Камп’ютарны наваселец абжываецца. У Ляхавічы дастаўлены і ўстаноўлены камп’ютарны тамограф

Усё бліжэй да таго імгнення, калі здаровая мара многіх землякоў стане рэальнасцю. “ЛВ” уважліва сочыць і адлюстроўвае на сваіх старонках і ў сацыяльных сетках шлях сучаснай медыцынскай абноўкі для УАЗ “Ляхавіцкая ЦРБ” – камп’ютарнага тамографа.


Па ўсіх неабходных канонах падрыхтавана памяшканне для навасельца. Дарэчы, на падрыхтоўку з мясцовага бюджэту выдаткавана 457 тысяч рублёў. Зроблены і яшчэ адзін важкі крок – кадравы. Загадчык рэнтгеналагічнага аддзялення райбальніцы Сяргей Памазанскі не толькі тэарэтычна, але на працягу больш за пяць гадоў практычна асвойвае навыкі работы на КТ. Акрамя таго, перанавучанне прайшоў урач- рэнтгенолаг Кацярына Мініч, набылі адпаведную кваліфікацыю тры  фельчары-лабаранты.
Напачатку сакавіка высокатэхналагічнае абсталяванне прыбыло ў Ляхавічы.
–Камп’ютарны тамограф дастаўлены і ўстаноўлены. Далей справа за наладкай. Спатрэбіцца яшчэ пэўны час – месяц-другі, каб абсталяванне ўвесці ў эксплуатацыю. Некалькі слоў непасрэдна пра КТ. Гэта сучасны 64-зрэзавы апарат фірмы Siemens, які дазваляе дыягнаставаць розныя паталогіі ў анкалогіі, хірургіі, неўралогіі, кардыялогіі, нейрахірургіі, педыятрыі і іншыя. Адназначна, такі апарат надзвычай неабходны на медыцынскай прасторы Ляхавіччыны. З уводам яго ў эксплуатацыю істотна знізіцца для нашых землякоў час чакання праходжання такога даследавання. Акрамя таго, не давядзецца адпраўляць пацыентаў – жыхароў нашага раёна на тэрміновае абследаванне ў іншыя медустановы Брэстчыны ці за межы вобласці. Плюс да ўсяго, у зоне абслугоўвання КТ у Ляхавіцкай ЦРБ – жыхары Ганцавіцкага раёна, пры неабходнасці і Баранавіцкага рэгіёна.
Многіх землякоў цікавіць, на якіх умовах можна прайсці абследаванне на камп’ютарным тамографе.
–У асноўным усе абследаванні для пацыентаў будуць праводзіцца бясплатна. Аднак плануецца аказваць і платныя паслугі. У любым выпадку абавязкова неабходна накіраванне ўрача. Нягледзячы на той факт, што даны від КТ адрознівае мінімальная рэнтгенаўская нагрузка, яна ўсё ж мае месца.Таму праводзіць такога кшталту абследаванне без папярэдняга візіту да ўрача, які вырашыць неабходнасць такой працэдуры, нельга, –падкрэслівае Георгій Хлябовіч.
Чакайце чарговую інфармацыю ад “ЛВ”, звязаную з работай камп’ютарнага тамографа.
Галіна КАНЬКО.