Лес – імя ўласнае

Беларусь – і гэта шчаслівая акалічнасць – лясная дзяржава. Па лясістасці рэспубліка знаходзіцца на сёмым месцы ў Еўропе пасля Фінляндыі, Швецыі, Эстоніі, Расіі, Латвіі і Аўстрыі. У разліку на кожнага жыхара краіны прыходзіцца каля 0,8 гектара лясных угоддзяў. Прыкладна такая ж сітуацыя характэрна і для Ляхавіччыны, каля 37 працэнтаў тэрыторыі якой знаходзіцца пад лясамі. Асабліва лясістым з’яўляецца поўдзень раёна, куды, апроч іншага, уваходзіць і частка заказніка рэспубліканскага значэння “Выганашчанскае”. У даволі шчыльным лясным акружэнні струменіць свае патокі Шчара, так ці інакш лес “чытаецца” і ў назвах шэрагу населеных пунктаў Ляхавіччыны. Адразу ўзгадваюцца Падлессе, Альхоўцы, Ліпск, Заліпенне, Мядзведзічы. У Мядзведзіцкім лясніцтве, дарэчы сказаць, расце і як прыродны помнік ахоўваецца рададэндран жоўты – госць у нашых краях вельмі і вельмі нячасты.

Істотнае значэнне зялёны сябар мае ў жыцці абсалютна кожнага з нас: дае энергію, з’яўляецца крыніцай духоўнасці  і ў значнай ступені — матэрыяльнага здабытку. Як усякая крыніца,  патрабуе клопату, належнага догляду, беражлівых да сябе адносін. Усяго таго, чым і займаюцца людзі, што адзначаць заўтра сваё прафесійнае свята.

Іх, як мінімум, працоўны лёс звязаны з лесам. Больш таго, сярод прыкладна 250 падначаленых дырэктара ДЛГУ “Ляхавіцкі лясгас” Міхаіла Свістуна нямала і такіх, хто не ўяўляе свой лёс без служэння лесу, для каго гэта справа была даўнім выбарам і стала адзінай на ўсё жыццё. Не прыкладваючы асаблівых намаганняў, такіх вы знойдзеце ў любым з вытворчых падраздзяленняў, у кожным з 6 лясніцтваў лясгаса: Вост-раўскім, Крывошынскім, Куршынавіцкім, Ляхавіцкім, Мядзведзіцкім, Навасёлкаўскім. Гэта алфавітны, аднак, не без аб’ектыўнасці парадак пераліку: іменна Востраўскае лясніцтва трымае сярод іх пальму вытворчага першынства. Па меркаванні галоўнага ляснічага ДЛГУ “Ляхавіцкі лясгас” Святланы Курэц, гаспадарка, якую далёка не першы год узначальвае Сяргей Амбражэй, працуе паспяхова, на ўзроўні лепшых лясніцтваў вобласці і нават рэспублікі. Праяўляюць ініцыятыву, знаходлівасць у вырашэнні вытворчых задач. Напрыклад, у мінулым годзе калектыў лясніцтва прыступіў да распрацоўкі алешнікаў. Банальнасць, падумае нехта і … не будзе мець рацыі. Складанасць у тым, што востраўскія алешнікі знаходзяцца практычна ў балоце і даступіцца да іх зусім няпроста. Тым больш, пры адсутнасці канкрэтных папярэдніх напрацовак, вопыту, адмысловага абсталявання. Усё гэта прыйшло пазней, у тым ліку і спецыяльна “пад праект” быў набыты дадатковы тралёвачны трактар. Справа пайшла, і, за невялікім перапынкам, работы вядуцца круглы год, у любую пару.

Здабытая ж з балота драўніна ў аснове сваёй з’яўляецца экс-партным таварам.

Дарэчы, экспартны вектар ДЛГУ “Ляхавіцкі лясгас” характарызуецца некалькімі накірункамі і ўяўляецца дастаткова магутным. Так, за першыя 8 месяцаў бягучага года аб’ём вытворчасці прадукцыі ў фактычных цэнах па экспарту склаў амаль 2,5 мільярда рублёў, што больш як на 60 працэнтаў перавысіла прагнозную за названы перыяд лічбу. Складваецца пры гэтым і зусім нядрэнная рэнтабельнасць работы па экспарту – амаль 33 працэнты па выніках 8 месяцаў года.

Як прыемны ва ўсіх адносінах факт, адзначыла Святлана Курэц выхад апошнім часам на свой звыклы ўзровень Крывошынскага лясніцтва. Выконваюцца ўсе прагнозныя вытворчыя паказчыкі, у структуры лясніцтва функцыянуе часовы гадавальнік па вырошчванні пасадачнага матэрыялу елкі. Паралельна лясніцтва рыхтуецца да наваселля. Зрэшты, гэта перспектыва: сёлета за-планавана толькі закладка фундамента новага адміністрацыйнага будынка на тэрыторыі мясцовага  дрэваапрацоўчага цэха. Сам цэх, дарэчы, таксама чакаюць інавацыі ў выглядзе частковай  замены, пераабсталявання яго станочнага парку. З тым, каб магчымасці цэха не абмя-жоўваліся выключна вырабам палетнай дошкі, як зараз, каб пашырыць наменклатурны вытворчы рад.

І калі крывошынскія будоўлі існуюць пакуль толькі праектна, шэраг іншых у структуры Ляхавіцкага лясгаса ўжо вядзецца і знаходзіцца ў    рознай ступені гатоўнасці. Напрыклад, параўнальна нядаўна расчыніў дзверы галоўны адміністрацыйны будынак лясгаса. У фірменных колерах “вытрыманы”, у яркай квецені геаметрычных клумбаў, лясгасаўскі офіс выглядае вельмі і вельмі “выгадна”.

Колішні  будынак галоўнай адміністрацыі часткова заняла адміністрацыя Ляхавіцкага лясніцтва, у другой яго частцы работу працягваюць будаўнікі. Іх намаганнямі тут будуць абсталяваны 2 нумары-пакоі па тыпу гасцінічных.

У сваю чаргу былая кантора згаданага лясніцтва праходзіць рэканструкцыю пад Дом паляў-нічага. Яго размяшчэнне на ўскрайку вёскі Мыслабаж здаецца дастаткова ўдалым: у дзясятках метраў ад лесу, у сотнях – знаходзіцца маляўнічы ў акружэнні хвояў бераг вадасховішча. Да та-го ж і райцэнтр, як кажуць, на адлегласці выцягнутай рукі. Двухпавярховы драўляны домік ужо   зараз пазнаць няпроста. Пасля  заканчэння да пачатку лістапада рэканструкцыі на першым паверсе размесцяцца гасцінічны нумар-люкс, камінная зала, сталовая з кухняй і іншае. Другі  паверх будзе поўнасцю падзелены на жылыя пакоі. Вельмі да месца, можна быць упэўненым, прыйдзецца і размешчаны на тэрыторыі будучага Дома паляўнічага дэндрапарк. Не асабліва маштабных памераў,  тым не менш, у ім прадстаўлена каля 3 дзясяткаў кустовых і дрэвавых відаў раслін. Як правіла, для нашых шырот не тыповых, малараспаўсюджаных, экзатычных нават. У гэтым непаўторная эстэтыка міні-дэндрапарка, цікавасць да яго.

Усе будаўніча-рамонтныя работы фінансуюцца за кошт сродкаў ДЛГУ “Ляхавіцкі лясгас”: без прыцягнення крэдытных рэсурсаў, без удзелу інвестараў. Абыходзіцца нятанна, тым больш, што рамонтнае будаўніцтва пералічанымі аб’ектамі не абмяжоўваецца. У стадыі абнаўлення знаходзяцца таксама адміністрацыйныя памяшканні Мядзведзіцкага і Куршынавіцкага лясніцтваў. Па кожным з будынкаў зроблена ўжо многае, аднак, і наперадзе яшчэ “масіў” работы.

У пачатку артыкула быў узгаданы рададэндран жоўты. Рэдкая для Беларусі расліна, куст якой у адзінкавым экземпляры расце “пад аховай” у Мядзведзіцкім лясніцтве. У шэраг выяўленых на тэрыторыі Ляхавіччыны ахоўваемых відаў раслін уваходзяць таксама піхта белая і сліва калючая, якая вядома яшчэ пад назвай цёрн. У Крывошынскім лясніцтве пад піхту, дзе аблюбавала для сябе месцейка рэдкая ў нашых краях госця, летась быў адведзены спецыяльны раён. Распра-цаваны і паслядоўна выконваюцца ахоўныя ў дачыненні дрэва мерапрыемствы, а таксама  скіраваныя на яго разрастанне. Што і адбываецца: пад полагам дарослага дрэва ўжо з’явіліся невялічкія піхтавыя дрэўцы.

У якасці свайго арэалу вельмі рэдкая на тэрыторыі Беларусі сліва калючая абрала блізкае ўзбярэжжа Шчары ў раёне вёскі Мінічы. Гэтыя мясціны ў бліжэйшы час будуць адпаведным чынам абазначаны. Клопат жа аб захаванні рэдкіх на нашых тэрыторыях відаў, іх далейшым распаўсю-джанні ляжыць, думаецца, не толькі на работніках лясной галіны, але і залежыць ад кожнага з нас. Ад нашых адносін да прыроды ўвогуле і ці не галоўнай яе жамчужыны — лесу.

2011-ы аб’яўлены Міжнародным годам лясоў. Думаецца, аднаго толькі гэтага факта дастаткова для разумення важнасці і важкасці справы, што выконваецца людзьмі, якія свой прафе-сійны дзень адзначаць заўтра.

За добрасумленную працу і з нагоды свята многіх работнікаў ДЛГУ “Ляхавіцкі лясгас” чакаюць заслужаныя адзнакі: на ўзроўні арганізацыі,  абласнога аб’яднання, раёна. Вадзіцель Міхаіл Зубік і вальшчык лесу Востраў-скага лясніцтва Сяргей Адамчык заслужылі Ганаровых грамат Міністэрства лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь. Віншаванняў, канешне ж, будзе шмат і ад многіх. У тым ліку і ад “Ляхавіцкага весніка”. Са святам!

Іван КАВАЛЕНКА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *