Ледніковы перыяд. Мінус на тэрмометры не гарантуе бяспеку на падлёднай рыбалцы

З надыходам маразоў вадаёмы пакрываюцца лёдам. І практычна адразу на яго бясстрашна пачынаюць выходзіць аматары зімовай рыбалкі. Спыніць фанатаў нельга нічым – здаецца, жаданне парыбачыць цалкам перакрывае інстынкт самазахавання і здаровы сэнс. Дарослыя людзі самі адказваюць за свае ўчынкі, а вось дзецьмі часта рухаюць цікаўнасць або звычайная бестурботнасць. Аднак усе гэтыя складнікі могуць прывесці да трагедыі. У Брэсцкай вобласці за асенне-зімовы перыяд на вадаёмах патанулі дзесяць чалавек. Таксама трагедыі адбыліся ў Гомельскім і Віцебскім рэгіёнах.

Для таго, каб яшчэ раз нагадаць пра небяспеку тонкага лёду, карэспандэнт «ЛВ» разам з супрацоўнікамі РАНС і валанцёрам БРСМ адправіўся на раку Ведзьму.

Некалькі дзён да рэйду стаяла мінусавая тэмпература, таму ўся рака закаваная лёдам. З моста адразу заўважаем рыбакоў (чалавек 6-7), якія выйшлі на лёд. Адпраўляемся да іх.

Каб правесці прафілактычную гутарку, просім аматараў падлёднага лову выйсці на бераг. Мужчыны расказваюць, што рыбачаць ужо не першы дзясятак гадоў, і для іх гэта лепшы адпачынак.

Прытрымліваюцца ўсіх правілаў бяспекі і не рызыкуюць – на лёд выходзяць толькі калі яго таўшчыня не менш за сем сантыметраў.
Для таго, каб яшчэ раз замацаваць веды, інспектар РАНС Таццяна Калгушкіна раздала рыбакам памяткі і нагадала правілы паводзін на лёдзе.

– Хацелася б даць некалькі парад тым, хто кожную зіму адпраўляецца за ўловам. Бяспечным для чалавека лічыцца лёд, таўшчыня якога не менш за сем сантыметраў. Абавязкова сачыце за перападамі тэмпературы: калі яна трымаецца вышэй за нуль градусаў больш як тры дні, то трываласць лёду памяншаецца на чвэрць.

Трываласць лёду можна вызначыць візуальна: на яго можна выходзіць, калі ён мае зялёнае або сіняватае адценне. Жоўты або матавы лёд нена-дзейны, гаворыць Таццяна Калгушкіна.

Пільнасць павінны праявіць бацькі, асабліва, калі побач з домам ёсць вадаём. Не дапускайце, каб дзеці знаходзіліся без нагляду паблізу рэк, сажалак, кар’ераў. Не дазваляйце ім катацца на санках, лыжах, каньках па замёрзлых вадаёмах.

Што рабіць, калі бяда ўсё ж адбылася, і вы праваліліся пад лёд? Просты алгарытм дзеянняў ад выратавальнікаў:

  • не панікуйце, не рабіце рэзкіх рухаў, стабілізуйце дыханне;
  • раскіньце рукі ў бакі і паспрабуйце зачапіцца за край лёду, надаўшы целу гарызантальнае становішча па кірунку плыні;
  • паспрабуйце асцярожна налегчы грудзьмі на край лёду і закінуць адну, а потым другую нагу на лёд;
  • калі лёд вытрымаў, перакочваючыся, павольна паўзіце да берага;
  • паўзці трэба ў той бок, адкуль прыйшлі, бо лёд тут правераны ўжо на трываласць.

Ірына КУЗЬМІЧ.
Фота аўтара.