Ляхавіцкая старонка аднаго юбілею

Былыя начальнікі РАУС Генадзій Каняеў, Фёдар Улезла, Аляксандр Бурбіцкі, Віктар Курловіч, Юрый Дыдышка.

З уключанай сірэнай, у суправаджэнні спецыяльнай тэхнікі  ў мінулую суботу па вуліцах райцэнтра праехалі рарытэтныя аўтамабілі і матацыклы. У розныя  часы яны былі  надзейнымі памочнікамі вартавых правапарадку, а сёння займаюць пачэсныя месцы ў музеях, адзін з якіх летась створаны ў раённым аддзеле ўнутраных спраў.  Месцам прыпынку аўтапарада стала  плошча Леніна – да радасці шматлікіх ляхавічан і гасцей горада, якія сабраліся на  святкаванне  стогадовага  юбілею беларускай міліцыі.

Цікавасць  выклікала не толькі тэхніка мінулага стагоддзя, але і сённяшняя. А колькі радасці было ў дзятвы! Хлопчыкам і дзяўчынкам нават дазвалялася пасядзець, напрыклад, на матацыкле “Урал” – галоўным транспарце колішняга ўчастковага Івана Бецькі. Ды і сам Іван Адамавіч, які прыйшоў на свята разам з жонкай, з настальгіяй  паглядаў на свайго трохколага таварыша.
Нячаста ўбачыш амаль  усіх і адразу  супрацоўнікаў РАУС у параднай форме. Але сёлета 4 сакавіка не проста прафесійнае міліцэйскае свята, а важкі юбілей, таму  белая кашуля і аксельбанты – абавязковае патрабаванне дрэс-коду.  Ветэраны міліцыі хоць і не ў форме, але па  выпраўцы відаць – службовыя людзі! Яны належаць да розных пакаленняў, але добра ведаюць адзін аднаго: з кімсьці разам  служылі, кагосьці вучылі асновам міліцэйскай справы, а ў кагосьці вучыліся самі.
– Калі б сёння скінуць гадоў 30, зноў пайшоў бы на службу ў міліцыю. Канешне, у 80-90-я гады мінулага стагоддзя ў нас не было такой тэхнікі, такіх шыкоўных умоў, маю на ўвазе будынак РАУС. Але мы былі сапраўднай камандай –  зладжанай, мабільнай, дзейснай, –  зазначае падпалкоўнік міліцыі  ў адстаўцы, былы першы намеснік начальніка РАУС Генадзій Савасцюк .
– Заўсёды з радасцю  спяшаюся на сустрэчы  і з былымі супрацоўнікамі,  і з тымі, хто прыйшоў на змену нам, ветэранам.  Удзячны лёсу, што пашчасціла працаваць з  Сяргеем Занько,  Уладзімірам Грахоўскім, Леанідам Стрыгельскім, Уладзімірам Тадрам, Іванам Дубінам, Іванам Яромам, Вадзімам Зубікам.  На жаль, няма ўжо сярод жывых  ветэрана вайны Уладзіміра Пархомчыка,  нашых былых калег Івана Шпака, Яўгенія Булатага, Фёдара Дамарада, Веры Пятровай, Казіміра Хрола, – далучаецца да размовы маёр міліцыі ў адстаўцы, у мінулым начальнік крымінальнага вышуку райаддзела Віталій Андрушкевіч.
Начальнік РАУС падпалкоўнік міліцыі Эльдар Вільчкоўскі не толькі прымаў віншаванні з юбілеем службы, але і паспяваў абмяркоўваць надзённыя пытанні са сваімі папярэднікамі. На сёлетнюю святочную сустрэчу прыехалі-прыйшлі пяцёра з былых начальнікаў райаддзела: Генадзій Каняеў, Фёдар Улезла, Аляксандр Бурбіцкі, Віктар Курловіч, Юрый Дыдышка. Палкоўнік міліцыі ў адстаўцы  Генадзій Каняеў акрамя службы ў міліцыі выконваў  інтэрнацыянальны абавязак у Афганістане,  на ягоным мундзіры не адзін дзясятак узнагарод, у тым ліку баявых.
– Лічу міліцэйскую службу адной з самых высакародных, мужных спраў, –  зазначыў Генадзій Каняеў і з гонарам расказаў, што яго дачка Ларыса –  прадаўжальніца міліцэйскай дынастыі – маёр юстыцыі, эксперт-крыміналіст.
Шаноўным госцем на юбілеі быў і старэйшы міліцыянер раёна – ветэран Вялікай Айчыннай вайны Фёдар Лойка. Яго біяграфія ў органах унутраных спраў пачалася  70 гадоў назад.
Служба дні і ночы – так часта гавораць пра  міліцэйскую работу.  І не дзіўна, што не кожнае свята супрацоўнікі органаў унутраных спраў праводзяць  са сваімі сем’ямі. Але для іх вельмі важна ведаць, што дома іх любяць, чакаюць.
– Мы  з дачкой ганарымся, што ў нас такі муж і тата. З ім спакойна, добра, утульна, ён клапатлівы, надзейны і самы любімы.  Канешне, ведаем, якая складаная і адказная ў яго работа, таму стараемся, каб дома ён змог па-сапраўднаму адпачыць, – гаворыць жонка  старшага оперупаўнаважанага крымінальнага вышуку Міхаіла Сцепанькова Святлана.
Канцэртная зала ГДК  ледзьве ўмясціла ўсіх жадаючых   далучыцца да ўрачыстасцяў.  Колькі цёплых слоў, віншаванняў і пажаданняў прагучала ў  адрас тых, хто  заўжды на  пасту, на варце спакою землякоў.  Ад імя раённай улады супрацоўнікаў РАУС павіншаваў старшыня раённага Савета дэпутатаў Яўгеній Юрлевіч,  уручыў граматы і падзячныя пісьмы райвыканкама і райсавета.  Павіншаваць міліцыянераў прыйшлі прадстаўнікі  пракуратуры, раённага аддзела Следчага камітэта, суда,  вайсковых часцей і ваенкамата,  прадпрыемстваў, устаноў і арганізацый.
Пад апладысменты падымаліся на сцэну  за заслужанымі ўзнагародамі, чарговым званнем, падзякамі тыя, хто сваёй бездакорнай службай, вернасцю прысязе заслужыў аўтарытэт, павагу і давер не толькі калег, але і землякоў.
Віншавальную юбілейную музычную паштоўку падрыхтавалі самадзейныя выканаўцы і калектывы раёна.  Для супрацоўнікаў беларускай міліцыі з мінулай суботы пачаўся адлік чарговага стагоддзя на службе па ахове правапарадку.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.
Больш фота   тут

Марш у гонар міліцыі ў выкананні ваеннага аркестра 4-й асобнай брыгады ўнутраных войск МУС.

Участковы Андрэй Лапкоўскі з сям’ёй.

Святлана Карнілава, Ларыса Асецкая, Ірына Несцярчук, Алена Бурава служылі ў міліцыі.

Служба дні і ночы – гэта і пра тых, хто ў розныя часы стаяў на варце спакою землякоў.

Ветэран Вялікай Айчыннай вайны, ветэран МУС Фёдар Лойка.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *