А праблемы і няма. І зноў «ЛВ» акцэнтуе ўвагу на дарожным пытанні

І зноў «ЛВ» акцэнтуе ўвагу на дарожным пытанні. На гэты раз тэму добраўпарадкавання аўтадарогі Ляхавічы – Свяціца узняў падпісчык у сацыяльных сетках. Па яго словах, не чысціцца ад снегу праезная частка, асабліва да Крывошына.

Раёнка адрасавала ўзнятую праблему ДРБУ-200, на чыім балансе знаходзіцца большасць дарог у сельскай мясцовасці.
– Расчыстка дарог праводзіцца тады, калі снег дасягае пяці сантыметраў над дарожным пакрыццём.
За неабходнасцю ачысткі сочаць спецыяльна замацаваныя за ўчасткам работнікі нашай арганізацыі. Што тычыцца аўтадарогі Ляхавічы – Свяціца, то там праезная частка поўнасцю расчышчана. Я асабіста ў панядзелак 8 студзеня выязджаў на гэты ўчастак, ніякіх праблем там няма. Увогуле, па ўсім раёне ў зоне адказнасці ДРБУ-200 вядуцца бягучыя работы па расчыстцы дарог і падсыпцы. Усё па графіку, аўралаў няма, – тлумачыць сітуацыю начальнік ДРБУ-200 Максім Муха.
Тое, што з расчысткай дарог на тэрыторыі Крывошынскага сельсавета няма праблем, пацвярджае (у тым ліку і фотаздымкамі) старшыня Крывошынскага сельвыканкама Сяргей Баргамон:
– На даны момант дарогі сельсавета расчышчаны. Напрыканцы мінулага тыдня на дарозе Ляхавічы – Свяціца працавалі два грэйдары з ДРБУ-200, а потым яшчэ прыязджаў спецыялізаваны трактар, якія прайшоўся па дарогах і вуліцах вёсак і заехаў нават да хутароў.Пастаянна маніторым парадак на дарогах.

Галіна КАНЬКО.