Новы парадак гандлю валютай забяспечыць яе даступнасць

Цяпер таргі валютай на Беларускай валютна-фондавай біржы (БВФБ) праходзяць у дзве сесіі.

На асноўнай сесіі прадаецца 30 працэнтаў валютнай выручкі арганізацый-экспарцёраў. Тут продаж праводзіцца толькі для аплаты за пастаўкі газу, электраэнергіі і медыкаментаў. Па выніках таргоў на асноўнай сесіі ўстанаўліваецца афіцыйны курс беларускага рубля да замежных валют.

Затым праводзіцца дадатковая сесія, дзе банкі самастойна або па даручэнні сваіх кліентаў ажыццяўляюць куплю і продаж валюты па рыначнаму курсу, які фарміруецца на аснове попыту і прапанавання.

Арыентуючыся на рыначны курс, банкі ўстанаўліваюць курс абмену валюты ў сваіх абменных пунктах.

Такім чынам, цяпер валюта ў абменніках купляецца і прадаецца не па курсу, устаноўленаму Нацыянальным банкам, а па рыначнаму курсу, сфарміраванаму па выніках таргоў на дадатковай сесіі БВФБ.

Пры гэтым Нацбанк рэкамендаваў камерцыйным банкам прадаваць грамадзянам не толькі валюту, здадзеную ў абменнікі, але і своечасова падмацоўваць яе грашовай наяўнасцю. Паколькі цяпер банкам ёсць дзе набыць валюту на гэтыя мэты.

У той жа час банкам неабходна правесці арганізацыйныя і тэхнічныя мерапрыемствы па куплі і дастаўцы наяўнай замежнай валюты. «Улічваючы гэту акалічнасць, на першапачатковым этапе банкі будуць ажыццяўляць продаж наяўнай замежнай валюты фізічным асобам у межах набытай у іх валюты і па магчымасці падмацоўваць абменныя пункты (касы) за кошт наяўнай замежнай валюты», — растлумачылі ў Нацбанку.

Нацбанк прыняў меры для таго, каб рыначны курс не стаў аб’ектам спекуляцый, не падаграваўся штучна. Абавязковым рэквізітам заявак на набыццё валюты на дадатковай гандлёвай сесіі будзе з’яўляцца максімальны курс куплі замежнай валюты, па якім заяўкі могуць быць выкананы. Пры гэтым кліенты павінны забяспечыць наяўнасць на адпаведных рахунках у банку сум у беларускіх рублях, эквівалентных суме заяўкі на набыццё валюты па максімальнаму курсу, адзначанаму ў заяўцы.

У той жа час, галоўны банк краіны не ўмешваўся ў таргі 14 верасня і не праводзіў на іх валютных інтэрвенцый.

Па выніках першых таргоў на дадатковай біржавой сесіі рыначны курс долара ЗША быў Br8600. Курс ра-сійскага рубля – Br305, еўра – Br12100.

У Нацбанку тлумачаць гэты вынік высокім адкладзеным попытам на валюту і ўпэўнены, што курсы па выніках таргоў на асноўнай і дадатковай сесіі будуць паступова збліжацца і за паўтара-два месяцы ў Беларусі зноў установіцца адзіны абменны курс рубля.

«Мы вызначылі, што курс Br5 тыс. — матэматычна вывераны і апраўданы эканамічна, — заявіў намеснік старшыні праўлення Нацбанка Тарас Надольны. — Я мяркую, што на працягу тыдня-паўтара, калі пройдзе спекуляцыйны настрой у шэрагу суб’ектаў гаспадарання, курс (рыначны — заўвага БЕЛТА) будзе імкнуцца ўніз».

«Удзельнікі таргоў занялі пазіцыю чакання, таму можна гаварыць, што мы знаходзімся прыкладна на верхнім узроўні магчымага курсу», — адзначыў Тарас Надольны.

Падобныя ацэнкі выказваюць і ў бізнес-асяроддзі. Сустаршыня Саюза юрыдычных асоб «Рэспублікан-ская канфедэрацыя прадпрымальніцтва» Віктар Маргелаў лічыць, што «больш рэальны рыначны курс беларускага рубля вызначыцца праз паўтара-два тыдні».

Камерцыйныя банкі ў сталіцы і абласных цэнтрах пачалі ўжо аперацыі з валютай у абменных пунктах па рыначнаму курсу.

Ажыятажу ў абменных пунктах банкаў не назіраецца.

БЕЛТА

Па інфармацыі рэспубліканскіх СМІ, на другі дзень таргоў на дадатковай сесіі Беларускай валютна-фондавай біржы склаліся новыя курсы: долар ЗША — 8500 беларускіх рублёў (патаннеў на 100 рублёў), еўра — 12150 (падаражэў на 50 рублёў), расійскі рубель — 295 (патаннеў на 10 рублёў).

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *