Без прыкрас. Стан населенных пунктаў Жарабковіцкага сельсавета разглядаўся на апаратнай нарадзе ў старшыні Ляхавіцкага райвыканкама

Так захоўваюцца дровы ля жарабковіцкай лазні.

Наўрад ці чалавек, які праехаў ці прайшоў па вуліцах і завулках аграгарадкоў Жарабковічы і Падлессе, вёсак Зарытава, Канюхі, Шавялі, Гулічы, паверыў бы, што гэта тэрыторыя аднаго з самых заможных і трывалых сельгаспрадпрыемстваў Ляхавіцкага раёна – СВК “Жарабковічы”. Ніяк не сумяшчаецца моцная эканоміка сельгаскааператыва з карцінамі безгаспадарчасці і недобраўпарадкаванасці, якімі стракацяць амаль усе населенныя пункты Жарабковіцкага сельсавета. Тое ж самае датычыцца і вёсак Зубелевічы і Патапавічы, якія адносяцца да СВК “Шлях новы. Смеццезвалачны “нацюрморт” застаўся і пасля традыцыйнага месячніка добраўпарадкавання.

Менавіта стан населенных пунктаў Жарабковіцкага сельсавета разглядаўся на апаратнай нарадзе ў старшыні райвыканкама ў мінулы панядзелак.

Старшыня сельвыканкама Аляксандр Трыбухоўскі расказаў, што ў 17 населенных пунктах жыве амаль 3 000 чалавек, а таксама падрабязна спыніўся на асноўных ”парадкавых” пунктах. Адзначыў, што з пачатку года ліквідавана 7 смеццезвалак, абследавана 15 аварыйных дрэў, якія хутка будуць спілаваны, выдадзена 18 прадпісанняў нядбайным гаспадарам аб неабходнасці падтрымання чысціні і парадку на прысядзібных участках і

г. д. Згодна справаздачы, здавалася, усё някепска. Але, як гаворыцца, факты, дакладней, фотаздымкі, – рэч упартая, з імі не паспрачаешся. А даказваюць яны, што да парадку на тэрыторыі сельсавета далёка, хаця сёлета аграгарадок Жарабковічы названы адрасам раённых дажынак.

Ды і хіба добра людзям жыць у акружэнні смецця і звалак?

Малапрыемная карціна назіраецца ў цэнтры Жарабковічаў недалёка ад адміністрацыйнага будынка СВК, каля Падлескага СДК, былых магазінаў і тутэйшай кацельні… Звалка — у цэнтры Зубелевічаў, Зарытаве, каля Гулічаў… Нядаўна ўстаноўленая за дзяржаўны кошт бетонная агароджа амаль уздоўж усёй вёскі Канюхі, зарасла хмызняком.

Асобная тэма – добра-ўпарадкаванне могілак і тэрыторый вакол іх. Іх стан тут, як адзначыў старшыня райвыканкама Вячаслаў Сельмановіч, і ўвогуле ці не самы непрыглядны ў раёне. Недапрацавалі супрацоўнікі сельвыканкама, кіраўніцтва гаспадарак. Але ж дзе сумленне саміх вяскоўцаў, якія ствараюць гэтыя самыя сметнікі?

Пра недахопы ў навядзенні парадку на зямлі ў населенных пунктах Жарабковіцкага сельсавета гаварылі начальнікі землеўпарадкавальнай, прыродаахоўнай і санітарнай службаў раёна.

Станоўчым момантам у гаспадаранні тут можна назваць аператыўнае ўвядзенне ў сева-абарот зямлі, якая вызваляецца пасля зносу пустуючых будынкаў.

Канешне, за тыдзень-другі ідэальны парадак навесці немагчыма, таму старшыні Жарабковіцкага сельвыканкама Аляксандру Трыбухоўскаму да-дзены пэўны час на выпраўленне сітуацыі. Без падтрымкі і ўдзелу тутэйшых гаспадарак, іншых арганізацый, не справіцца, як і без дапамогі саміх жыхароў сельсавета.

Галіна КАНЬКО.

У такім стане знаходзяцца ў Жарабковічах могілкі.

А вось культура земляробства ў СВК «Жарабковічы» – прыклад для пераймання. У севазварот адразу ўводзяцца землі, з якіх знесены аварыйныя і пустуючыя будынкі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *