Гарачыня вераснёўскіх работ і надвор’я. У Ляхавіцкім раёне пачалася ўборка цукровых буракоў

Некалькі дзён назад у раёне пачалася ўборка цукровых буракоў. Зрэшты, гісторыя з уборкай цукровага караняплода ўраджаю-2023 пакуль яшчэ зусім кароткая. А плошчы, на якіх гэта культура вырошчваецца, ці, сказаць больш правільна, ужо вырашчана, даволі «доўгія». Іх камбайнаванне будзе працягвацца не адзін тыдзень.

Пакуль, па стане на раніцу панядзелка, першыя чатыры дзясяткі гектараў прынеслі «Жарабковічам» каля дзвюх тысяч тон сыравіннага прадукту.
Але ж, акрамя буракоў, вераснёўскі сельскагаспадарчы расклад адрозніваецца разнастайнасцю, маштабнасцю работ, працоўнай гарачынёй і ўсё яшчэ гарачым надвор’ем.
Апошняе асабліва дарэчы льнаводам. Ужо некалькі тыдняў доўжыцца ўборка трасты. Седлавыя цягачы з паўпрычэпамі, трактары, дапоўненыя доўгімі цялежкамі-платформамі і запоўненыя рулонным грузам, з’яўляюцца звыклымі на дарогах раёна. Таксама можна назіраць, з якой хуткасцю запаўняюцца складскія навесы Ляхавіцкага льнозавода. Пры тым, што, як вядома, ураджайнасць паўночнага шоўку ў гэтым годзе саступае мінулагоднім лічбам.
«Пайшлі» таксама і крупяныя культуры. Уборачныя плошчы проса і грэчкі ў раёне шырокімі не з’яўляюцца: першая размешчана на 115 сумарных гектарах у пяці гаспадарках раёна, другой некалькі менш, і вырошчваннем грэчкі сёлета займаюцца тры сельгасарганізацыі. «Жарабковічы» і «Ляхавіц-
кі» з задачай ужо справіліся, атрымалі амаль 30 і некалькі менш за 20 цэнтнераў грэцкага зерня на кожным сярэднім гектары адпаведна.
Уборка кукурузы на сілас і зялёны корм ахапіла ўсе сельскагаспадарчыя арганізацыі. Па інфармацыі ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні, найбольш важкую масу пакуль дае зялёны гектар СВК «Ляхавіцкі» – пад
490 цэнтнераў, што прыкладна на паўтары сотні адзінак перавышае сярэднераённы паказчык. А ў лідарах па тэмпах зялёнага жніва працягвае заставацца ААТ «Шлях новы». Са сваіх запланавых на сілас і зялёны корм амаль 1 400 гектараў навасёлкаўскія гаспа-
даркі скамбайнавалі прыкладна кожны чацвёрты.
На сілас закладзена больш за сем тысяч тон падрыхтаванай кукурузы. Прычым толькі за адзін нядзельны дзень больш як 980 тон. Па сутнасці, аб’ём сярэдняй сянажна-сіласнай траншэі.
Пры ўсёй важнасці работ па ўборцы вырашчанага ўраджаю аграрыі раёна, канешне ж, не забываюцца пра будучае, каб год наступны атрымаўся максімальна ўраджайным, патрэбен падмурак – якасна і своечасова праведзеная азімая пасяўная кампанія. На гэтых работах у сельгаспрадпрыемствах раёна сканцэнтраваны зараз значныя сілы, сродкі і намаганні. Аграрыі вызваляюць палі ад саломы, уносяць мінеральныя ўдабрэнні, выконваюць комплекс іншых палявых перадпасяўных і пасяўных работ. Увосень ім належыць адсеяцца прыкладна на 11 тысячах збожжавых гектараў. Хто не паспее з работамі да завяршэння першага асенняга месяца – той спазніўся. Кожны за межамі аптымальных тэрмінаў дзень сяўбы правакуе гарантаваны недабор ураджаю ў будучым. Вось і стараюцца, імкнуцца адсеяцца тэхналагічна, якасным насеннем і ў верасні. А пакуль, на пачатак другой яго дэкады, гаспадаркі раёна правялі сяўбу больш як на кожным пятым з запланаваных гектараў.

Іван КАВАЛЕНКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.