Каб ухіліць парушэнні, трэба выключыць фармалізм. Што разглядалася на апаратнай нарадзе ў старшыні Ляхавіцкага райвыканкама

Прадстаўленне пракуратуры «Аб ухіленні парушэнняў заканадаўства пры выкананні адміністрацыйнага спагнання, прычын і ўмоў, якія ім садзейнічаюць» – пытанне, што разглядалася на апаратнай нарадзе ў старшыні райвыканкама.

Рашэннем райвыканкама ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама вызначана як орган, што выконвае адміністрацыйнае спагнанне ў выглядзе грамадскіх работ.
Пракурор Ляхавіцкага раёна Станіслаў Давідавічус адзначыў, што праведзены аналіз захавання парадку выканання адміністрацыйнага спагнання ў выглядзе грамадскіх работ паказаў дапушчэнне парушэнняў заканадаўства.
Пракурор раёна нагадаў: грамадзянін, на якога ўскладзена адміністрацыйнае спагнанне, прыцягваецца да выканання грамадскіх работ не пазней дзесяцідзёнкі з дня паступлення ў мясцовы выканаўчы і распарадчы орган пастановы аб адміністрацыйным спагнанні. Ён канстатаваў, што на практыцы ўказаных тэрмінаў не прытрымліваюцца. Напрыклад, жыхар раёна, згодна з адміністрацыйным спагненнем, павінен быў пачаць адпрацоўку 30 гадзін грамадскіх работ з 29 красавіка 2022 года. Аднак
быў накіраваны на работы толькі праз 20 дзён. Дарэчы, такая сітуацыя не адзінкавая. Сярод дапушчаных упраўленнем па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама парушэнняў Станіслаў Давідавічус назваў тое, што ў паведамленнях, якія адпраўляюцца, не ўказваецца канкрэтная дата яўкі грамадзяніна ва ўпраўленне для азнаямлення з парадкам і ўмовамі выканання адміністрацыйнага спагнання, а таксама для вызначэння аб’екта, дзе грамадзянін будзе працаваць. Так, ў паведамленні ўказана наступнае: «тэрмінова з’явіцца для адбыцця адміністрацыйнага спагнання»
што, па меркаванні пракурора, не спрыяе своечасоваму прыцягненню ўказаных грамадзян да выканання грамадскіх работ.
Наступнае парушэнне тычыцца фактаў непрадастаўлення графікаў выканання грамадскіх работ адносна некалькіх чалавек. Што адпаведна не дазваляе ажыццяўляць кантроль за выкананнем асобай, якой прызначана адміністрацыйнае спагнанне, парадку і ўмоў яго выканання.
Акрамя таго, пракурор раёна акцэнтаваў увагу на тым, што, калі грамадзянін з адміністрацыйным спагнаннем дапускае пэўныя парушэнні пры выкананні грамадскіх работ, то ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне павінна афіцыйна папярэдзіць яго аб адміністрацыйнай адказнасці за ўхіленне ад выканання грамадскіх работ. Аднак такое патрабаванне заканадаўства ўпраўленнем сістэматычна ігнаруецца. А гэта ў далейшым цягне за сабой немагчымасць прыцягнення грамадзяніна да адміністрацыйнай адказнасці па артыкуле 25.13 КоАП.
Сур’ёзным недахопам у дзейнасці ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Станіслаў Давідавічус назваў адсутнасць належнага міжведамаснага ўзаемадзеяння
з раённым аддзелам унутраных спраў па пытаннях яўкі да месца працы асоб, якія ўхіляюцца ад выканання грамадскіх
работ. І чарговы прыклад: адміністрацыйнае спагнанне ў адносінах да аднаго з жыхароў раёна ажыццяўляецца на працягу шасці месяцаў.
Пракурор прапанаваў распрацаваць форму афіцыйнага папярэджання, што адпавядае патрабаванням Працэсуальна-выканаўчага кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях. Акцэнтаваў увагу і на неабходнасці выключэння практыкі накіравання папярэджанняў паштовай карэспандэнцыяй, выпадкаў неабгрунтаванага вяртання без выканання пастановы суда аб накладанні адміністрацыйнага спагнання ў выглядзе грамадскіх
работ.
Старшыня райвыканкама Мікалай Мароз адзначыў, што ў вырашэнні азначанага пытання насцярожвае фармалізм, з якім супрацоўнікі некаторых службаў, у прыватнасці, упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, падыходзяць да вырашэння такога кшталту праблем. Падобныя падыходы неабходна неадкладна выкараняць. Таксама кіраўнік раёна падкрэсліў, што распрацаваны дакладны алгарытм выканання адміністрацыйнага спагнання, а вось узаемадзеянне паміж рознымі службамі, у абавязках якіх кантроль, адсутнічае. Неадкладна трэба выпраўляць сітуацыю і не дапускаць яе паўтарэння.

Галіна КАНЬКО.