Абнаўленне з працягам. У цэнтры ўвагі медыцынскія ўстановы ў сельскай мясцовасці.

І зноў у цэнтры ўвагі медыцынскія ўстановы ў сельскай мясцовасці. На паверцы – Галаўнінскі, Сваятыцкі і Адахаўшчынскі ФАПы. Гэтыя нядаўна абноўленыя ўстановы аховы здароўя напрыканцы мінулага тыдня праінспектавалі, а таксама паразмаўлялі з тутэйшымі работнікамі намеснік старшыні райвыканкама Галіна Бацэнка і галоўны ўрач Ляхавіцкай ЦРБ Георгій Хлябовіч.

Сваятыцкі ФАП сапраўды не пазнаць. За тры месяцы яго стары будынак ператварыўся ў сучасны, дзякуючы маштабнай рэканструкцыі, якая закранула як унутраныя памяшканні, так і вонкавы выгляд. У рэшце рэшт, у будынак прыйшлі водаправод і каналізацыя, усталявана неабходнае сантэхнічнае абсталяванне, заменены электраправодка, ацяпляльная сістэма, замест старых з’явіліся энергазберагальныя электралямпы. У плітку «апрануліся» сцены ў кабінетах (працэдурным, для прыёму пацыентаў), падсобных памяшканнях, адрамантаваны дах медустановы, устаноўлена новая агароджа, праводзіцца добраўпарадкаванне тэрыто-рыі – пасеяна газонная трава, уладкавана тратуарная плітка. Усё вышэйпералічанае – справа рук будаўнічай брыгады ААТ «Жарабковічы» і рабочых Ляхавіцкай райбальніцы.
Малады спецыяліст загадчыца ФАПа Ксенія Пірштук не толькі кантралявала ход работ, але і сама была іх непасрэднай удзельніцай. У абноўленым будынку чысціню і парадак наводзіць санітарка Ніна Гібеж.
– За нашым ФАПам замацавана 224 чалавекі, з якіх
36 – дзеці. З нецярпеннем чакаю, калі пачну прымаць пацыентаў у адрамантаваных памяшканнях. Усё цудоўна, з выгодамі. Выдат-
ныя ўмовы і для нас, медыкаў, і для наведвальнікаў, – гаворыць Ксенія Пірштук. Дарэчы, мінулагодняя выпускніца медкаледжа – мясцовая, тут жывуць яе бацькі.
Нямала абновак і ў Адахаўшчынскім ФАПе: вокны, упрыгожаныя сучаснымі жалюзі, замененыя сістэмы ацяплення і водазабеспячэння, вадасцёкавая сістэма, абсталяванне, падрамантаваны фасад будынка, адмостка – толькі частка зробленага за тры тыдні брыгадай гаспадарчай групы райбальніцы.
– Ад імя ўсіх жыхароў Адахаўшчыны, якія вельмі задаволены змяненнямі, што адбыліся ў нашым ФАПе, хачу падзякаваць кіраўніцтву Ляхавіцкага раёна і райбальніцы за клопат і падтрымку. Мы вельмі рады, што цяпер у нашай медустанове такі парадак і такая камфортная ўладкаванасць, – сказала загадчык ФАПа Тамара
Манчык.
На Галаўнінскім ФАПе прыём пацыентаў, як і іншыя паўсядзённыя медыцынскія справы, ідуць звыклай чаргой. Медустанова была адрамантавана і абсталявана да раённага свята «Дажынкі-2023», якое сёлета праходзіла ў Галаўнінцах. Новыя ўваходная група і столь, сантэхніка і энергазберагальныя лямпы, вокны і мэбля, на падлозе лінолеум, тэрыторыя вакол ФАПа добраўпарадкавана – прыгожа, камфортна, утульна.
– Пачатая яшчэ вясной работа па рамонце і добра-
ўпарадкаванні ўстаноў аховы здароўя, у тым ліку сельскіх, будзе прадоўжана. Гэта даручэнне Прэзідэнта. Асноўная мэта такога маштабнага абнаўлення – каб жыхары сельскай мясцовасці атрымлівалі медыцынскія паслугі ў камфортных
умовах. Канешне, убачанае радуе. Важна, што не толькі кіраўніцтва Ляхавіцкай ЦРБ зацікаўлена ў такім істотным змяненні ў сельскіх медустановах, але відавочныя клопат і інтарэс тутэйшых работнікаў. Звярну ўвагу на яшчэ адзін момант: за знешнімі пераўтварэннямі, што адбыліся ў будынках і на тэрыторыі ФАПаў, нельга забываць пра якасць і даступнасць меддапамогі. Практыка рэгулярнага прыезду на замацаваныя ФАПы ўрачоў агульнай практыкі будзе прадоўжана – у новых куды больш камфортных умовах, – адзначае Галіна Бацэнка.
Не хавае задавальнення і галоўны ўрач Ляхавіцкай ЦРБ, які неаднаразова выязджаў на рамантуемыя аб’екты пракантраляваць ход работ і ўнесці пэўныя карэктывы.
– Зроблена нямала. Маніторынг паказаў, што работы выконваюцца якасна, абсталяванне набылі таксама добрае. Істотную частку рамонтных работ, набыццё абсталявання прафінансаваў раённы бюджэт. Але вельмі дапамаглі і спонсары – ААТ «Жарабковічы», ЗАТ «Белпрампрыбор», фермерская гаспадарка «Фораланд». За што ім шчыры дзякуй. Напачатку кастрычніка гэтага года абноўленымі сустрэнуць пацыентаў Тухавіцкая і Ліпская амбулаторыі ўрача агульнай практыкі, Свяціцкі ФАП, – расказвае Георгій Хлябовіч.