РасПІВАць забаронена

Сакавіцкі вечар. Тэрыторыя каля ўваходу ў будынак цэнтральнай раённай бальніцы. Чацвёра юнакоў каля лавачкі спакойна пілі піва. Не вытрымала, падышла да кампаніі. Адбылася наступная размова: — Рабяты, вы што, не ведаеце: за распіццё піва ў грамадскіх месцах можна атрымаць штраф амаль да 300 тысяч рублёў. — Чуць чулі. Але нас ніхто не бачыць. І хіба тут грамадскае месца? Тым больш, што за першы раз усё роўна пакарання не будзе… Давялося растлумачыць хлопцам, што да грамадскіх месцаў адносяцца паркі, стадыёны, вуліцы, вакзалы, аўтобусы, цягнікі і г.д. Гэта па-першае, а па-другое, нават калі ўпершыню затрыманы за распіццё спіртнога ў грамадскім месцы, то штрафу ў памеры ад 1 да 8 базавых велічынь не пазбегнуць. Няведанне закона не вызваляе ад адказнасці перад ім. Пры паўторным аналагічным правапарушэнні на працягу года ўжо давядзецца заплаціць ад 2 да 15 базавых велічынь.Так што варта падумаць, ці каштуе сумніўнае задавальненне ад выпітай на вуліцы бутэлькі піва значнай сумы грошай з уласнага бюджэту і праблем з законам? Па словах начальніка аддзялення аховы правапарадку і прафілактыкі РАУС Дзмітрыя Юруця, за апошні месяц складзена 205 пратаколаў за распіццё алкагольных, слабаалкагольных напояў ці піва і за знаходжанне ў п’яным выглядзе ў грамадскіх месцах. Пераважную большасць з затрыманых складаюць асобы, якія знаходзяцца на прафілактычным уліку ў РАУС (хранічныя алкаголікі, абавязаныя асобы, раней судзімыя), а таксама маладыя людзі, у тым ліку і непаўналетнія. “Адзначалі дзень нараджэння сяброўкі”, “Трапіў у кампанію”, “Мы толькі піва па- крыху, а гарэлку не пілі”, — такія даюць тлумачэнні. У асноўным месцам распіцця выбіраюць гарадскі парк, аўтастанцыю, пляцоўкі каля магазіна “Усходні”, прыступкі кафэ “Алеся” і “Маладзёжнае”, стадыён “Колас”. Хаця спартыўнае месца і алкаголь увогуле паняцці несумяшчальныя. На стадыён людзі ідуць займацца спортам, умацоўваць здароўе, а не разбураць яго лішнімі градусамі. З уступленнем у сілу змяненняў і дапаўненняў у некаторыя кодэксы Рэспублікі Беларусь па пытаннях крымінальнай і адміністрацыйнай адказнасці, канечне, радзей можна сустрэць на вуліцах райцэнтра чалавека, распіваючага “лёгкі” алкагольны напітак. — Закон аднолькавы для ўсіх без выключэння, і ніякіх скідак ціхім выпівохам ці тым, хто па нейкіх прычынах не ведае ці не хоча ведаць пра змяненні ў заканадаўстве, не будзе. За парушэнне прадугледжваецца пакаранне, — гаворыць Дзмітрый Юруць. Увогуле, бутэлька піва ў руках юнака, тым больш падлетка павінна перастаць быць сімвалам “круцізны”, спосабам павышэння самаацэнкі ці крытэрыем даросласці. Акрамя таго, алкагалізацыя ўплывае на ўзровень злачыннасці. Дарэчы, у Беларусі на наркалагічным уліку знаходзяцца 15 тысяч падлеткаў з дыягназам “хранічны алкагалізм”. На больш высокі ўзровень трэба паставіць растлумачальную і папераджальную работу ў гэтым накірунку як з боку супрацоўнікаў міліцыі, так і педагогаў, псіхолагаў, медыкаў, культработнікаў і, безумоўна, актывістаў маладзёжных і грамадскіх арганізацый. З пачатку года выяўлена 14 парушэнняў антыалкагольнага заканадаўства (самагонаварэнне і продаж спіртаўтрымліваючых вадкасцей). Міліцыянеры выявілі і знішчылі 510 літраў брагі, 36,5 літра самагону, 3,5 літра фальсіфікаваных спіртных напіткаў і 8 самагонных апаратаў. Ужыванне алкаголю, тым больш сурагатнага прыносіць непапраўную шкоду здароўю, а таксама з’яўляецца прычынай сямейных скандалаў, у да- лейшым – поўнай дэградацыяй асобы. Галіна КАНЬКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *