https://Спасылка на каханне

Вечар з такой незвычайнай назвай сабраў маладых ляхавічан у гарадскім Доме культуры ў мінулую суботу. Нягледзячы на тое, што рамантычнае зімовае свята ўсіх закаханых адзначалася на некалькі дзён раней, хлопцы і дзяўчаты зноў акунуліся ў яго чароўную атмасферу. Спачатку даведаліся, чаму менавіта 14 лютага? Каханню прысвячаюцца кнігі, карціны, кінафільмы, і кожны ўспрымае гэта пачуццё па-свойму. Паглядзелі відэаролік, дзе нашы землякі –  маленькія і дарослыя – разважалі пра каханне. Меркаванні былі самыя розныя, але такія шчырыя.
Адказала на пытанне рыфмаванымі радкамі і ляхавічанка Алена Капцэвіч. Яе паэтычным дэбютам стаў уласнанапісаны верш.
А выступленні рэп-выканаўцаў Івана Негарожына і Астамура Абгаджавы прымусілі зал пашумець. Ім  дружна падпявалі, танчылі. А пад павольныя кампазіцыі публіка ўстроіла невялікі флэшмоб: адзін за адным пачалі загарацца ліхтарыкі тэлефонаў, памяшканне напоўнілася агеньчыкамі, нагадвала зорнае неба.
Вясёлыя конкурсы прымусілі хлопцаў і дзяўчат уключыць кемлівасць і вынаходлівасць, падысці да заданняў з гумарам. Суботні вечар атрымаўся па-сапраўднаму яркім і запамінальным. Звычайнай дыскатэкай сёння нікога не здзівіш. А такі фармат адпачынку ляхавіцкай моладзі даспадобы. Чым праводзіць час у сацыяльных сетках або за камп’ютарнымі гульнямі, лепш сустрэцца з сябрамі на тэматычнай вечарыне. Гэта магчымасць пазнаёміцца з творчасцю равеснікаў, зарадзіцца энергіяй ад таленавітых людзей і проста адпачыць ад вучэбных будняў.
Маргарыта КУХТА,
студэнтка інстытута журналістыкі БДУ.
Фота аўтара.


Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *