Ад тапіярнай стрыжкі да мядовых берагоў, ці Каледжскі майстар-клас


Ляхавіцкаму дзяржаўнаму аграрнаму каледжу сёлета спаўняецца 60 гадоў. Сімвалічна, што юбілей адзначаецца ў Год навукі. Што новага ў ЛДАКу?

Чарговае запрашэнне ў адну з сакавіцкіх  субот на прафарыентацыйнае мерапрыемства «Фестываль навукі» атрымалі ад Ляхавіцкага дзяржаўнага аграрнага каледжа школьнікі з нашага, Баранавіцкага  і Ганцавіцкага раёнаў. Яно  прымеркавана да Года навукі – установе ёсць чым у гэтым накірунку пахваліцца і што паказаць. Дарэчы, тутэйшыя выкладчыкі – аўтары шматлікіх вучэбных дапаможнікаў,  рабочых сшыткаў і падручнікаў, навуковых артыкулаў.
“Жыві па навуцы – не будзе ў жыцці суму” – пад такой назвай прайшла цырымонія ўручэння ўзнагарод тым навучэнцам, хто летась адзначыўся ў конкурсе прафесійнага майстэрства, фестывалях і навукова-практычных канферэнцыях. Арганізатары сустрэчы сумясцілі яе з прэзентацыяй дзейнасці каледжа – зацікаўлівалі прафесіямі, якімі тут можна авалодаць, і дасягнутымі поспехамі.
Летась у рэспубліканскім конкурсе прафесійнага майстэрства сярод каледжаў краіны  група будучых аграномаў з ЛДАКа заваявала дыплом I ступені.  Сёння пераможцы працягваюць вучобу
ў  ВНУ. Гонару атрымаць грамату ўдастоілася   чацвёртакурсніца, лідар па рэйтынгу паспяховасці сярод навучэнцаў агранамічнага аддзялення Алеся Барысевіч.
“Малочныя рэкі, мядовыя берагі” – так смачна называлася наступная  намінацыя, у якой  расказвалі пра працу заатэхніка.  Каманда каляджан гэтага аддзялення ў  мінулым годзе заняла трэцяе месца ў рэспубліканскім конкурсе прафесійнага майстэрства, што праходзіў  у Горках.  Грамата ўручана   навучэнцу 4 курса Сяргею Харашэўскаму, які акрамя іншага заваяваў і  некалькі дыпломаў рэспубліканскага фестывалю “Студэнцкая аграрная вясна”, а напачатку лютага адзначаны дыпломам I ступені  ў раённым конкурсе ды-джэяў. Такая рознабаковасць інтарэсаў дарагога вартая!
Спецыяльнасць “ветэрынарная медыцына” аднолькава запатрабавана сярод  сельскіх і гарадскіх рабят. Чацвёртакурсніца  Ганна Коваль – дыпламант ІХ рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі даследчых   і канструктарскіх работ  навучэнцаў і выкладчыкаў устаноў сярэдняй   спецыяльнай  адукацыі, якая праходзіла  ў Брэсце.
У кожнага гаспадара свой сакрэт вырошчвання багатага ўраджаю. А вось прафесійна і мэтанакіравана юнакоў і дзяўчат садова-агародным прамудрасцям навучаюць  у  аграрным каледжы на спецыяльнасці “плодаагародніцтва”. Дзякуючы вучэбным дасягненням,  будучаму аграному  Наталлі Супрунчык  пашчасціла двойчы пабываць у складзе груп па абмене вопытам у вырошчванні  дэкаратыўных раслін у Польшчы – у сельскагаспадарчай школе.
Навучэнцы ЛДАКа не толькі авалодваюць прафесійнымі ўменнямі і навыкамі, вынаходзяць і ўкараняюць цікавыя ідэі, але  выдатна танцуюць, спяваюць, што і пацвердзіў канцэрт. Кожны мастацкі нумар, кампазіцыя былі адметныя і непаўторныя, “запальвалі” залу.
Адміністрацыя каледжа вялікую ўвагу надае прафарыентацыйнай рабоце, таму пра ЛДАК ведаюць далёка за межамі раёна. Выкладчык, спецыяліст па прафарыентацыйнай рабоце Таццяна Прыхач падрабязна пазнаёміла гасцей з умовамі паступлення ў ЛДАК, акрэсліла перспектывы, якія адкрываюцца пасля атрымання дыплома.
