Тэль-Авіў медальны

Першынство Еўропы па дзюдо сярод моладзі ўзростам да 23 гадоў – турнір-вандроўнік. Праводзіцца рэгулярна, з гадавой перыядычнасцю, але без прывязкі да канкрэтнага месца-горада. На гэты раз (а падзеі разгортваліся 11-12 лістапада)  еўрапейскі маладзёжны форум дзюдо адбыўся ў Тэль-Авіве. Разважаць аб “еўрапейскасці” размешчанай на  Паўднёвым    Усходзе Азіі краіны, думаецца, трэба ўлічваючы факт папулярнасці гэтага віда адзінаборства і прэстыжнасць самога турніру. Несумненна, прыняць у сябе будучую эліту дзюдо жадаюць многія.
Беларусы ехалі ў Тэль-Авіў з надзеяй, а вярталіся з дастаткова важкім медальным багажом.
Пра падрабязнасці барацьбы трэнер-выкладчык ДЮСШ Ляхавіцкага раёна Віктар Богуш даведаўся, што называецца, ад першай асобы – свайго выхаванца Уладзіслава Цярпіцкага: “У Ізраілі 21-гадовы, цяпер ужо мінскі студэнт, “закрываў” у складзе зборнай краіны суперцяжкую вагавую катэгорыю. Правёў 4 схваткі. Дэбютаваў удала – з перамогі. У наступным паядынку Уладу супрацьстаяў вядомы ў нашых колах, ужо дастаткова тытулаваны, украінскі спартсмен. Дарэчы, удзельнік апошніх, у Рыа-дэ-Жанэйра, Алімпійскіх гульняў. Украінец быў мацнейшым. І, як паказалі наступныя падзеі, не толькі ў гэтым, але і ва ўсіх астатніх сваіх выхадах на татамі. Ён і стаў уладальнікам тытула. Што Цярпіцкі? Наступны выйгрыш двух запар суцяшальных паядынкаў дазволіў яму стаць трэцім прызёрам еўрапейскага першынства. Прыемная навіна яшчэ і ў тым, што, дзякуючы “бронзе” Тэль-Авіва, Улад атрымаў права на званне Майстра спорту міжнароднага класа. Працэс ужо запушчаны”.
Акрамя “бронзы”, у Ізраілі беларусы разжыліся яшчэ двума сярэбранымі медалямі. Другімі ў сваіх вагавых катэгорыях сталі Ягор Варапаеў і Мікіта Свірыд. Бацька апошняга, дарэчы, вядомы некалі дзюдаіст, зараз – галоўны трэнер нацыянальнай зборнай.
Іван КАВАЛЕНКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *