…А сёння ты – каляджанін

Першакурснікі.

Як і было запланавана, набор 2016 года ў аграрным каледжы   ажыццёўлены на 100 працэнтаў. Усяго сёлета сюды паступілі 157 чалавек (2 прыняты на платнай аснове). Такім чынам сёння ў каледжы навучаецца 479 будучых спецыялістаў сельскай гаспадаркі.  На аснове базавай школы сфарміраваны 2 групы аграномаў і група ветэрынараў, на базе сярэдняй адукацыі – групы плодаагароднінаводаў, заатэхнікаў і ветэрынараў.  Дарэчы, сярод навічкоў  ЛДАКа не толькі навучэнцы, але і выкладчыкі Дзмітрый Галіцкі і Андрэй Мартысь.

Гасцінна расчыніў дзверы інтэрнат, якім забяспечаны ўсе з навучэнцаў, хто меў патрэбу. Дапамогу ў рамонце пакояў аказаў студэнцкі атрад “Флагман”. 12 юнакоў і дзяўчат летам папрацавалі з карысцю і для сябе, бо мелі магчымасць зарабіць уласныя грошы, і для іншых, паколькі стваралі камфорт і ўтульнасць у пакоях. Прыемная акалічнасць – у інтэрнаце № 4 адкрыта невялікая сталовая.

Пра супрацоўніцтва і кантакты. У час канікулаў сэрвісны атрад ЛДАКа “Электра” падрыхтаваў у ТАА “Трансэлектракамплект” памяшканні для ўстаноўкі тэхналагічнага абсталявання. Атрадаўцы не толькі працавалі, але і адпачывалі: ладзілі спартакіяды, дыскатэкі, інтэлектуальныя марафоны, сустрэчы з цікавымі людзьмі –  адным словам, сумаваць часу не было.

Ды і сёння ў каледжы не толькі заняткі, але і шматлікія справы. Напрыклад, зараз ідзе актыўная падрыхтоўка да адной з галоўных падзей у жыцці першакурсніка – фестывалю “Студэнцкая восень”, дзе “навабранцы” будуць змагацца за права назваць сябе самай крэатыўнай і таленавітай групай.

На працягу трох летніх месяцаў навучэнцы 3 курса заатэхнічнага і агранамічнага аддзяленняў праходзяць тэхналагічную практыку як у вучэбнай гаспадарцы каледжа, так і на прадпрыемствах АПК рэспублікі. Некаторыя працавалі памочнікамі камбайнераў на жніве ці ў зернесушыльнай гаспадарцы. Так, напрыклад, добрыя вынікі экіпажа ЗАТ “Белпрампрыбор”, у складзе якога быў навучэнец каледжа Віталій Івашка.

А ў будучых ветэрынараў ёсць магчымасць атрымаць рабочую прафесію аператара па штучным асемяненні сельскагаспадарчых жывёл і птушак пасля таго, як пройдуць практычную падрыхтоўку на базе вучэбнай фермы “Каменка” і паспяхова здадуць кваліфікацыйны экзамен.

Многія выпускнікі каледжа паступаюць вучыцца па спецыяльнасці далей у Баранавіцкі ўніверсітэт, Гродзенскі аграрны, Беларускую дзяржаўную сельскагаспадарчую акадэмію, Віцебскую акадэмію ветэрынарнай медыцыны.

Увогуле, з дня заснавання каледжа з яго сцен выйшлі больш як 13000 выпускнікоў – спецыялістаў розных галін сельскай гаспадаркі.

Маргарыта КУХТА, студэнтка інстытута журналістыкі БДУ.

Фота аўтара.

Навучальны год пачаўся.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *