Дарожная тэма паклікала ў дарогу. Днямі рэдакцыя атрымала зварот з вёскі Старыя Буды Ляхавіцкага раёна

Днямі рэдакцыя атрымала зварот з вёскі Старыя Буды. Ветэран працы і Узброеных Сіл звярнуўся з просьбай разабрацца ў дарожнай сітуацыі, каб, па яго словах, «прывесці ў прыглядны выгляд пабудаваную асфальтаваную дарогу».

Па словах заяўніка, у верасні 2024 года, калі асфальтавалі дарожны ўчастак паміж Старымі і Новымі Будамі, дарожнікі абяцалі пасля заканчэння ўладкавання асфальту абсталяваць з’езды, расчысціць кюветы і абочыны. Аднак, як пазначана ў пісьме, «спілаваныя галіны так і засталіся ляжаць у кюветах, а ў некаторых месцах галіны дрэў выходзяць практычна да восевай лініі. З’езды не абсталяваны (хаця ў іншых месцах яны заасфальтаваны, нават там, дзе даўно ужо ніхто не ездзіць), а асфальтавае пакрыццё кантаў каля іх крышыцца». Таксама вясковец адзначыў, што выезд на дарогу ад яго дома, які знаходзіцца на вуліцы Ганцавіцкай, на дарогу праблематычны: «выязджаць даводзіцца з ухілам амаль 45 гра-дусаў, а вугал агляду ў абодва бакі
20–30 метраў. Так і да аварыі недалёка».
Група ў складзе начальніка аддзела архітэктуры, будаўніцтва і ЖКГ райвыканкама Марыны Завадскай, начальніка ДРБУ-200 Максіма Мухі і галоўнага інжынера дарожнай арганізацыі Яўгенія Занько, карэспандэнта «ЛВ» 15 мая выехала ў Старыя Буды. Каб непасрэдна на месцы паглядзець на карціну вачыма спецыялістаў, зрабіць высновы і даць канкрэтны адказ на пастаўленыя ў пісьмовым звароце пытанні.
– Пачну са з’ездаў. Асфальтаванне з’ездаў на тэрыторыі земляў агульнага карыстання вядзецца за кошт бюджэтных сродкаў – такія работы зроблены на з’ездах у лес і да іншых аб’ектаў агульнага карыстання. Што тычыцца з’езда да прысядзібнага ўчастка жыхара Старых Будаў,
зрабіць асфальтаванне мы можам толькі за кошт грамадзяніна, а не за бюджэтныя сродкі. А вось добраўпарадкаваннем абочын зоймемся, як і паправім, дзе неабходна, у межах гарантыйнага абслугоўвання, кант асфальтаванай дарогі, які крышыцца. Канешне, тэма дарожнай бяспекі надзвычай важная. Але, як паглядзелі сёння, вугал агляду яўна ў разы большы, чым 20–30 метраў, указаных у пісьме. Такім чынам, парушэнняў па гэтым пытанні няма, – патлумачыў сітуацыю Максім Муха.
– Адносна кюветаў. Будзем высвятляць, хто з’яўляецца гаспадаром-землекарыстальнікам, які і прывядзе ў парадак засмечаныя спілаванымі галінамі тэрыторыі, – адзначыла Марына Завадская.