Праблемы вырашаюцца! 25 студзеня адбыўся сход грамадзян у аграгарадку Нача

Традыцыя сходаў па вырашэнні пытанняў мясцовага значэння набірае абароты зацікаўленасці, запатрабаванасці, а, галоўнае, павышаецца ўзровень эфектыўнасці. Што і пацвердзіла чарговая сустрэча такога фармату, якая 25 студзеня прайшла ў аграгарадку Нача.

БОЛЬШ ФОТА ПА СПАСЫЛЦЫ

Поўная зала адпавядала ўзроўню зацікаўленасці, жадання мясцовых жыхароў зрабіць сваю малую радзіму кутком прыцягальнасці і камфортнага жыцця. На пачатку сустрэчы старшыня Начаўскага сельвыканкама Вячаслаў Новік прааналізаваў галоўныя здабыткі 2022 года, вызначыў, над чым працягнецца работа ў новым. У сельсавеце шмат зроблена па навядзенні парадку на зямлі і добраўпарадкаванні населеных пунктаў.
Вядзецца пэўная работа з пустуючымі дамамі (а іх на тэры-
торыі сельсавета 27). У мінулым годзе пяць дамоў былі знесены, два – прызнаны безгаспадарнымі (знаходзяцца ва ўласнасці сельсавета).
Таксама Вячаслаў Новік акрэсліў шэраг праблемных момантаў, якія ўплываюць на якасць жыцця вяскоўцаў. Праблемны рэйтынг «узначальваюць» праблемы тыповага характару: неабходнасць дарожнага рамонту, добраўпарадкавання тэрыторыі магазіна райпо, рамонт дарожнага ўчастка каля адноўленага моста па вуліцы Савецкай у Начы…
Многія пытанні часам вырашаюцца, як гаворыцца, тут і цяпер. Галоўнае, правільна выбудаваць лагічны ланцужок вырашэння, а ў гэтым плане важна ведаць, куды і да каго звярнуцца са сваім пытаннем. Таму і дзейсныя сходы грамадзян: паколькі на іх прысутнічаюць кіраўнікі ці прадстаўнікі амаль усіх службаў раёна, а кожнае агучанае пытанне застаецца ў полі ўвагі кіраўнікоў раёна.
Непрыемны лёс у «мокрай» сітуацыі ў адным з дамоў па начаўскай вуліцы Савецкай. Па словах жыхаркі, у доме працякае дах, ёсць праблемы з праводкай, ды і рамонт столі абыходзіцца не танна. Дом знаходзіцца на балансе ААТ «Нача», частка кватэр прыватызавана, ёсць і нежылыя квадратныя метры. Восенню 2022-га за кошт гаспадаркі праведзены бягучы рамонт. Старшыня раённага выканаўчага камітэта Мікалай Мароз адзначыў, што такое сур’ёзнае пытанне варта вырашаць жыхарам сумесна з кіраўніцтвам мясцовага прадпрыемства. Дырэктар ААТ «Нача» Мікалай Тарлюк праблему ведае. Ужо быў праведзены рамонт электраправодкі ў адной з кватэр і падвальных памяшканнях на суму больш за 4 000 рублёў, якія выдзеліла прадпрыемства. А вясной Мікалай Тарлюк прапанаваў сустрэцца з жыльцамі дома і дагаварыцца наконт матэрыялаў і правядзення капрамонту.
Яшчэ адно пытанне ў хуткім часе вырашыцца, калі да жыхаркі аднаго з дамоў па вуліцы Палявой прыедзе землеўпарадкавальная служба. Справа ў тым, што ў згаданага дома, на жаль, няма свайго двара, дзе была б магчымасць весці падсобную гаспадарку.
Добраўпарадкаванне тэры-
торыі аграгарадка Нача – самая хвалюючая тэма для мясцовага насельніцтва. Дарожнае пакрыццё, як адзначыў начальнік
ДРБУ-200 Ігар Пілінога, свой тэрмін ужо адслужыла. Ямачны рамонт – гэта часовае вырашэнне, тут патрэбна глабальнае абнаўленне. На гэты год дарогі ў Начы ў рамонтным плане не значацца.
Сярод прычын, чаму сюды «не ідзе» асфальт, – і рамонтныя работы ў сувязі з газіфікацыяй населенага пункта. Усё ж такі варта крыху пачакаць, і тыя тэрыторыі, якія патрабуюць аднаўлення,
будуць добраўпарадкаваны.
Не аднойчы жыхары Начы прасілі разабрацца з тэрыторыяй каля магазіна «Родны кут». Маўляў, там заўжды бруд і лужы. Кіраўнік раёна даручыў разгледзець гэтае пытанне кіраўніцтву райпо і ДРБУ-200. Сярод хвалюючых і сітуацыя з добраўпарадкаваннем аўтобуснага прыпынку.
Зараз аграгарадок Нача знаходзіцца ў цэнтры газіфікацыі. Хутка і сюды прыйдзе блакітнае паліва. Аднак нюансаў па гэтым пункце шмат. Таму начальнік раёна газазабеспячэння Аляксандр Кунцэвіч прапанаваў дэталёва абгаварыць усё на асобным сходзе, каб не пакінуць ніводнага спрэчнага пытання. Аграгараджане падтрымалі.
Заўжды шмат пытанняў у сферы камунальна-бытавога абслугоўвання. Да дырэктара КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ» Андрэя Чайкоўскага звярнуліся з просьбай пераглядзець графік вывазу смецця. Часам сметнік «ініцыююць» нядбайныя гаспадары, і вяскоўцы самі адзначылі – такія выпадкі таксама маюць месца. Былі скаргі і наконт якасці пітной вады. Андрэй Чайкоўскі паабяцаў праманіторыць і высветліць прычыны такой сітуацыі.
Падчас сходу жыхарам яшчэ раз нагадалі пра пажарную бяспеку, паведамілі пра крымінагенную абстаноўку на тэрыторыі сельсавета.
Вынік сустрэчы падсумаваў старшыня райвыканкама Мікалай Мароз. Ён адзначыў, што сёння кіраўніцтва раёна заўжды на сувязі з насельніцтвам. Са сваімі праблемамі і прапановамі жыхары раёна звяртаюцца і на прамыя лініі, і падчас асабістых прыёмаў грамадзян. Плён даюць і такія сходы.
А традыцыю сустракаць удзельнікаў сходу канцэртам працягнуў вакальны гурт «Таямніца» Жарабковіцкага СДК.

Маргарыта КУХТА-МАСЛОЎСКАЯ.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.