Стаж вымяраецца шчасцем. Працоўнае шчасце ў меліяратара Уладзіміра Халецкага доўжыцца больш за паўстагоддзя. І гэта не мяжа

Працоўнае шчасце ў меліяратара Уладзіміра Халецкага доўжыцца больш за паўстагоддзя. І гэта не мяжа. Машыніст бульдозера дзеліцца, што ганарыцца працай за штурвалам магутнай тэхнікі і сваім дружным калектывам. У яго меліяратарскім графіку – новыя вытворчыя аб’екты, а галоўнае – радасць ад усведамлення таго, якую карысць ён і яго калегі прыносяць роднай зямлі і людзям

– Люблю сваю справу і стараюся рабіць яе добра, – шчыра прызнаецца машыніст бульдозера Ляхавіцкага прадпрыемства меліярацыйных сістэм Уладзімір Халецкі. У меліярацыі ён 52-і год і пры-знаецца, што за ўвесь час ні разу не пашкадаваў, што выбраў менавіта гэтую дарогу.
Ні разу сам сябе не папракнуў, што пайшоў не туды, не тую прафесію выбраў. Мне мая работа падабаецца. І калі б давялося пачынаць зноў, пайшоў бы ў меліярацыю, – упэўнена адзначае Уладзімір Іванавіч.

Яго працоўная гісторыя на Ляхавіччыне пачалася ў жніўні 1978 года, калі ўладкаваўся машыністам экскаватара ў перасоўную механізаваную калону № 24, якую сёння ўсе ведаюць як Ляхавіцкае ПМС. За плячыма ўжо была армейская служба і тры гады працы ў меліярацыі Салігорска. З экскаватара амаль праз два дзесяцігоддзі перасеў на бульдозер. Свайго жалезнага сябра сабраў са старога ДТ-75.
І вось ужо чвэрць стагоддзя кіруе магутнай машынай. За час работы Уладзімір Халецкі зарэкамендаваў сябе як чалавека, які не ўхіляецца ад складаных заданняў, а бярэцца за самае цяжкае.

Уладзімір Іванавіч прафе-сіянал высокага класа, які ніколі не падвядзе. Можаш яму даверыць любую работу і быць спакойным. Тэхніку ведае да вінціка, а яшчэ вучыць маладых. Давяраем яму адказныя аб’екты. Такія працаўнікі – аснова любога прадпрыемства, і мы імі ганарымся, – падкрэслівае дырэктар ПМС Сяргей Юшкевіч.

У гісторыі ПМС занатаваны факт, як Уладзімір Халецкі развітваўся з тым самым бульдозерам, які збіраў сваімі рукамі. Тады і нарадзілася ідэя ўстанавіць на тэрыторыі прадпрыемства копію бульдозера ДТ-75. І гэта не музейны экспанат – а сімвал павагі да чалавека, які ўклаў у справу душу і дзесяцігоддзі свайго жыцця. Халецкі з вечара будуе планы на заўтра, як лепш справіцца з вытворчай задачай. Зараз, напрыклад, у Кавалях чысцяць Ведзьму. Што прыносіць задавальненне машыністу бульдозера?
– Калі праз час прыедзеш на месца і бачыш: там, дзе ты раўняў зямлю, ужо сеюць, расце хлеб ці іншае. Гэта прыемна, бо ведаеш, што твая праца важная, – падкрэслівае Уладзімір Іванавіч. Пра калег гаворыць з цеплынёй, адзначае, што яго «доўгажыхарства» ў ПМС –
заслуга кіраўніцтва, механікаў, токараў, зваршчыкаў – сяброў, якія дапамагалі і дапамагаюць, ніколі не пакідаюць у бядзе.
У працоўнай біяграфіі Уладзіміра Халецкага нямала прафесійных адзнак, сярод якіх званне заслужанага работніка Ляхавіцкага ПМС. У 2024-м яго фота было змешчана на Дошцы гонару «Брэстмеліяводгаса». Летась удастоены Ганаровай граматы Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі. Да прафесійнага свята прыйшла чарговая высокая ўзнагарода – Ганаровая грамата «Брэстмеліяводгаса», які сёлета адзначае сваё 85-годдзе. Сімвалічна, што Уладзімір Іванавіч 13 чэрвеня таксама адзначыць юбілей – 70-гадовы! Жыццё ў працы і ў любімай справе.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Напярэдадні Дня меліяратара ў Брэсце ўшаноўвалі лепшых прадстаўнікоў гэтай паважанай прафесіі. Сярод адзначаных
да прафесійнага свята ўзнагародамі і працаўнікі Ляхавіцкага прадпрыемства меліярацыйных сістэм.
Ва ўрачыстай абстаноўцы і атмасферы шчырых віншаванняў, слоў падзякі за добрасумленную працу трактарыст-машыніст Сяргей Клімовіч удастоены Падзякі міністра сельскай гаспадаркі і харчавання. Граматай Брэсцкага аблвыканкама ўзнагароджана намеснік дырэктара – галоўны інжынер Таццяна Клявец. Машыністу бульдозера Уладзіміру Халецкаму ўручана Ганаровая грамата «Брэстмеліяводгаса».