Поўная перамога

Узнікшая шмат часу таму ў далёкай усходняй краіне барацьба дзюдо, адпаведна, і тэрмінамі аперыруе японскімі. Што тычыцца вызначэння ступені кваліфікацыйнай падрыхтоўкі спартсменаў, “баявой” формы іх адзення, месца правядзення схватак, ацэнкі выніковасці дзеяння і многае іншае. Напрыклад, “іпон” у перакладзе з ары-гінальнай мовы азначае “поўная перамога”. Іменна такой ацэнкі, на мой погляд, заслугоўвае выступленне нашых спартсменаў на адкрытым кубку АСП “Ляхавіцкі дзяржаўны аграрны каледж” УА “Баранавіцкі дзяржаўны ўніверсітэт” па дзюдо, што ў мінулыя пятніцу-суботу праходзіў у зале ДЮСШ.
За яўнай перавагай ляхавічане першынствавалі ў неафіцыйным камандным заліку, сабралі багаты ўраджай прызоў за асабістыя выступленні ў розных вагавых катэгорыях.
Сёлетняе мерапрыемства было ўжо 5-м па ліку: сціплы, аднак, тым не менш, юбілей. Мяняўся фармат, пры гэтым традыцыі турніру толькі мацнелі, пашыралася геаграфія ўдзельнікаў, рос аўтарытэт. Так падчас цырымоніі ўрачыстага адкрыцця спаборніцтваў адзін з заснавальнікаў беларускага дзюдо Заслужаны трэнер СССР і БССР, уладальнік некаторых іншых спецыяльных званняў і тытулаў Сямён Гуманаў адзначыў, што даны турнір будзе разглядацца Федэрацыяй дзюдо як адзін з этапаў падрыхтоўкі і адбору юных спартсменаў да ўдзелу ў спабор-ніцтвах самага высокага ўзроўню.
Для ЛДАКа правядзенне спаборніцтваў цікавае яшчэ і магчымасцю паказаць спартыўную прыцягальнасць установы, пашырыць такім чынам кола сваіх патэнцыяльных абітурыентаў, што ў выпадку паступлення мелі б магчымасць сумяшчаць-працягваць прафесійную і спартыўную адукацыю. Прывабнасць несумненная і ўзаемная.
У спаборніцтвах бралі ўдзел дзюдаісты з латвійскіх гарадоў Рыга і Алуксне, літоўскага Шаўляя, Расійская Федэрацыя была прадстаўлена спартсменамі Масквы і Санкт-Пецярбурга. Што да нашай краіны, то пазмагацца за кубак ЛДАКа ў Ляхавічы наведаліся многія мацнейшыя барцы з усіх абласцей Рэспублікі Беларусь, у тым ліку горада Мінска. Усяго – амаль 3 сотні прадстаўнікоў і прадстаўніц розных вагавых і ўзроставых катэгорый. 9 з 50 ляхавічан, што ўвогуле выходзілі на татамі, пакінулі яго пераможцамі. Лепшымі ў сваіх намінацыях сталі Крысціна Янушка, Алеся Барысевіч, Кацярына Грамак, Ягор Прыхач, Данііл Керымаў, Кірыл Ланкуць, а таксама браты Піліногі – Кірыл, Уладзіслаў і Ілья. Акрамя таго, на рахунку нашых юных дзюдаістаў 2 другіх і 5 трэціх прызавых месцаў.
Фінансавыя і арганізацыйныя клопаты па правядзенні 5-га адкрытага кубка ЛДАКа па дзюдо ў розных прапорцыях падзялілі паміж сабой непасрэдна аграрны каледж, раённы выканаўчы камітэт і аддзел па справах моладзі Брэсцкага аблвыканкама.
Іван КАВАЛЕНКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *