Чарговы раз у 4-ы клас. Як выконваецца рашэнне райвыканкама аб абмежаванні наведвання лясоў

Пырскі з нябёсаў, што надарыліся ў другой палове мінулага тыдня, на статус дажджу ніяк не цягнуць. З прычыны сваёй дробнасці, кароткачасовасці, надзвычайнай сціпласці. А калі ж ён быў апошні сапраўдны? Здаецца, на двары стаяла прыкладна сярэдзіна лета. З той пары не прайшло ні аднаго дожджыка. Практычна ў пыл вымушаны сеяць аграрыі, да 4 класа пажарнай небяспекі
“разагрэлася” сітуацыя ў  лясах.
Крайнім, нагадаем, з’яўляецца 5 клас небяспекі, пры якім на наведванне лесу ўводзіцца забарона. Абсалютная, калі прыпыняецца ў тым ліку  і вядзенне ў лясных угоддзях любых відаў работ. Тое, што мы маем зараз – 4 клас небяспекі, адрозніваецца некаторай лаяльнасцю. У лес? Калі ласка. Але па правілах, выкананне якіх у звычайнай сітуацыі абавязковым не з’яўляецца.
Незвычайнасць, але не надзвычайнасць цяперашняй сітуацыі ў тым, што, пачынаючы з 6 жніўня, у раёне дзейнічае абмежаванне на наведванне лясоў. Улічыўшы факт патэнцыяльнай небяспекі “зялёнаму сябру”, райвыканкам скарыстаўся сваім законным правам і прыняў адпаведнае рашэнне.
Правілы простыя і зразумелыя: пра вашы намеры наведацца ў лес абавязаны ведаць работнікі лясной аховы. Асабісты кантакт не абавязковы – тэлефоннага званка ў мясцовае лясніцтва бу-дзе дастаткова. Паслухаюць вас, паслухаеце і вы. У прыватнасці, кароткі інструктаж пра неабходнасць трымацца ў пэўных рамках лішнім не будзе. Напрыклад, развя-дзенне вогнішчаў і любыя іншыя маніпуляцыі з агнём знаходзяцца пад забаронай.
У такі перыяд узмацняецца ўся сістэма лесааховы. Развешваюцца інфармацыйныя плакаты, у закрытым выглядзе знахо-дзяцца шлагбаумы, усталяваныя ў пачатку найбольш актыўных маршрутаў. Арганізоўваюцца і выстаўляюцца пасты бяспекі, уводзіцца дадатковае, з 8 раніцы да 8 вечара, патруляванне лясных кварталаў. І ніякія гэта не меры “ўшчымлення”, мэта –
закрыць дарогу ў лес агню.
Адказ на пытанне, як усё выглядае на практыцы, даў нядаўні рэйд, дзе ў кампаніі з інжынерам па ахове і абароне леса Ляхавіцкага лясгаса Аляксандрам Лебядзеўскім і старшым інжынерам РАНС Дзмітрыем Новікам быў карэспандэнт “Ляхавіцкага весніка”.
– Людзі цярпліва ставяцца да сітуацыі, разумеюць неабходнасць увядзення дадатковых мер бяспекі. Праяўляюць свядомасць: перад адпраўкай у лес – тэлефануюць,  – разважае Аляксандр. Але і прыгадвае яшчэ жнівеньскі выпадак невялікага, на плошчы ў паўтары-дзве соткі,  ўзгарання. Інцыдэнт заўважыў патруль, агонь хутка лакалізавалі і патушылі.
Зялёны масіў паміж Задвор’ем і Альхоўцамі. Адзін з уездаў у лес перакрыты паласатым шлагбаумам. Таблічка нагадвае пра дзеючыя абмежаванні, папярэджвае пра адказнасць у выпадку дапушчаных парушэнняў. На пытанне, ці шмат жадаючых наведацца ў яго ўладанні, паставы ляснік Ляхавіцкага лясніцтва Віталій Саванчук  адказвае пытаннем:
– Чарніцы даўно закончыліся, грыбы такой сушшу не растуць –  чаго хадзіць?
Прыкладна такую ж сітуацыю назіраем і далей. Ужо Крывошынскае лясніцтва, ляснік Мікалай Герман часу дарэмна не марнуе: паралельна са службай “на шлагбауме” “нарыхтаваў”  у блізкіх ваколіцах некаторую колькасць другаснай сыравіны.
– І ўпарадкаваў, і сабраў  крыху – усё адно здаваць трэба,  – заўважыў, паказваючы на  кучку пластыкавай тары.
Пытанне наконт засмечанасці прыдарожных палос, узбочын дарог, што пралягаюць праз лясныя масівы, узнікае само сабой. І вельмі дарэчы, паколькі ёсць каму расставіць кропкі над “і”.
–Выкідваюць,але непараўнальна менш таго, што можна было бачыць гадоў 10
назад. Адсочваем, убіраем. Стала ўжо практыкай выкарыстанне так званых фотапастак. Перыя-дычна мяняем месцы іх размяшчэння: сёння тут, праз пэўны час там. Пра фотафіксацыю паведамляе адпаведная таблічка. Гэта дысцыплінуе, – расказвае Аляксандр Лебядзеўскі.
На жаль, дысцыплінуе не ўсіх. За Залужжам, крыху воддаль моста праз Шчару, на ўзбочыне дарогі бялее кучка смецця. А побач – пара-тройка метраў улева – таблічка: “Выкідванне смецця забаронена. Штраф   20 БВ. Вядзецца відэаназіранне”.
Навокал кіламетры лесу. У асобных месцах гушчар расступаецца і вачам адкрываецца балота. Класічны пейзаж: буйная расліннасць, з якой частаколам “растуць” сухія, голыя бярозавыя ствалы. Дзмітрый Новік тлумачыць, што ўвесну ўсё тут было запоўнена вадой. Нічога падобнага: зараз вада знаходзіцца толькі ў канавах, абапал дарогі. Ды і то – на нізкім узроўні.
Трымаем накірунак на месца нядаўняга ўзгарання. На землях запаса раёна ў лічаных сотнях метраў ад мяжы з Ганцавіччынай гарэў тарфянік. Чорная, плошчай прыкладна 20 сотак пляма нагадвае аб нядаўніх падзеях. Пра ўзгаранне паведаміў патрульны авіяборт, тушэннем займаліся выратавальнікі РАНС і, паколькі ўсё адбывалася на мяжы з лесам, работнікі лясгасу. Тушэнне тарфяных пажараў заўсёды няпростае, часта – непрадказальнае, мае свае асаблівасці.
–  А тут яшчэ і дадатковыя перашкоды і бар’еры: складаны пад’езд, мала вады, каб напоўніць цыстэрны. А вакол жа балота, канавы, – нібы вяртаецца ў “гарачыя” падзеі Дзмітрый.
Надзявае спецэкіпіроўку, каб яшчэ раз праінспектаваць пажарышча, упэўніцца ў адсутнасці новых ачагоў старога ўзгарання. Канчаткова заглушыць гарэнне тарфяной залежы адразу – задача няпростая. Многія, канешне ж, чулі пра нюансы і асаблівасці яе гарэння, пра здольнасць на сюрпрызы. Зрэшты, не на гэты раз.
Іван КАВАЛЕНКА.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *