У «Кастрычніку» – «Лістапад». Ляхавіцкі «Кастрычнік» стаў лакацыяй, дзе можна пагрузіцца ў праграму фестывалю.

30 кастрычніка ў сталіцы афіцыйна дадзены старт адной з галоўных культурных падзей кінавосені.

ХХХІІ Міжнародны кінафес-тываль «Лістапад» аб’яднаў тых, для каго гэта – глыток свежага паветра, для каго гадзіны каля экрана становяцца часам паглыблення ў творчасць і свет сюжэту, хваляванняў за персанажаў, інтрыг і чакана-нечаканых кульмінацый.

Ляхавіччына таксама мае дачыненне да гэтай творчай падзеі. Дакладней, наш «Кастрычнік» стаў лакацыяй, дзе можна пагрузіцца ў праграму фестывалю. Напрыклад, гэтымі днямі адбыўся паказ сямейнай драмы-камедыі рэжысёра Даміра Абілханава (Казахстан) «Жабайы», што ў перакладзе азначае «Дзікі». Лічу кінастужку адным з яркіх сюжэтаў агульнай карціны «Лістапада». Бо фільм сапраўды адлюстроўвае дэвіз фестывалю: «Глядзі. Жыві. Цані». Сюжэт фільма родны кожнаму, магчыма, ад таго і глядзіцца на адным дыханні. Гэта цёплая, шчырая гісторыя пра сяброўства адзінокага хлопчыка Казбека і бадзяжнага сабакі па клічцы Жабайы. У захапленні застануцца і дарослыя, і дзеці. Фільм пра нас, дарослых, пра нашу адказнасць і гуманнасць. Фільм пра дзяцей і для дзяцей, гэта пра выхаванне сапраўднай смеласці, клопату, вернасці, шчырасці дзіцячай душы.
Работнікі і навучэнцы ўстаноў і арганізацый горада і раёна, выхаванцы і бацькі замяшчальных сем’яў паспелі ацаніць стужку, разам з тым стаць часткай шчымлівай гісторыі.

Падчас дзён нацыянальнага кіно на «Лістападзе-2026» на экранах паказваюць лепшыя фільмы беларускіх рэжысёраў. Праграма кінападзеі напоўнена нацыянальным кіно Казахстана, Кітая, Індыі, Пакістана, Расіі… А ў нашым «Кастрычніку» свой «Лістапад», чакаем усіх!
Уладзіслаў ЛАЗОЎСКІ, дырэктар КУКП «Ляхавіцкая раённая кінавідэасетка».