Вады – заліся, а паспрабуй напіся

Пасля дастаткова глыбокага пагружэння ў тэму вады закралася думка, якую выказаць можна прымаўкай: вады – заліся, а паспрабуй напіся.
Прыродная праўда заключаецца ў тым, што да 80 працэнтаў вады, паднятай з глыбіні нетраў, адрозніваецца высокім утрыманнем жалеза. І, як правіла, чым глыбей ваданосны пласт, тым больш ён “жалезны”. Прыкметы такой вады вядомы ці не кожнаму карыстальніку водаправода. І па жалезным, у прамым сэнсе, прысмаку, і па бура-ржавай афарбоўцы. Не крытычна, канешне, але ўжываць такі прадукт, мякка кажучы, непрыемна і не здорава. Пытанні якасці спажываемай насельніцтвам вады маюць трывалае гучанне і на Ляхавіччыне. У тым ліку і на ўзроўні раённай улады.
Дзе, колькі, чаму, якія спосабы сепарацыі? Што да апошняга, то ніякай прынцыповай складанасці ў імкненні палепшыць ваду па паказчыку ўтрымання жалеза (а нормай лічыцца 0,3 міліграма элемента на кубічны дэцыметр вадкасці) не існуе. Як правіла, свідравінную ваду штучна ўзбагачаюць кіслародам, пераўтвараючы тым самым раствораны ў вадзе хімічны элемент у цвёрдую фракцыю. Далей – звычайны бар’ерны фільтр адлоўлівае шматкі жалеза, а ачышчаны прадукт трапляе ў сістэму водазабеспячэння.
Па такім прынцыпе і працуюць станцыі абязжалезвання. У тым ліку і ў нашым раёне. На Ляхавіччыне 5 такіх аб’ектаў. У 2008 годзе станцыі былі пабудаваны, аснашчаны і запушчаны ў дзеянне ў аграгарадках Дарава, Ліпск і Жарабковічы. Год назад падобныя аб’екты з’явіліся спачатку ў Ляхавічах, а пасля ў аграгарадку Нача.
Праблема няякаснай у плане ўтрымання жалеза вады вырашана ў раёне раз і назаўсёды? Як бы не так.
Работа першых па тэрмінах пуску Дараўскай і Ліпскай станцый заслугоўвае нават не нейтральнай, а адмоўнай ацэнкі. Названыя аб’екты, дакладней іх эфектыўнасць, канешне ж, знаходзяцца пад пастаянным наглядам раённай санэпідслужбы. Дык вось, па заключэнні спецыялістаў раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, заснаванага на выніках праведзеных службай даследаванняў, “да цяперашняга часу эфектыўная работа станцый абязжалезвання ў аграгарадках Дарава і Ліпск не наладжана, у 2016 годзе насельніцтву працягвае падавацца пітная вада, не адпавядаючая гігіенічнаму нарматыву па ўтрыманні жалеза”. Прыводзяцца дакладныя лічбы: у Ліпску ўтрыманне жалеза ў вадзе артэзіянскай свідравіны складае 1,6 мг/дм3, пасля станцыі абязжалезвання яго канцэнтрацыя павялічылася да лічбы ў 1,7 мг/дм3. Работу дараўскага ачышчальнага комплексу характарызуюць паказчыкі 2,2 і 3,4 мг/дм3 адпаведна.
Размешчаная ў блізкім прыгарадзе райцэнтра станцыя “ўвязана” ў сістэму  водазабеспячэння Ляхавіч. Наглядны орган у асобе райЦГіЭ ніякіх прэтэнзій да якасці работы аб’екта не выказаў. Як і некалькі знаёмых ляхавічан – жыхароў квартала ў межах вуліц Южакова-Будаўнікоў-Кальцавой. На пытанне, ці маюцца ў іх нараканні на якасць вады з крана, усе далі адмоўны адказ. Маўляў, вада як вада: ніякага смаку і ніякага колеру.
Іншае меркаванне ў жыхароў Жарабковіч. Тых, у прыватнасці, чые дамы размешчаны па вуліцы Лугавой. У адказ на зварот-скаргу аднаго з іх Ляхавіцкі раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі адрэагаваў выездам свайго спецыяліста на месца. Выпадак зусім яшчэ свежы, менш чым трохтыднёвай даўнасці. З гаспадарча-пітнога водаправода былі адабраны пробы вады з наступным даследаваннем апошняй у лабараторыі Баранавіцкага занальнага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі. Выснова не новая і несуцяшальная: вадкі прадукт не адпавядае дзеючым у краіне санітарным нормам і правілам. У адной з кватэр дома №2 па вуліцы Лугавой канцэнтрацыя жалеза складала 4,2 мг/дм3, у дзіцячым садку аграгарадка яшчэ больш – 4,7 мг/дм3. А дзе перавышэнне па жалезу, там і пах, і каламутнасць, і стальны прысмак.
Мясцовая станцыя абязжалезвання не выконвае сваіх функцый? Але праведзеныя ў гэтым годзе санслужбай даследаванні пацвярджаюць эфектыўнасць работы самой станцыі. На выхадзе з аб’екта канцэнтрацыя жалеза ў кубічным дэцыметры вады складала на момант праверкі 0,11 мг –   ці не ўтрая менш дапушчальнага паказчыка! Але ж ад станцыі да спажыўца дзясяткі і сотні метраў адлегласці. І, як мяркуюць спецыялісты, іменна на гэтым шляху нарматыўна-чыстая вада ўзбагачаецца жалезам. Дакладней – істотна пераўзбагачаецца. Рашэнне праблемы відавочна і, што называецца, напрошваецца само сабой: старыя, іржавыя, зашлакаваныя трубы водаправоднай сістэмы патрабуюць замены. Калі не поўнасцю, то хаця б выбарачна, шляхам “выразкі” найбольш праблемных рукавоў і ўрэзкі на іх месца новых, з сучасных матэрыялаў і ў сучасным выкананні.
Прыблізны вопыт ужо ёсць. Яго адрас –  Нача, дзе, па аналогіі з Жарабковічамі, станцыя выдавала нарматыўную па канцэнтрацыі жалеза ваду, а з кранаў кватэр некаторых з жыхароў аграгарадка цякла бурая вадкасць. Некалькі месяцаў назад спецыялісты КУМВП ЖКГ “Ляхавіцкая ЖКГ” папрацавалі над удасканаленнем тамашняй водатрубнай сеткі. У гутарцы з карэспандэнтам старшыня сельвыканкама Вячаслаў Новік дзеянні камунальнікаў назваў “закальцоўкай” сістэмы. І, дабавіў Вячаслаў Аляксандравіч, з таго моманту скаргаў ад жыхароў аграгарадка з нагоды неналежнай якасці водаправоднай вады ў адрас мясцовай улады не паступала. Раней жа яны былі зусім не рэдкасцю.
У сярэднім па раёне ўтрыманне жалеза ў вадзе з водаправода складае 1,84 мг/дм3. Відавочнае і адчувальнае перавышэнне нормы. Адсюль лагічна спытаць: што рабіць? Дакладней, што піць?
Іван КАВАЛЕНКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *