Шукаюць. І знаходзяць! Па выніках 2016 года крымінальны вышук Ляхавіцкага РАУС прызнаны лепшым у краіне ў сваёй катэгорыі

Начальнік крымінальнага вышуку РАУС Віталій Давідоўскі і оперупаўнаважаны Андрэй Чаранкевіч.

Ва ўмоўным рэйтынгу аматараў шматлікіх міліцэйскіх серыялаў іх прафесія– адна з самых рамантычных. На справе ж знайсці рамантыку у рабоце супрацоўнікаў крымінальнага вышуку вельмі і вельмі няпроста. Як, часам, і дакапацца да ісціны ў самых заблытаных выпадках. Крадзяжы (іх у агульнай колькасці злачынстваў абсалютная большасць), забойствы і замахі на іх, махлярствы і грабяжы, угоны транспартных сродкаў і разбойныя напады, эканамічныя злачынствы… Раскрыццё і папярэджанне злачынстваў, вышук без вестак прапаўшых і злачынцаў – тое, чым оперупаўнаважаныя    займаюцца штодзень.

Прычым, як сведчыць непрадузятая статыстыка, аддзяленне крымінальнага вышуку Ляхавіцкага РАУС робіць гэта ў літаральным сэнсе віртуозна: па раскрывальнасці злачынстваў данае падраздзяленне міліцыі ў сваёй катэгорыі па выніках 2016 года прызнана лепшым у рэспубліцы.
Летась у раёне было зарэгістравана 127 злачынстваў па лініі крымінальнага вышуку. З іх 101 раскрыта. А гэта 79,5 працэнта ад агульнай колькасці (вельмі высокі паказчык) і на 0,5 працэнта больш, чым у 2015, па выніках якога крымінальны вышук РАУС быў лепшым у вобласці і ўвайшоў у тройку самых эфектыўна працуючых у краіне.
– На такі вынік працавалі ўсе без выключэння нашы супрацоўнікі,– падкрэслівае начальнік аддзялення маёр міліцыі Віталій Давідоўскі.
За больш як два дзесяцігоддзі службы яму асабіста давялося скрупулёзна, часта па крупінках, раскрываць абставіны соцень крымінальных спраў. І да кожнай – самая пільная ўвага, надзвычай адказны падыход, таму што за любой такой справай – чалавечыя лёсы: не толькі пацярпелых, але і падазроных, іх сем’яў.
Сваім вопытам, напрацоўкамі, назіраннямі кіраўнік падраздзялення дзеліцца з калегамі. У штаце службы сёння 6 оперупаўнаважаных (двое з  іх – старшыя). Напрыклад, Андрэй Чаранкевіч, хаця і малады супрацоўнік, у крымінальны вышук прыйшоў у 2012-м, але ўжо зарэкамендаваў сябе добрым спецыялістам. У кола яго абавязкаў уваходзяць і пытанні барацьбы з распаўсюджваннем і ўжываннем наркотыкаў.
Старанны, прафесійна граматны, на службе не лічыцца з асабістым   часам, – характарызуе падначаленага Віталій Давідоўскі. Прыклад для калег – і старшыя аператыўнікі Міхаіл Сцепанькоў, Дзмітрый Прыхач.
Сваю чарговую перамогу калектыў успрыняў сціпла. Але, канешне, і не без задавальнення. А яшчэ з    разуменнем, што такая ацэнка патрабуе ёй адпавядаць.
Святлана БЕЛЬМАЧ.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *