Сустрэчы, якія дораць цяпло

Ветэран Вялікай Айчыннай вайны Уладзімір Тамашук прымае віншаванні з Днём Перамогі

4 мая ў доме № 15 па вуліцы Кастрычніцкай у Ляхавічах было шмат гасцей. У цэнтры ўвагі  гаспадар – ветэран Вялікай Айчыннай вайны  Уладзімір Тамашук. Павіншаваць земляка са святам Вялікай Перамогі прыехалі прадстаўнікі ўлады, раённага савета ветэранаў, БРСМ і “Белай Русі”, прафсаюза. Начальнік  упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Леанід Калбаса разам з найлепшымі пажаданнямі перадаў ветэрану віншавальную паштоўку ад кіраўніцтва раёна і матэрыяльную дапамогу з раённага бюджэту.  А навучэнцы Ляхавіцкага дзяржаўнага аграрнага каледжа  ўручылі кветкі і салодкія пачастункі.

Прадстаўнічая дэлегацыя з віншаваннямі завітала і па іншых адрасах, дзе жывуць шаноўныя ветэраны.Такія сустрэчы нясуць цяпло і радасць і тым, хто набліжаў Перамогу, і сённяшнім пакаленням, якія маюць магчымасць сказаць героям шчыры дзякуй за шчаслівае жыццё ў свабоднай і незалежнай Беларусі.
Сёлета на маршруце традыцыйнага каледжскага  аўтапрабегу “Дарогамі вызваліцеляў»  адным з першых прыпынкаў памяці і пашаны стала брацкая магіла на скрыжаванні вуліц Леніна і Кастрычніцкай у райцэнтры.   Кветкі, вянкі ляглі да іншых  помнікаў загінуўшым  у гады той вайны. Застылі ў мінуце маўчання ветэраны і моладзь.  А пачалося ўсё з ініцыяванага БРСМ дыялогу пакаленняў “Кветкі Вялікай Перамогі”, які адбыўся ў ЛДАКу.
У гэтыя перадсвяточныя майскія дні прадстаўнікі мясцовай улады, грамадскіх арганізацый, валанцёры,  піянеры і цімураўцы – частыя госці ў кватэрах і дамах удзельнікаў і сведкаў ваенных падзей. У іх адрас гучаць пажаданні здароўя, доўгіх гадоў жыцця, міру і ладу ў сем’ях. Кожнаму ветэрану адрасуецца і матэрыяльная дапамога з нагоды  чарговай гадавіны Вялікай Перамогі. Сёлета  агульная сума выплат з мясцовага бюджэту на  гэтыя мэты склала 6100 рублёў.
Ушанаванні ветэранаў і падрыхтоўка да святочных урачыстасцяў праходзяць гэтымі днямі па ўсёй краіне.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

У    ТЭМУ
Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі ініцыяваў правядзенне з 4 па 9 мая ва ўсіх рэгіёнах дыялогу пакаленняў «Кветкі Вялікай Перамогі».
Патрыятычны праект стаў не толькі лагічным прадаўжэннем «Адкрытага дыялогу», які Саюз моладзі рэалізуе з 2014 года, але і адным з цэнтральных мерапрыемстваў рэспубліканскага патрыятычнага праекта «Кветкі Вялікай Перамогі».

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *