Маліна ў гаспадарцы да дастатку ў доме. Самую ўдойную кароўку з уласнага падвор’я сям’і Гаўрыльчыкаў з Вострава клічуць Малінай

За першы квартал гэтага года каля 6 працэнтаў малака ў агульным аб’ёме сыравінных закупак СААТ “Ляхавіцкі малочны завод” – з прыватных падвор’яў. Дарэчы, на фінансаванне паслуг па зборы малака завод пералічвае на рахункі сельгаспрадпрыемстваў раёна  ўнушальныя сумы.
Тэхнолаг па сыравіне прадпрыемства Святлана Чакала расказала, што малако ад насельніцтва прымаецца першым гатункам і патрабаванні да яго якасці ставяцца сур’ёзныя. У першую чаргу, яны датычацца элементарнай чысціні (напрыклад, адна з абавязковых умоў – прафільтраваць малако). Бярэцца аналіз і на прысутнасць саматычных клетак, абавязковая праверка на наяўнасць антыбіётыкаў. Аналізы бяруцца з кожнай партыі паступіўшага на завод малака. Летам асаблівая ўвага надаецца тэмпературы сырадою: калі яна вышэй за 10 градусаў, сыравіна вяртаецца. Самае крыўднае для добрасумленных здатчыкаў, калі з-за аднаго нядбайнага гаспадара вяртаецца ў вёску ўся малочная партыя. Такія выпадкі, хаця і не часта, але здараюцца.
Змяншэнне насельніцтва ў сельскай мясцовасці не паўплывала на колькасць кароў на прыватных падвор’ях. За мінулы год прыватны статак раёна павялічыўся на 3 рагулі. Летась у насельніцтва закуплена на 5 працэнтаў малака больш, чым у 2015 годзе, – 3676 тон. Павялічылі закуп малака з прыватных падвор’яў усе сельсаветы, за выключэннем Конькаўскага (тут сабрана 80 працэнтаў малака да ўзроўню 2015 года) і Крывошынскага (95 працэнтаў).
Сёння, дарэчы, малочны лідар у прыватным сектары – Ганчароўскі сельсавет: тэмпы росту закупу малака з пачатку года склалі 158 працэнтаў да аналагічнага перыяду 2016-га. Такі скачок атрыманы ў многім дзякуючы фермерскай гаспадарцы “ЛагуЦін”.
Сярод тых, хто перакананы, што прадаваць малако дзяржаве справа прыбытковая, у асноўным землякі сярэдняга ўзросту, пажылым трымаць карову цяжка, маладым не надта хочацца.
Усе сельскагаспадарчыя арганізацыі аказваюць розныя паслугі прыватнаму сектару, асабліва тым гаспадарам, якія ўтрымліваюць кароў і  лішкі прадукцыі прадаюць дзяржаве. Змалоць зерне, палячыць жывёлу ці правесці прафілактычныя ветэрынарныя мерапрыемствы, купіць маладняк для дарошчвання, атрымаць сена ці пашу, зямельныя ўчасткі пад соткі і іншае –  прыватнікаў стараюцца падтрымліваць і заахвочваць.
Нарыхтоўка малака з уласных падвор’яў аграгараджан і вяскоўцаў – у цэнтры ўвагі і сельвыканкамаў. Яны ў такой адказнай справе, як развіццё асабістых падсобных гаспадарак, выступаюць і кантралёрамі, і арбітрамі ва ўзнікаючых спрэчках (бывае і такое).  На тэрыторыі Востраўскага сельсавета на падвор’ях вяскоўцаў сёння ўтрымліваюцца 64 рагулі. У сярэднім ад кожнай закуплена за 3 месяцы гэтага года па 627 кілаграмаў малака.
– Калі і ўзнікаюць пытанні па якасці і тлустасці малака, стараемся адразу іх вырашыць, – тлумачыць малаказборшчык Востраўскага сельсавета Георгій Рабцэвіч.
Справу сваю Георгій Пятровіч ведае добра. Вось ужо 10 гадоў кожную раніцу на возе, у які запрэжаны ўласны конь, праязджае па вуліцах Вострава, Любейкаў, Рагачоў, Тухавічаў, Забер’я, Заполля, Траццякоўцаў, Кулікоў. Яго задача – своечасова сабраць малако, выстаўленае гаспадарамі ў спецыяльна адведзеных месцах, і перадаць яго заводскаму малакавозу.
Рабочы дзень у халодную пару года ў Георгія Рабцэвіча пачынаецца а палове шостай гадзіны раніцы і доўжыцца да 11-12 гадзін. А вось у цёплую трэба да 7 гадзін паспець перадаць сабранае малако, каб яно не сапсавалася. Але на гэтым працоўная вахта не спыняецца. Ужо дома Георгій Пятровіч перамывае ўсю тару, каб заўтра з раніцы зноў паўтарыць маршрут.
– Якасць малака амаль аднолькавая, тлус-тасць – 3,8-3,9 працэнта. А вось колькасць за апошнія гады, як ні сумна, зменшылася. Калі толькі пачынаў працаваць, то за дзень збіраў больш за тону малака, цяпер – каля 700 кілаграмаў. Нічога не зробіш – людзі сталі трымаць менш кароў.
– Напрыклад, цяпер у Востраве на прыватных падвор’ях усяго 38 рагуль. Цяжкая гэта справа, – гаворыць вопытны  малаказборшчык. Ён  па сумяшчальніцтве і малаказдатчык: разам з жонкай Святланай Міхайлаўнай трымаюць у падсобнай гаспадарцы 3 каровы. Прызнаецца, калі б не падтрымка з боку КСУП “Востраў-Агра”, наўрад ці займаліся б  гэтай справай. Сельгаспрадпрыемства выдзяляе Рабцэвічам сена для каня, на якім гаспадар ездзіць збіраць малако, зерне. Акрамя таго, за кожную здадзеную ў КСУП цялушку сям’я атрымліве 2 тоны сена, за бычка – 1,5 тоны.
– Канешне, цяжка спраўляцца, але прыбаўка ў сямейны бюджэт істотная. Нядаўна за літр прададзенага малака плацілі 44 капейкі, а  з 1 красавіка – 46, – разважае Георгій Рабцэвіч. У якасці прыкладу дбайнага і працавітага гаспадара прыводзіць свайго аднавяскоўца Аляксандра Гаўрыльчыка, які з жонкай Валянцінай трымае сапраўдную міні-ферму – 9 кароў і штодня здае па 100 літраў малака.
– Для сябе ж працуем, можа таму і атрымліваецца, што ўсё робім разам. Раніцай падняліся, памылі каровак, падаілі. Рукамі тут не справішся, выручае даільны апарат. І далей кожны па сваіх справах, – расказвае Валянціна Гаўрыльчык. Дарэчы, яна не толькі працавітая гаспадыня, але яшчэ і працуе мастацкім кіраўніком у Востраўскім СДК, паспяхова ўдзельнічае ў тэатральным калектыве “Вастраўчане”. Ды і ўвогуле жыццярадасная, энергічная і добразычлівая.
– Канешне, нашы кароўкі патрабуюць сіл і ўвагі. Адна толькі прыгажуня Маліна чаго вартая! Але ж за клопат і аддзячваюць шчодра. Вось дзецям, іх у нас трое, дапамагаем з набыццём жылля. Унукаў хочацца  парадаваць, – дзеліцца гаспадыня. Частку кармоў Гаўрыльчыкі нарыхтоўваюць самі (садзяць многа бульбы), частку выдзяляе “Востраў-Агра” за здадзеных у гаспадарку цялят, частку купляюць. Штогод з падкормкай траў на пашы дапамагае ЗТАА “БелДан”.
Заўжды славіўся руплівымі, заможнымі гаспадарамі Жарабковіцкі сельсавет. Многія і цяпер трымаюць вялікае падвор’е. Лішкі прадукцыі прадаюць. Старшыня Жарабковіцкага сельвыканкама Ніна Булатая расказала, што на пачатак 2017 года колькасць кароў на асабістых падвор’ях нязначна зменшылася. Але пры гэтым валавы закуп малака павялічыўся. Ад кожнай каровы закуплена за І квартал 783 кілаграмы малака (на 112  кілаграмаў больш леташняга). Сітуацыю “выратоўваюць” тыя вяскоўцы, на чыіх падвор’ях утрымліваецца па некалькі кароў.
Напрыклад, у гаспадарцы Тамары Дарахлевіч – 21 рагуля, Іны Блашэнка – 12, Аляксандра Махнача, Таццяны Пірштук – па 6,   Мікалая Навуміка, Сяргея Бурака – па 5.  І такіх дбайных гаспадароў на тэрыторыі сельсавета нямала. Падтрымліваюць іх мясцовыя сельгаспрадпрыемствы – ААТ “Жарабковічы” і “Шлях новы”.
Усяго 78 працэнтаў ад закупленага ў насельніцтва летась за такі ж час малака   – сёлетні квартальны паказчык ў Начаўскім сельсавеце. Вячаслаў Новік тлумачыць сезонам –
частка статка пакуль у запуску. У бліжэйшыя месяц-другі сітуацыю тут плануюць паправіць.
Галіна КАНЬКО.
Выкарыстана ілюстрацыя з сайта http://mytaganrog.com

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *