Урокі настаўніцы Соф’і Васільеўны

Калі ў пятым класе ў раскладзе дабавілася новых прадметаў, на адным з урокаў настаўніца звярнулася да нас на беларускай мове, прачытала прыгожыя мілагучныя вершы, потым расказала казку, потым пыталася пра прыказкі і прымаўкі і зрэшты зазначыла, што роднае слова – гэта каштоўнасць, якую трэба берагчы і, як мінімум, ведаць, вывучаць, цаніць, любіць. З таго часу беларуская мова і літаратура асабіста ў мяне атаясамляюцца ў першую чаргу (прабачце, літаратурныя класікі і сучасныя пісьменнікі-паэты!) з вобразам Соф’і Васільеўны Хмарук, звычайнай настаўніцы з райцэнтра. Звычайнай? Так, калі апантанасць сваёй прафесіяй, душэўны лірызм, філасофскае ўспрыманне жыцця, бязмежная любоў да дзяцей, бясконцае спазнанне мастацкай літаратуры і заўсёднае  падарожжа з героямі любімых твораў па, здаецца, знаёмых, але заўсёды новых сюжэтах і многае іншае ўласцівы сярэднестатыстычнай асобе. Соф’я Васільеўна ж асаблівая, яна – сапраўдная. Мусіць таму, калі сустракаемся, адчуванне такое, што яна – па-ранейшаму строгая, але любімая настаўніца і зараз агучыць адзнаку за чвэрць…
Сёлета СШ № 1 адзначыла 150-гадовы юбілей. Гэтая ўрачыстасць проста не магла прайсці без удзелу Соф’і Васільеўны, якая на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў працавала тут настаўніцай беларускай мовы і літаратуры.  Адкрыццё “Кургана”, “Зоркі Венеры”, “Людзей на балоце”, “Сэрца на далоні”, “На ростанях” і яшчэ шмат каго і чаго  адбывалася ў тутэйшых школьнікаў з яе падачы і з яе ўдзелам. І высновы, жыццёвыя паралелі рабілі, спрачаліся, даказвалі, сталелі, выпрацоўвалі імунітэт ад душэўных невідушчасці і глухаты.
Усе, каму пашчасціла быць яе калегамі, усе, каму пашчасціла быць яе вучнямі, памятаюць урокі таленавітага педагога і чалавека – урокі, напоўненыя веданнем прадмета, прасякнутыя дабратой, абвостраным пачуццём справядлівасці, жаданнем навучыць бачыць свет светлым і гарманічным, быць сумленным і моцным. У Соф’і Васільеўны гэта заўсёды атрымлівалася. Атрымліваецца і дасёння, таму што на пенсію ідзе настаўнік, а педагог застаецца педагогам назаўсёды, нават калі ён  на заслужаным адпачынку.
– А памятаеш, Оля, гэтыя цудоўныя радкі пра мову? – спытала ў мяне мая настаўніца пару тыдняў назад, калі мы чарговы раз убачыліся, на гэты раз у магазіне (што, дарэчы,  не стала прычынай, каб не пагаварыць). І “прыпячатала” мяне Танкам:
З легендаў і казак былых пакаленняў,
З калосся цяжкога жытоў і пшаніц,
З сузор’яў і сонечных цёплых праменняў,
З грымучага ззяння бурлівых крыніц,
З птушынага шчэбету, шуму дубровы…
Чытала па памяці, ні на імгненне не запнулася. Наўрад ці ў мяне б атрымалася  паўтарыць так.
У Соф’і Васільеўны Хмарук ёсць чаму павучыцца, па-добраму пазайздросціць: яе актыўнасці, шчырасці, адкрытаму сэрцу, вялікаму і добраму. Такая вось сталая жанчына з маладымі вачыма, такі няўрымслівы і патрабавальны ў першую чаргу да сябе чалавек, выдатны педагог, такая  неверагодна цікавая зямлячка са звычайнай настаўніцкай прафесіяй і абсалютнай любоўю да яе.
Гавораць, што імя ўплывае на асобу, нават на лёс. Соф’я азначае мудрая. Падобна, у нашым выпадку супадзенне поўнае.
Вольга БАРАДЗІНА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

One thought on “Урокі настаўніцы Соф’і Васільеўны

  • 14/03/2017 в 16:18
    Permalink

    Очень понравились слова «на пенсію ідзе настаўнік, а педагог застаецца педагогам назаўсёды, нават калі ён на заслужаным адпачынку». Очень точно и красиво.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *