Гаражны калейдаскоп

Пра гаспадара дома і падворка, гаража ці дачнага ўчастка, кватэры ці транспартнага сродку лепш за ўсё раскажа вонкавы выгляд яго маёмасці, пабудоў і стан тэрыторыі вакол. Гаражы для многіх ляхавічан – гэта не толькі “дом” для аўтамабіляў, але і складское памяшканне, і міні-майстэрня. І калі ўнутр гаража зазірнуць не дазваляецца – прыватная ўласнасць – то тэрыторыю вакол яго без праблем можна ўбачыць.

Гаражных масіваў у райцэнтры каля дзясятка. Неаднойчы “ЛВ” цікавіўся іх станам.  Не ўсе ўладальнікі  клапоцяцца пра добраўпарадкаванасць сваіх аўтамабілясховішчаў. Бясспрэчна і іншае: большасць тых, чыя гаражная гаспадарка трапіла ў аб’ектыў фотаапарата ў адмоўным ракурсе, становішча  выпраўляла. Але на месца адных нядбайных гаспадароў у наступны раз прыходзілі другія.

Цікава, як сёлета падрыхтаваліся гаражнікі да сустрэчы зімы ў плане добраўпарадкавання? “ЛВ” пабываў ва ўсіх гаражных кааператывах горада. Пад’язджаючы да гаражоў па вуліцы Арлоўскага, падумалася, што нарэшце і тут ўсё даведзена да толку. Сапраўды, стала значна чысцей і акуратней, смецце знікла, апаўшае лісце пазграбана і сабрана. Але, на жаль… Іржавая дзіравая скрыня для смецця і беспарадак побач каля першага рада, сапраўдны сметнік у канцы другога. Пустыя бутэлькі, рэшткі колаў, гаспадарчыя прылады,  стаўшыя непатрэбнымі гума і іншыя рэчы. І сярод усяго гэтага прабілася адзінокая кветка. Зусім недалёка, насупраць, каля гаражных варот, валяюцца раскіданыя цагліны ад печы.

А вось далей у горадзе чакалі сапраўдныя  прыемнасці. У гаражным  мікрараёне  па вуліцы Юбілейнай 13 радоў. Не ўзнікла ніякіх пытанняў да тутэйшых гаспадароў: чыста, падмецена, падкошана, падфарбавана, нават на дарозе паміж пабудовамі няма ніякіх непатрэбных прадметаў і рэчаў. А, напрыклад, паміж першым і другім радам увогуле чысціня ідэальная. Чым не прыклад для пераймання і не падстава навесці парадак іншым?

Аналагічная карціна  і каля гаражоў па вуліцы Южакова (побач з д/с   № 3).  Іх гаспадары ў рэшце рэшт давялі тэрыторыі да належнага стану, у тым ліку і тыя, да якіх падчас мінулага рэйду былі пэўныя прэтэнзіі.

Асаблівага шыку-бляску няма каля гаражоў у канцы вуліцы Южакова. Аднак відаць, што гаспадары-аўтааматары парадак наводзілі – пазрывалі пустазелле, падфарбавалі дзверы, павывозілі смецце.

А вось у гаражным масіве па вуліцы 60 гадоў Кастрычніка не ўсё ў ажуры. Каля некаторых гаражоў па-ранейшаму беспарадак. У прыватнасці, у дванаццатым  радзе паміж другім і трэцім гаражамі (нумарацыя тут, як і ў большасці аналагічных кааператываў  горада, адсутнічае) валяюцца пустыя пластыкавыя і шкляныя бутэлькі, смецце,  сухія галінкі дрэў.

Па завулку Пушкіна размясціліся ўсяго 2 рады гаражоў. Пераважная большасць гаспадароў сустракаюць зіму чысцінёй і парадкам.  Значыць можам, калі захочам.

Адно відавочна – парадак павінен быць паўсюдна. Тым, хто яшчэ не паспеў прыбраць тэрыторыю вакол сваіх дамоў і гаражоў, варта паспяшацца – навошта чакаць, пакуль снег прыкрые  безгаспадарчасць і бруд.

Галіна КАНЬКО

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *