Навука пераконваць

На пытанне журналістаў якім, на яго думку, павінен быць ідэалагічны работнік, першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандр Радзькоў адказаў: шчырым у рабоце, жыцці, зносінах з людзьмі, перакананым, адукаваным, культурным, вопытным. І падкрэсліў важнасць у ідэалагічнай рабоце жывых кантактаў з людзьмі — у працоўных калектывах, па месцы жыхарства, у маладзёжным асяроддзі, а таксама ўменне слухаць і чуць чалавека.

Перад пачаткам пленарнага пасяджэння абласнога семінара ідэалагічных работнікаў па тэме «Асаблівасці работы з людзьмі ў сучасных умовах» першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Аляксандр Радзькоў пазнаёміўся з выставай, на якой прэзентавалі сваю дзейнасць аддзелы ідэалагічнай работы райвыканкамаў Брэстчыны, у тым ліку, і з ляхавіцкай экспазіцыяй. Ёю, дарэчы, адкрывалася выстава. Аляксандр Міхайлавіч адказаў на пытанні журналістаў, якія датычылі задач  ідэалагічнай работы.

Даклад намесніка старшыні Брэсцкага абласнога выканаўчага камітэта Леаніда Цупрыка  дэталёва раскрываў тэму семінара. Леанід Аляксандравіч гаварыў аб ролі ідэолагаў у рашэнні задач, якія стаяць перад краінай, аб неабходнасці зрабіць рывок і выйсці на еўрапейскі  ўзровень развіцця, аб новых тэхналогіях вытворчасці і новых патрабаваннях да работы з людзьмі, аб забеспячэнні выканання прагнозных паказчыкаў і фарміраванні свядомай актыўнай грамадзянскай пазіцыі. Нічога застыўшага і дагматызаванага ў рабоце з людзьмі быць не павінна. Кожны чалавек абавязаны ўсведамляць сябе грамадзянінам і ведаць, што дзяржава клапоціцца пра яго. І абавязкова  разумець, што яго дабрабыт звязаны з паспяховасцю вытворчасці,  старацца ўплываць на гэта. Дарэчы, як адзначыў Леанід Цупрык, ідэолаг павінен дзейнічаць не адзін, а ў камандзе  аднадумцаў.

Ішла размова аб ролі сродкаў масавай інфармацыі і грамадскіх арганізацый, у тым ліку БРСМ, дэпутатаў, устаноў адукацыі ў фарміраванні актыўнай грамадзянскай пазіцыі нашых землякоў, асабліва моладзі.

Менавіта маладыя будуць гаспадарыць заўтра. Не выпадкова, што асаблівую ўвагу надавалі тэме работы з моладдзю многія  выступаючыя. На гэтым засяродзіў увагу пры падвядзенні вынікаў работы семінара Аляксандр Радзькоў. Першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь гаварыў пра асаблівасці ідэалагічнай работы, пра падзеі, якія з’яўляюцца момантам ісціны, пра праблемы, якія хвалююць людзей. Пра тое, што ідэалогія абавязана быць значнай, пра бессмяротную героіку Брэсцкай крэпасці і пра рэзерв кадраў, якім зноў жа з’яўляецца моладзь. Пра тое, што з людзьмі трэба гаварыць адкрыта і шчыра. І вельмі прыемна было пачуць станоўчую ацэнку, якую даў Аляксандр Радзькоў  справам  і актыўнай пазіцыі  ідэолагаў Брэстчыны.

Вольга БАРАДЗІНА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *