Снег на галаву

Сіноптыкі ведалі і не маўчалі. Папярэджвалі, што другая палова каляндарнай вясны заявіць пра сябе зімовым надвор’ем. Але не верылася, ды і яшчэ ў суботу не надта паказвала на заўтрашні жорсткі мікс. Вецер, дождж, снег – у адным флаконе. Як аказалася, гэта была ўсяго толькі артпадрыхтоўка перад наступленнем начнога прымаразку. Раз, другі. Азімыя сельгаскультуры, якія да гэтага часу нядрэнна “выцягнуліся”, запаволілі свой рост. Раннія яравыя, тыя з іх, што паспелі парадаваць хлебаробаў свежымі ўсходамі, таксама не пазбеглі халоднай загартоўкі. Але ж на тое яны і раннія, што больш вынослівыя, устойлівыя да розных выпрабаванняў. Дарэчы, сяўба збожжавых і зернебабовых першай групы ідзе да завяршэння. Абсалютная большасць гаспадарак на гэтым адрэзку ўжо фінішавала, астатнія дабіраюць апошнія дзясяткі гектараў.
Пасевы льну ў бягучым сезоне будуць сканцэнтраваны ў двух прадпрыемствах. Галоўны льновытворца – адзіны ў раёне і адзін з вельмі нешматлікіх у краіне яго перапрацоўшчыкаў ААТ “Ляхавіцкі льнозавод” – адсеяўся ўжо на плошчы ці не ў 1500 гектараў з запланаваных пад пасеў 2000. Калі выгадвае з надвор’ем, працуюць “позна”, з выкарыстаннем і камбінаваных пасяўных агрэгатаў, і проста сеялкі. Але перад тым – якасная падрыхтоўка глебы. Звычайна, пасяўныя комплексы выступаюць за культыватарам, камбінаваным шыроказахватным агрэгатам. Ільнонасенстанцыя падрадзілася сёлета вырасціць лён на   плошчы  260 гектараў. І па сённяшні дзень ужо шмат з чым справілася.
Сканцэнтраваны лён у руках двух, аднак, раскіданы па многіх гаспадарках Ляхавіччыны. Спецыфіка такая: глеба пад лён павінна адпавядаць шэрагу ўласцівасцяў, паўторна вярнуцца на адзін і той жа кавалак тэхналогія раіць не раней як праз пяць гадоў. Адсюль і такі роскід: у льнозавода, напрыклад, у карыстанні знаходзяцца дзясяткі параўнальна невялікіх палёў.
Сёлета гаспадарнікі нашага    раёна абавязаліся даволі значны кавалак засеяць яравым рапсам. Не азімым, які ляхавіцкія аграрыі практыкуюць даўно і ў цэлым паспяхова, а іменна веснавым варыянтам названай культуры. Мяркуючы па плошчы – 450 гектараў – ЗТАА “БелДан” робіць на яго пэўны ўпор. Работы вядуцца ў належным    тэмпе і, фактычна, завершаны. У адрозненне ад пяцёркі іншых гаспадарак, якія на рапс пакуль не выйшлі.
Разгортваюцца вяскоўцы – нямала што ўжо зрабілі і на палетках з аднагадовымі травамі.
І, канешне ж, усе чакаюць цяпла, з надыходам якога стане па-сапраўднаму горача на кукурузнай ніве. У раёне пад кукурузу будзе аддадзена больш за 5000 гектараў палёў.
Іван КАВАЛЕНКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *