Меліярацыя па жаночы: цвёрда, адказна, з душой. У першую нядзелю чэрвеня калектыў Ляхавіцкага прадпрыемства меліярацыйных сістэм адзначае прафесійнае свята
У першую нядзелю чэрвеня калектыў Ляхавіцкага прадпрыемства меліярацыйных сістэм адзначае прафесійнае свята. Лічыцца, што меліярацыя – прафесія мужчынская. Цяжкая тэхніка, бязмежныя палі, кіламетры каналаў, праца ў спякоту і холад – гэта быццам бы не для жаночых плячэй. Напярэдадні Дня меліяратара расказваем
пра тых, без каго меліярацыя перастала б быць сістэмай – слова пра жанчын прадпрыемства. Яны не сядзяць за рулём экскаватара, не часта іх паказваюць у відэасюжэтах пра будаўніцтва каналаў, але іх уклад у вытворчасць – неацэнны. З 62 чалавек калектыву 12 – прадстаўніцы цудоўнай паловы чалавецтва.

– Пра сваіх калег-жанчын мы гаворым з павагай і ўдзячнасцю.
І не толькі ў Год беларускай жанчыны. Яны ў нас малайцы! Без перабольшвання магу сказаць, што на іх плячах трымаецца многае. Сёлета ў іх гонар унесены змяненні ў калектыўны дагавор прадпрыемства, згодна з якім прадугледжаны бясплатны медагляд, аздараўленне па сістэме «Тур выхаднога дня», экскурсійныя і турыстычныя паездкі за кошт арганізацыі, – адзначае дырэктар УП «Ляхавіцкае ПМС» Сяргей Юшкевіч.

У Ляхавіцкім ПМС амаль два дзесяцігоддзі працуе Таццяна Клявец. Яна паспяхова спраўляецца з абавязкамі, якія многія лічаць нежаночай справай. Таццяна – намеснік дырэктара – галоўны інжынер. І, дарэчы, адзіная жанчына на такой пасадзе сярод меліярацыйных арганізацый вобласці. Яе працоўныя дні праходзяць не ў кабінеце, а на вытворчых аб’ектах. Калі трэба, выязджае на палі, каналы, кантралюе работы, вырашае тэхнічныя пытанні. Меліярацыя – не адзінае, дзе Таццяна Георгіеўна дэманструе сапраўдны майстар-клас. У штогадовым раённым аглядзе-конкурсе на лепшую арганізацыю ідэалагічнай работы (за якую яна таксама адказвае) па выніках 2025 года ПМС заняло першае месца. І гэта не выпадковасць. Намеснік дырэктара ўмее знаходзіць патрэбныя словы, аб’ядноўваць калектыў, ствараць працоўны настрой. Сваімі адносінамі да справы яна даказвае: няма паняцця «мужчынская прафесія» – ёсць адказнасць, прафесіяналізм і любоў да таго, што робіш.

Планавы аддзел ПМС – гэта бюджэт, графікі, справаздачы. Начальніку такога аддзела патрэбны не толькі аналітычны розум, а і жалезная адказнасць.
У Аляксандры Рамейка гэтага больш чым дастаткова. Яна трымае ў галаве лічбы, у якіх іншыя б заблыталіся. Па-майстэрску спалучае кіраўніцтва аддзелам са старшынствам у прафсаюзе. Аляксандра Сардараўна ніколі не адмаўляе, не кажа «прыйдзіце заўтра», а робіць так, каб было лепш працаўнікам. І за гэта яе паважаюць і цэняць.

Вядучы інжынер па ахове працы Анастасія Цалуйка прыйшла ў ПМС з лясной гаспадаркі. Новая сфера не стала для яе выпрабаваннем –
наадварот, выклікала жаданне вучыцца і расці. Прайшла перадпадрыхтоўку і цяпер спалучае на прадпрыемстве некалькі роляў. Сёлета па выніках агляду-конкурсу па ахове працы за 2025 год ПМС прызнана пераможцам сярод арганізацый вытворчай сферы. Гэта і высокая ацэнка прафесійнай дзейнасці Анастасіі. Вялікую ўвагу яна надае таму, каб калегі былі правільна апрануты, працавалі з выкананнем усіх нормаў бяспекі і вярталіся дадому здаровымі. А яшчэ, дзякуючы Анастасіі, пра Ляхавіцкае ПМС ведаюць і ў інтэрнэце – яна вядзе сацыяльныя сеткі прадпрыемства ў Instagram і TikTok. Вызначаецца спецыяліст і грамадскай актыўнасцю – з’яўляецца членам Маладзёжнага савета пры Ляхавіцкім райсавеце дэпутатаў, займаецца спортам і разам з калегамі здавала нарматывы ГПА. Нядаўна атрымалі ўзнагароды. Наша гераіня ўзяла «золата», сакратар Вольга Кліменка і малады спецыяліст Таццяна Янчук – «серабро». Анастасія шчыра прызнаецца: у іх калектыве навічкам заўсёды рады, падтрымаюць і дапамогуць. Гэта адчула на сабе. У раённым аглядзе-конкурсе на лепшае навагодняе афармленне тэрыторыі ПМС стала пераможцам сярод сельгасарганізацый. Вызначыліся і ў добраўпарадкаванні тэрыторыі.

26 гадоў бесперапыннага стажу ў Ляхавіцкім ПМС у дыспетчара і загадчыцы майстэрняў Іны Казлоўскай. А па раніцах яна яшчэ і запраўшчыца. Яе працоўны дзень – безліч тэлефонных званкоў, заявак, афармленне матэрыялаў і яшчэ шмат спраў, якія трэба зрабіць тут і цяпер.
Сумяшчаць абавязкі і пры гэтым нічога не выпускаць з рук дапамагае любоў да работы, шчыра прызнаецца Іна Эдуардаўна. Праўда, спачатку мужчыны-калегі ставіліся да жанчыны-кіраўніка ў майстэрнях з недаверам. Іна Эдуардаўна расставіла кропкі над «і». Не словамі – справай, ведамі і здольнасцю прымаць рашэнні хутка і цвёрда. Цяпер да яе ідуць з любой праблемай. Яна з тых людзей, якія ніколі не скажуць «гэта не мая справа». Іна Казлоўская ўзгадвае, як на пачатку працоўнай дзейнасці працавала сакратаром і інспектарам па кадрах, тады нямала работнікаў ішлі на пенсію, а сёння прыходзіць шмат маладых калег, якія імкнуцца прымаць актыўны
ўдзел у грамадскім жыцці.

«Лепшая!» – паўтараюць тыя, хто працуе побач з сакратаром
прыёмнай Вольгай Кліменка. І гэта не проста камплімент, а ацэнка яе прафесіяналізму. Вольга Сяргееўна абавязкі сакратара сумяшчае з абавязкамі інжынера па кадастры. У ПМС заслужыла бясспрэчны аўтарытэт і шчырую павагу калег. Трэба сачыць, каб усе справы выконваліся ў тэрмін, каб ніхто не прапусціў важны дакумент. Стрыманая, уважлівая, абавязковая, з веданнем справы арганізуе, падкажа, накіруе. Вольга Сяргееўна па адукацыі юрыст і ў ПМС працуе тры гады, але агульны працоўны стаж у яе – больш за два дзесяцігоддзі. У арганізацыі некалі працавалі яе бацькі, а сёння і яна частка дружнага калектыву. Разам з калегамі ахвотна ўдзельнічае ў розных мерапрыемствах і лічыць, што ёй вельмі пашанцавала з калектывам.

Вольга Рулінская – юрысконсульт і спецыяліст аддзела кадраў ПМС.
Здавалася б, праца далёкая ад палёў і каналаў. Але менавіта Вольга Анатольеўна сёння робіць тое, без чаго меліярацыя не мае будучыні: знаходзіць і матывуе падрастаючае пакаленне выбраць прафесію меліяратара. З 26 гадоў працоўнага стажу 12 належаць ПМС. Сёлета яе праца прынесла прадпрыемству прызнанне на абласным узроўні: ПМС адзначана за лепшую прафарыентацыйную работу са школамі. Вольга часта сустракаецца са школьнікамі, таксама арганізуе паездкі для навучэнцаў у музей меліярацыі ў Жабінку. Вольга Анатольеўна тлумачыць школьнікам: меліярацыя – гэта сучасна, цікава і запатрабавана. Так школьнікі прыходзяць у галіну свядома, з агнём у вачах. Зараз па мэтавым накіраванні ПМС у Клецкім сельскагаспадарчым каледжы вучацца два нашы землякі. А сёлета яшчэ два выпускнікі
плануюць паступаць туды ж, каб потым вярнуцца ў ПМС спецыялістамі.
– Жыццём пацверджана, што меліяратар – гэта прызванне. Дзякуй вам, паважаныя калегі, за вашы моцныя рукі, адказнасць і нераўнадушнасць, а нашым жанчынам – за стараннасць і парадак, настрой у калектыве. Няхай кожны ваш дзень будзе ясным, а вечар – цёплым і ўтульным у коле сям’і. Вытворчых здабыткаў, здароўя і шчасця вам і вашым родным, – адрасуе віншаванні калектыву з Днём меліяратара Сяргей Юшкевіч.
Наталля ПЕРАПЕЧКА. Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

