Восень патрабуе чысціні. У Ляхавічах рэйдавая група маніторыць ход правядзення раённага месячніка чысціні і парадку


Менш за месяц засталося да пачатку каляндарнай зімы. Але першы снег можа выпасці ў любы момант. І пажадана, каб ён прыгожа накрыў зямлю, а не замаскіраваў бардак і безгаспадарчасць. Жыхары Ляхавіччыны прадаўжаюць добраўпарадкаванне ў горадзе і сельскіх населеных пунктах. Рэйдавая група маніторыць ход правядзення раённага месячніка чысціні і парадку.
– Ёсць прадпрыемствы і аргані-зацыі накшталт СААТ «Ляхавіцкі малочны завод», райбальніцы, ТАА «Ляхавічыдрэў Экспарт», гімназіі, раёна газазабеспячэння, ТАА «ЮстаПласт», якія на пастаяннай аснове клапоцяцца пра тое, каб на тэрыторыі быў парадак. Тут заўжды аптымістычная карціна ў плане навядзення парадку. Разам з тым даводзіцца канстатаваць, што не ўсе ўключыліся ў месячнік, добрасумленна і якасна наводзяць парадак. Не зусім гаспадарскі падыход у навядзенні парадку на тэрыторыях, што знаходзяцца ў зоне іх адказнасці, дэманструе шэраг прыватных арганізацый, размешчаных на вуліцы Працоўнай райцэнтра. Што тычыцца шэрага іншых правераных аб’ектаў, то на многіх з іх выпраўлены недахопы, – падводзіць прамежкавыя вынікі месячніка начальнік аддзела архітэктуры, будаўніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Марына Завадская.
Дзень за днём кіпіць работа ў палацава-паркавым комплексе ў вёсцы Грушаўка, куды амаль штодня прыязджаюць прадстаўнікі розных калектываў нашага раёна, школьнікі, каляджане. Агульная задача – зрабіць гэты турыстычны аб’ект яшчэ больш уладкаваным і прывабным для гасцей. Не толькі ў Грушаўку вядуць шляхі-дарогі тых, хто жадае паўдзельнічаць у агульнамаштабным добраўпарадкаванні. Нямала і іншых месцаў – гарадскія паркі і скверы, зона адпачынку на рацэ Ведзьме, дзе спраўляюцца з апалым лісцем, падмятаюць, наводзяць парадак землякі.
А тым часам на мінулым тыдні сярод тых, хто трымаў экзамен на добраўпарадкаванасць, некаторыя прадпрыемствы прыватнай формы ўласнасці.
– Станоўчую адзнаку за стан прылеглай тэрыторыі атрымалі ПУП «Влата-Аўта» і ТАА «ПліткаДомБуд». Куды больш уладкаванай стала тэрыторыя ПУП «Цвірко і К». Да ідэальнага парадку, канешне ж, яшчэ трэба папрацаваць, але, галоўнае, што зрухі да лепшага ёсць, – удакладняе Марына Завадская.
Актыўна вядуцца работы па добра-ўпарадкаванні ў кожным з сельсаветаў раёна. Да справы дзяржаўнай важнасці далучаюцца работнікі сельвыканкамаў, дэпутаты розных узроўняў, педагогі і школьнікі, культработнікі і медыкі, сельгаспрацаўнікі. Аб’екты, дзе плённая праца не лішняя, самыя разнастайныя: дзіцячыя пляцоўкі, паркі, тэрыторыі агульнага карыстання і г. д.
Галіна КАНЬКО.
Фота з архіва ЦЗДБА Ляхавіцкага раёна.

