Азімая “Сюіта” у восеньскай рапсодыі

Патапавіцкія пейзажы ў гэтыя дні — гэта плантацыі кукурузы і аж да гарызонта завораныя палеткі, дзе шчыруе ўборачная і пасяўная тэхніка. За вёскай бачны 3 трактары на льняным полі, ля бліжэйшай жывёлагадоўчай фермы 2 магутныя “Амкадоры” заняты на трамбоўцы сіласу, па палявых дарогах імчаць МАЗы, гружаныя зялёнай масай. Такі “парад” тэхнікі пабачылі ў адной з брыгад. Але напружаная праца штодня кіпіць ва ўсіх падраздзяленнях сельгаскааператыва, задзейнічаны дзясяткі трактароў, камбайнаў, аўтамашын.

У Патапавічах па пасяўным полі снуе магутны “ДжонДзір” з сеялкай, у добра апрацаваную зямлю кладзецца новы сорт элітнага насення пшаніцы “сюіта”, якой адведзена ў гаспадарцы 200 гектараў. Галоўны аграном СВК Ігар Бортнік з захапленнем расказвае пра “музычны” сорт пшаніцы, які павінен даць добры ўра-джай зерня ў наступным го-дзе. Але з асаблівай павагай, задавальненнем і спадзяваннем гаворыць аграном пра тэхніку і механізатараў, якія, без перабольшвання, з’яўляюцца асноўнай сілай у любой галіне вытворчасці.

Аляксандр Смаршчок, напрыклад, са сваім “ДжонДзірам” выконвае вялікую частку работы ва ўсёй гаспадарцы. Абавязковы, працавіты чалавек, выдатна ведае, любіць тэхніку і зямлю, на якой вырошчвае хлеб. Ён з тых, хто з пашанай ставіцца да хлебаробскай справы і ганарыцца сваёй прафесіяй. На патапавіцкіх землях Аляксандр шчыруе з асаблівым задавальненнем. На ўчастку ў 90 гектараў у адным масіве, без усялякіх перашкод — ёсць дзе развярнуцца, нарасціць тэмпы, атрымаць радасць ад работы на выдатнай тэхніцы і адчуць сваю значнасць: магутны агрэгат падпарадкоўваецца яму адмыслова. Пры такім раскладзе за дзень засявае больш як па 40 гектараў поля.

Рабочы час эканоміцца нават пры за-грузцы насення ў сеялку. Дзякуючы та му, што мясцовыя ўмельцы прыстасавалі спісаны КЗР-10 пад бункер і трактар 1221, працэс загрузкі стаў механізаваным. З ім выдатна спраўляецца механізатар Аляксей Котаў. Усяго ж у гаспадарцы азімы клін сёлета складзе 630 гектараў, з улікам плошчаў тых азімых, якія будуць вызначаны ранняй вясной на зялёны корм грамадскаму статку. Пад азімы рапс адвялі 210 гектараў.

Сёлета сельгаскааператыў купіў новы кормаўборачны камбайн  КВК,  пакуль такі адзіны ў раёне. Даверылі яго экіпажу  надзейных механізатараў – Уладзімір Мамчыц і Міхаіл Міклашэвіч справу сваю ведаюць.

— Добры камбайн, высокапрадукцыйны і ва ўмелых руках, — каменціруе Ігар Бортнік. – Якраз цяпер працуе на ўборцы кукурузы на сілас. Пры добра арганізаванай адвозцы за дзень можа даць гатовай зялёнай масы да 500 тон. Літаральна 2 дні — і яма на 700 тон закладзена.

Як зазначыў галоўны аграном, увесь працэс праходзіць  бездакорна, калі на ўзроўні арганізацыя працы. А найпершая ўмова – недапушчэнне прастою тэхнікі. На адвозцы зялёнай масы шчыруюць шафёры Дзмітрый Сітун, Андрэй Абражэвіч.

