Творчы год пачаўся! З 4 па 10 верасня супрацоўнікі ЦДАДіМ са шматлікімі акцыямі і прэзентацыямі наведалі дзіцячыя садкі і школы

Калі пачатак новага навучальнага года традыцыйна прыпадае на першы дзень верасня, то ў «пазашкольнікаў» звычайна новы творча-спартыўны год пачынаецца з 10 верасня. А напярэдадні праходзіць тыдзень устаноў дадатковай адукацыі. Вось і сёлета з 4 па 10 верасня супрацоўнікі ЦДАДіМ са шматлікімі акцыямі і прэзентацыямі наведалі дзіцячыя садкі, школы, каб запрасіць хлопчыкаў і дзяўчынак у запамінальнае падарожжа па краіне творчасці, новых ідэй, сумесных адкрыццяў, прыгожых вырабаў, фантазіі і крэатыву.

Фінальным акордам тыдня стала забаўляльная
праграма-канцэрт у мінулую суботу. Пасля летніх канікулаў на доўгачаканую сустрэчу з педагогамі прыйшлі рабяты і іх бацькі. Песні і танцы, гульні і загадкі, конкурсы і віктарыны, выставы дэкаратыўна-прыкладной творчасці і майстар-класы – такую насычаную праграму прапанавалі педагогі ЦДАДіМ.
– У панядзелак наш цэнтр чарговы раз гасцінна адчыніў дзверы для тых рабят, якія маюць жаданне і інтарэс навучыцца майстраваць уласнымі рукамі прыгожыя і карысныя рэчы, развіваць свае творчыя і інтэлектуальныя здольнасці. Пасля капітальнага рамонту ў будынку стала вельмі ўтульна, цёпла, прасторна – дзякуй за такі клопат. Педагогі ЦДАДіМ таленавітыя і вопытныя, развіваюць патэнцыял дзяцей, адкрываюць таленты. На высокім узроўні ў нас патрыятычнае выхаванне, нямала ўвагі надаецца краязнаўчай рабоце. Наладжана цеснае ўзаемадзеянне з бацькамі выхаванцаў, шчыльна і вынікова супрацоўнічаем і са школамі. Нашы хлопчыкі і дзяўчынкі выдатна зарэкамендавалі сябе на шматлікіх творчых і інтэлектуальных конкурсах, фестывалях, дзе дастойна прадстаўляюць Ляхавіччыну. Усіх неабыякавых і крэатыўных юных землякоў запрашаем у наш цэнтр, запісвайцеся і не пашкадуеце. У нас сёлета будзе дзейнічаць каля сотні аб’яднанняў па інтарэсах,
адзначае дырэктар ЦДАДіМ Людміла Юнік.

Галіна КАНЬКО.