нізкі ўзровень ва ўсіх сельгаспрадпрыемствах раёна, акрамя СВК «Ляхавіцкі», дзе зараз маецца 62 працэнты.
Наталля Грынкевіч нагадала, што з 1 лістапада мінулага года пачаўся рамонтны перыяд і падрыхтоўка сельгастэхнікі да палявых работ і нарыхтоўкі кармоў. Наколькі вынікова прайшлі работы, гавораць лічбы і факты. Па стане на 1 сакавіка гатовы да выхаду ў поле і на сенажаць 90,7 працэнта трактароў, 95,3 працэнта энерганасычаных трактароў, 100 працэнтаў камбінаваных глебаапрацоўчых агрэгатаў, бульбасаджалак, 93,8 працэнта машын для ўнясення цвёрдых мінеральных удабрэнняў, 96,3 працэнта плугоў, 97,8 працэнта культыватараў, 91,7 працэнта сеялак, 86,2 працэнта касілак трактарных, 90 працэнтаў прэс-падборшчыкаў для сена і саломы, 85,7 працэнта кормаўборачных камбайнаў. Зроблены расклад і па іншай тэхніцы.
З 7 па 28 лютага праведзены дзяржаўны тэхнічны агляд калёсных трактароў, самаходных машын, пагрузчыкаў і трактарных прычэпаў. Найбольш нізкі працэнт праходжання дзяржтэхагляду ў ААТ «Шлях новы» і «Нача». Разам з тым, у Першым рэгіёне стаіць задача да
10 сакавіка паставіць на лінейку гатоўнасці ўсю тэхніку для правядзення веснавых палявых работ.
Кіраўнікі ўсіх сельгасарганізацый Ляхавіччыны трымалі адказ пра тое, як прайшла падрыхтоўка да адказнай сельскагаспадарчай кампаніі, якія праблемы існуюць, і як яны вырашаюцца. Так, дырэктар ААТ «Шлях новы» Андрэй Коктыш расказаў, што ёсць некаторыя пытанні адносна запчастак да тэхнікі, у прыватнасці, сеялкі, але і тут знайшлі выхад: замест імпартных запчастак – айчынная альтэрнатыва. Што тычыцца насення, то зерне для сяўбы пратраўлена, заключаны дагаворы і пастаўляецца для сяўбы насенне, у тым ліку, элітнае. У стадыі вырашэння ў гаспадарцы і паліўная тэма – частка набываецца па пазыках і субсідыях.
Дырэктар ААТ «Нача» Сяргей Шушпаннікаў сярод асноўных праблемных момантаў, якія паўплывалі на адставанне ў падрыхтоўчых работах, назваў адсутнасць кадраў. І калі пытанні вакансій інжынераў удалося закрыць, то механізатараў яўны недабор. Зараз сельгаспрадпрыемства актыўна займаецца раскідваннем удабрэнняў, ідзе вываз арганікі на палі. А вось дапамогу з набыццём паліва для веснавых палявых работ Сяргей Шушпаннікаў лічыць нялішняй.
Кіраўнік раёна паставіў перад гаспадаркамі шэраг першачарговых задач. У прыватнасці, акрамя вышэйазначанага, увага павінна быць звернута на азімыя культуры: падкормку, хімічную абарону і барацьбу з хваробамі раслін. Акрамя таго, у прыярытэце – догляд шматгадовых траў.
Мікалай Мароз адзначыў, што суседзі Ляхавіцкага раёна актыўна ўключыліся ў палявыя работы. Зараз адна з першачарговых задач перад аграрыямі-землякамі – прытрымлівацца правільнай пасяўной тактыкі, своечасова і ў поўнай гатоўнасці працаваць у полі – араць, сеяць, апрацоўваць глебу, даглядаць пасевы, каб сабраць
дастойны ўраджай-2024.
Галіна КАНЬКО.