Пад строгім кантролем і якасць корму. Круглыя суткі на трамбоўцы корму працуюць 2 пагрузчыкі “Амкадор”. Спецыялісты з раёна і вобласці праверылі тэмпературу масы ў сіласнай яме — адпавядае ўсім патрабаванням. А гэта гарантыя таго, што грамадскі статак будзе забяспечаны выдатным сіласам.

І ўраджай кукурузы радуе. Не прагадалі, што пасеялі на 500 гектарах: запланаваныя 15 тысяч тон корму будуць нарыхтаваны.

Цёплыя восеньскія дні – спрыяльная пара і для завяршэння льнаводчых клопатаў. На поле вывелі свае прэс-падборшчыкі механізатары Міхаіл Скрунда і Васілій Варанчак.  Дзень работы —  і на 31 гектары падняты і спрасаваны ў рулоны лён, які паспеў добра вылежацца пад вераснёўскімі росамі. Ён тут жа грузіцца на прычэпы, і трактары трымаюць курс на льнозавод. Яшчэ прэс-падборшчыкам давядзецца папрацаваць на 100-гектарным полі. Але пры той тэхніцы, якая ёсць у гаспадарцы, гэта не праблема. Дарэчы, сёлета пры вырошчванні даўгунцу ў СВК ”Ордэна “Знак Пашаны” Кастрычнік” не прымянялі ручной працы.

Гэтымі днямі збіраюць ураджай і бульбаводы. Механізатары Віктар Баранаў, Андрэй Кот прычапілі да сваіх трактароў бульбакапалкі і стараюцца забяспечыць работай людзей. На вызначаных участках вядзецца ворыва.

Восень аб’яднала ўсіх вяскоўцаў адзінай справай – сабраць і захаваць вырашчаны ўраджай. Найбольшая адказнасць кладзецца на высокапрадукцыйную тэхніку і механізатараў. Яны спраўляюцца. Прыклад – збожжаўборачная кампанія. У самыя аптымальныя тэрміны былі ўбраны зерневыя і зернебабовыя культуры, атрымана ўраджайнасць 38 цэнтнераў з гектара. Выкананы дзяржзаказ, у засекі засыпана фуражнае зерне. Гэтая кампанія назвала (ужо не першы раз) імя лепшага на жніве вадзіцеля раёна. Ён з СВК “Ордэна “Знак Пашаны” Кастрычнік” — Дзмітрый Анціпенка.

Старшыня гаспадаркі Васілій Чубаў работай механізатараў  задаволены і не хаваў шчырай усмешкі.

— Але ж кадравая праблема ў нас усё ж існуе, — расказвае Васілій Міхайлавіч. — У СВК  выдатная тэхніка, а вось людзей для працы на ёй не хапае. Іншы раз за чалавекам замацоўваем дзве адзінкі тэхнікі. Падкрэсліваю, што не хапае працавітых, сумленных, без шкодных прывычак механізатараў, а іншых мы проста не прымаем у калектыў або пазбаўляем іх магчымасці працаваць на тэхніцы.

Васілій Чубаў падкрэсліў, што ў сельгаскааператыве можна зарабіць добрыя грошы, ёсць усе ўмовы для камфортнага жыцця і працы, у тым ліку станоўчы момант – геаграфічнае размяшчэнне гаспадаркі – на паўшляху да Ляхавіч і Баранавіч. Калі знойдуцца жадаючыя працаваць тут механізатары ды і іншыя спецыялісты сельскагаспадарчай вытворчасці, то, па запэўніванні старшыні, яны будуць забяспечаны і добраўпарадкаваным жыллём.

Кадравая праблема хвалюе Васілія Чубава яшчэ і таму, што ў Коньках будуецца сучасная малочна-таварная ферма, перспектыва працы там рэальная пры ўмове ўсё тых жа патрабаванняў.

Сучасная вытворчасць  высокатэхналагічная, заснаваная на апошніх дасягненнях навукі і тэхнікі, патрабуе ўсё менш рабочых рук. Але яны павінны быць надзейнымі, адказнымі, кваліфікаванымі. Такім заўсёды рады ў СВК “Ордэна “Знак Пашаны” Кастрычнік”. Прыязджайце!

Аліна ЛАПІЧ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *