Нефігурнае катанне. За мінулы тыдзень і выхадныя па дапамогу медыкаў у Ляхавічах звярнуліся два чалавекі з галалёднымі траўмамі

Надвор’е ў снежні падносіць сюрпрызы: мінусавая тэмпература чаргуецца з ападкамі ў выглядзе дажджу і пацяпленнем. У выніку –галалёд. А гэтаз’ява даволі траўманебяспечная.

Як расказалі ў прыёмным пакоі райбальніцы, за мінулы тыдзень і выхадныя па дапамогу медыкаў звярнуліся два чалавекі з галалёднымі траўмамі. Абодва пацярпелыя былі шпіталізаваны для далейшага лячэння.

– Для таго, каб мінімізаваць верагоднасць падзення і траўматызму, выконвайце простыя парады, – гаворыць загадчык хірургічнага аддзялення Андрэй Пуцілаў. –Падрыхтуйце абутак з няслізскай падэшвай, модніцам рэкамендавана адмовіцца ад высокіх абцасаў. Глядзіце сабе пад ногі, старайцеся абыходзіць небяспечныя месцы. Калі няма вострай неабходнасці, пажылым людзям варта на час адмовіцца ад выхаду з дому. Калі ледзяную лужыну немагчыма абысці, ідзіце па ёй невялікімі слізготнымі крокамі. Рукі, па магчымасці, павінны быць свабодныя. Старайцеся не насіць цяжкія сумкі і не трымайце рукі ў кішэнях – гэта павялічвае верагоднасць падзення.

Калі ўсё ж такі ўпалі, не спяшайцеся падняцца, агледзьце сябе, ці няма траўмаў. Калі пасля падзення штосьці турбуе, звярніцеся за дапамогай да ўрача.

Ірына КУЗЬМІЧ.