А далей прайшлі разнастайныя майстар-класы,  на якіх можна было павучыцца, атрымаць парады кампетэнтных спецыялістаў і нават падарункі. З натхненнем і жаданнем навучэнцы і выкладчыкі  расказвалі і паказвалі, адказвалі на шматлікія пытанні. Дзе яшчэ можна ўбачыць у нашым райцэнтры багатую калекцыю мінералаў, як не ў каледжы – апатыт, алуніт, халцэдон, антрацыт, лазурыт (больш за 6 дзясяткаў).  Падрыхтавала яе выкладчык Наталля Вярбіла.
Майстар-клас паказвалі выкладчыкі Яўгеній Біза і Наталля Станкевіч. Чаранкавалі парэчку, агрэст, вінаград і іншыя культуры, якія можна садзіць якраз у гэты час.
Наступны прыпынак – займальная аграхімія. Расказвалі пра ўласцівасці глебы, а таксама  з дапамогай pH-метра вымярала яе кіслотнасць выкладчык Жанна Дрэнчык.
Лабараторным спосабам вызначалі ўсходжасць і вільготнасць насення (выкладчыкі Яніна Пруднікава і Святлана Вайцяхоўская), знаёміліся з тыпамі крон  яблынь і груш (верацёнавідныя – для больш шчыльнай пасадкі саду) і  з калекцыяй прарослага насення розных відаў раслін. Вучыліся правільна нарыхтоўваць лекавыя расліны. Шмат цікавага пачулі пра ўраджайныя градкі  і сакрэты вырошчвання агародніны ад выкладчыка Ірыны Бурвель.   Даведаліся, напрыклад, што ў прамысловых маштабах тыя ж агуркі ці памідоры вырошчваюць не на глебагрунтах – на гідрапоніцы (мінеральнай ваце) з кропельным палівам.
Туі і ядловец можна вырасціць нестандартнай формы (галінкі для гэтага спецыяльна ўвязваюць ці адзяваюць у металічную форму). А можна кустам зрабіць  тапіарную стрыжку, каб яны красаваліся ў выглядзе шара, піраміды і г.д. У гербарыях дэманстравалі больш за 50 відаў разнастайных траў і насення навучэнцы і педагогі Кацярына Юрчык і Казімір Траяноўскі.
Наступныя  прыпынкі былі не менш цікавыя. Студэнты пад кіраўніцтвам выкладчыкаў даследавалі кроў жывёлы па біяхімічных паказчыках, малако  на наяўнасць саматычных клетак і скрытых мастытаў.  Дзяліліся вопытам выкладчыкі Ала Філічкіна, Таццяна Гуліцкая, Таццяна Парэйка, Дзмітрый Пянткоўскі, Юрый Палонскі. Асаблівую цікавасць выклікала даследаванне малака, якое праводзілі выкладчыкі  Мікалай Краўчук і Тамара Юргель, на фальсіфікацыю і тлустасць. Госці з Ганцавіцкага раёна прывезлі прадукт  з прыватнага падвор’я і засталіся задаволеныя  вынікамі аналізу. Вялікую колькасць гледачоў сабраў  майстар-клас ад ветэрынараў. Можна было назіраць за іх дзейнасцю ды яшчэ і  бясплатна атрымаць кансультацыю ад ветурача Уладзіміра Павядайлы.
Прыцягнула рабят і інтэрактыўная пляцоўка “Псіхалогія размовы”. Пытанні былі самыя разнастайныя, на ўсе сацыяльны педагог Дзіяна Цімашок дала вычарпальныя адказы.
“Дзіўны свет пчалярства” адрозніваў асаблівы кветкава-мядовы водар. У ЛДАКу да ўсяго добра арганізавана і пчалярства. Школьнікаў пазнаёмілі з асаблівасцямі яго вядзення, прадэманстравалі неабходныя прылады і амуніцыю пчаляр Сяргей Мінец і выкладчык адпаведнай дысцыпліны Алена Казакевіч.
Завяршылася вялікая экскурсія наведваннем  музея.
Уражанні пасля  знаёмства з ЛДАКам былі самыя лепшыя  і вельмі шчырыя. Нават для школьнікаў  з нашага  раёна навучальная ўстанова раскрылася па-новаму, а некаторыя развітваліся не назаўсёды, а на нейкі час – каб вярнуцца  сюды ў статусе абітурыента.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота аўтара.
Больш фота тут

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *