Пяшчотныя словы для любай мамы

Ва ўсе часы жанчына з дзіцём на руках выклікае замілаванне.  Для колькіх мастакоў і паэтаў яна стала музай. Меркаванне, што вялікая сям’я – гэта перажытак часу, нямодная з’ява, рашуча перакрэслена нашымі сучасніцамі – прыгожымі і ўпэўненымі. Сёння   мнагадзетная маці ў вачах грамадства – гераіня, дома яна клапатлівая гаспадыня, а на працоўным месцы –  адказны работнік. І дзеці ў яе  дагледжаныя, цікаўныя, паспяховыя.
Нядаўна на раённым свяце, прысвечаным Дню маці, ушаноўвалі зямлячак, чые дзеці   сёлета вызначыліся ў вучобе  ці спорце. Сярод іх была і ляхавічанка Марына Шчарбакова. Яе дачка Ульяна стала бронзавым прызёрам  рэспубліканскай спартакіяды школьнікаў па дзюдо.
– Анастасія, Ульяна, Аляксандра і Данііл, – пералічвае сваіх дзетак  Марына Аляксандраўна. – Моцна-моцна ўсіх люблю і кожным ганаруся.
На пытанне карэспандэнта раёнкі, ці цяжка  быць мнагадзетнай маці, Марына Шчарбакова шчыра ўсміхаецца:
– Мнагадзетнасць упрыгожвае жанчыну, пазбаўляе ўзросту, напаўняе асаблівай энергіяй і аптымізмам.  Мне, напрыклад,  у чатыры разы больш гавораць пяшчотных слоў. Няхай  і клопатаў больш, але мяне абдымаюць чатыры пары ласкавых   рук – гэта шчасце, сапраўдная ўзнагарода жыцця!
І не праўда, што ў вялікай сям’і месца маці на кухні і з венікам. Абаяльная, жыццярадасная Марына працуе майстрам змены на льнозаводзе. Нягледзячы на пазменны графік работы, ніхто з рабят не скардзіцца на недахоп увагі з яе боку. Кожнага з дзетак  выслухае, зразумее, дапаможа.
Старэйшая Насця – першая памочніца па доме. Калі неабходна, прыгатуе паесці, зробіць уборку. Усё ўмее, з усім спрытна спраўляецца. Закончыла школу мастацтваў па класе скрыпкі, зараз – першакурсніца, навучэнка  сталічнага  педкаледжа. Будзе настаўніцай працоўнага навучання і чарчэння. Гэта яе першая восень на адлегласці ад  бацькоў. Малодшыя сумуюць па сястры, таму  кожны яе прыезд –  свята. Насця раскрывае сумку і дастае адтуль розныя прысмакі, распытвае пра поспехі ў школе, цікавіцца справамі.
Размовы і мары 13-гадовай Ульяны звязаны толькі са  спортам. Трэніроўкі, спаборніцтвы – гэтым яна жыве і без гэтага  не ўяўляе сябе. Паступова збірае ўраджай узнагарод. Адзначае, што ніякімі словамі не выказаць тыя адчуванні, якія перажыла летам на рэспубліканскай спартакіядзе і ў момант  уручэння медаля.  І марыць наступны раз узняцца на самую верхнюю прыступку п’едэстала.  Яна не з тых, хто пасіўна праводзіць  час. У школу за ведамі – на другую змену, таму раніцай крочыць на заняткі па дзюдо ў ДЮСШ.
Аляксандра на год меншая за Ульяну і таксама вучыцца ў другую змену. З  сястрой яны часта па дарозе на трэніроўкі  праводзяць на ўрокі брата. Затым дзяўчынка  бяжыць на харэаграфію ў школу мастацтваў – танцуе ўжо некалькі гадоў, а да гэтага займалася гімнастыкай. Прыродная гнуткасць і пластычнасць дапамагаюць  на сцэне адчуваць сябе  свабодна і лёгка. Дружалюбная і ласкавая, у сям’і Сашка –  сапраўдны дыпламат. Да кожнага ўмее знайсці падыход, патрэбнае слова.
Данік за 2 месяцы вучобы паказаў сябе здольным і старанным вучнем. Доб-ра чытае, ведае табліцу множання. А калі ўзнікаюць пытанні – з сёстрамі  абавязкова знойдуць на ўсё адказы. Ён, як і Ульяна, хоча сябраваць са спортам. Пакуль, праўда, не вызначыўся, футбалістам, дзюдаістам ці баксёрам будзе.
Калі зроблены ўрокі, надыходзіць час гульняў. Сярод любімых цацак – канструктар «Лега». Саша з Ульянай звычайна ўзводзяць з яго дэталей розныя збудаванні, Данік складае машыны.
Разам ім цёпла, цікава і ўтульна. І нічога, што  часам  надвор’е ў доме было воблачным і пахмурным – у  Марыны гэта другі шлюб.  Жыццё працягваецца. Зараз у сям’і ўсе размаўляюць на адной мове, мове  падтрымкі і  разумення.
З нараджэннем Даніка  сям’я не толькі павялічылася на жаданага чалавечка, а аб’ядналася і ўмацавалася.  Рабяты цвёрда ведаюць, што мамінай любві хопіць на ўсіх.
Уласным прыкладам бацькі вучаць  планаваць і размяркоўваць бюджэт, распараджацца грашовымі сродкамі. Разам  абмяркоўваюць першачарговыя расходы, вызначаюць, каму што неабходна. Праўда, галоўным  фінансавым парушальнікам часта становіцца тата: любіць сваім дамашнім зрабіць смачна-прыемны сюрпрыз.
Істотная  падтрымка –  дзяржаўная дапамога. Гэта і бясплатнае харчаванне ў школе, і сродкі для падрыхтоўкі да навучальнага года. Не застаецца ў баку  ад падтрымкі  і льнозавод.
Мама ў вялікай сям’і – майстар на ўсе рукі: і вяжа, і шые, і іншая работа на ёй. Але  без размеркавання  абавязкаў ніяк.
Дзяўчаты, гайда на праполку – прапаноўвае  тата Юра, і вось ужо ўсе дружна прарэджваюць моркву, акуратна выдаляюць пустазелле на агародзе. Не адстае ад старэйшых і Данік. Ён з ахвотай прыкмячае і пераймае ў бацькі ўменне майстраваць, рабіць сваімі рукамі, а калі адпраўляюцца да бабулі ў Сваятычы, з задавальненнем дапамагае там па гаспадарцы.
Шчарбаковы-Плескацэвічы  –  сям’я гасцінная,  дзверы іх дома заўсёды адкрыты для родных і сяброў. А кожны поспех рабят не застаецца незаўважаным: торт і шчырыя добрыя словы –  абавязковыя атрыбуты сямейных віншаванняў.
Гаспадыня дома заўважае, што ніколі не думала быць мамай  трох дзяўчынак і хлопчыка. А зараз і не ўяўляе, як можна жыць без гэтага звонкага гоману і заўсёдных клопатаў.  Марыць, каб лёс яе любімай чацвёркі склаўся шчаслівым, каб выраслі дастойнымі людзьмі. Жадае, каб яны з радасцю вярталіся дадому, дзе іх заўсёды чакаюць.
Ці магчыма мнагадзетнай маці паспець за жыццём, быць запатрабаванай не толькі дома, але і на працоўным месцы?  Прыклады пацвярджаюць – можна.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА
і з сямейнага архіва.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *