Ода салдату

Салдатамі ў вогненныя саракавыя мінулага стагоддзя былі практычна ўсе грамадзяне сваёй краіны. Калі не са зброяй у руках на полі бою, то на жытнёвым палетку, вырошчваючы хлеб для фронту. Ці ў партызанскіх атрадах, якія па руках і нагах “вязалі” фашыстаў на часова акупіраваных тэрыторыях. Або ў тылавым заводскім цэху – суткамі ля станка за вырабам грозных “падарункаў” для ворагаў.
Іх ужо да болю мала, воінаў, якія падарылі свету мір, расквецілі май 45-га самымі яркімі, асабліва радаснымі і шчымліва святочнымі фарбамі. Усё цішэй медальны звон, усё менш залатога бляску баявых узнагарод, усё больш сціплым становіцца святочны ветэранскі рад. Вось і падчас раённых урачыстасцяў 9 мая на плошчы Перамогі ў Ляхавічах хапіла і дзясятка месцаў, каб размясціць самых ганаровых, дарагіх, заслужаных, паважаных – галоўных герояў свята.
Другі год, як раённы “салют” у гонар Вялікай Перамогі змяніў фармат. Святочная дамінанта перамясцілася ў горад, мерапрыемствы ж на Кургане Славы сталі адрознівацца камернасцю, стрыманай урачыстасцю. Дарэчы нагадаць, што гэтымі днямі споўнілася паўвека, як на месцы першых на тэрыторыі Ляхавіччыны, асабліва кровапралітных баёў з’явіўся строгі манумент на высокім насыпе.
Да вядомага ўсім і кожнаму як Курган Славы месца 8 мая прыйшлі нашчадкі салдат Перамогі. З удзячнасцю, паклонам, пачуццём светлай памяці – кіраўніцтва раёна, прадстаўнікі працоўных калектываў, грамадскіх аб’яднанняў. Высокі і круты зялёны схіл расцвіў кветкамі вянкоў. Залпы ружэйнага салюта, здавалася, ускалыхнулі вершаліны сведкаў тых падзей – старых разгалістых навакольных хвояў, рэхам разнесліся па прасторы, болем адгукнуліся ў сэрцы. Старшыня раённага Савета дэпутатаў Яўгеній Юрлевіч, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Леанід Цупрык гаварылі пра неацэнную важнасць пераможнага завяршэння самай разбуральнай з войнаў, яе ўрокі, салдацкую мужнасць. Дзякавалі, віншавалі, заклікалі памятаць, шанаваць – Перамогу і яе творцаў.
9 мая, Ляхавічы. Плошча Перамогі апранула святочнае ўбранне. Як і ўвесь горад, многія жыхары і госці якога, нягледзячы на непагоднасць надвор’я, трымалі вясенні фасон. Многія з флажкамі, паветранымі шарамі ў руках, ля сэрца – пакладзеная на нацыянальных колераў стужку кветка яблыні.
Песні ваенна-патрыятычнай тэматыкі саграюць халоднае паветра над плошчай. Ад яе ж уверх па галоўнай вуліцы да самага стадыёна – жывы калідор. У большасці сваёй людзі маладыя, нават юныя, “узброены” ўсё тымі ж атрыбутамі прыгожага, вялікага вясенняга свята. Мінутная гатоўнасць, і калідор запаўняе святочная калона. Урачыстае шэсце адкрываюць бойкія барабаншчыцы. У такт, рытм, настрой ім –  духавы аркестр дыслакаванай у Баранавічах 4-й спецыяльнай асобнай міліцэйскай брыгады ўнутраных войскаў МУС Рэспублікі Беларусь.
Золатам пагонаў і аксельбантаў, строгасцю шарэнг вызначаюцца “каробкі” вайскоўцаў. У святочнай калоне – вайскоўцы-франтавікі. Яны навечна ў страі – радавыя і камандзіры Перамогі, чые партрэты пранеслі родныя, блізкія, знаёмыя ў рамках акцыі “Бессмяротны полк”. Той факт, што да атрымаўшага міжнароднае распаўсюджанне шчымліва-кранальнага пачыну далучыліся Ляхавічы, з’яўляецца добрай прыкметай, адметнасцю сёлетніх урачыстасцяў.
Воіны Узброеных Сіл краіны беражліва і ўрачыста ўсклалі да падножжа брацкага пахавання воінаў-вызваліцеляў жывыя гірлянды. Да помніка ляглі вянкі ад райвыканкама і райсавета дэпутатаў, грамадскіх аб’яднанняў, калектываў прадпрыемстваў і арганізацый раёна. І не толькі: становіцца традыцыяй прыезд у гэты дзень у Ляхавічы дэлегацыі польскіх сяброў. Хвілінамі пазней, пасля ўскладання вянка віцэ-стараста Лэнчненскага павета Люблінскага ваяводства краіны-суседкі Дарыўш Кавальскі назаве Другую сусветную вайну найвялікшай трагедыяй ХХ стагоддзя. Нагадае, што, на жаль, не для ўсіх яе ўрокі сталі навукай: у асобных рэгіёнах свету і сёння рвуцца снарады, абрываецца жыццё.
Напружанай цішынёй павісла над месцам урачыстасцяў мінута маўчання. Толькі метраном, толькі думкі. У кожнага свае і адна на ўсіх –  светлая памяць героям, што не дажылі да шчаслівага сёння. У звароце да ветэранаў, усіх землякоў старшыня райвыканкама Вячаслаў Сельмановіч назваў Дзень Перамогі найвялікшай каштоўнасцю. Ён  нагадаў, што на франты Вялікай Айчыннай былі прызваны больш за 4 тысячы нашых землякоў. З іх больш за паўтары тысячы не вярнуліся – загінулі ў баях з фашызмам.
Традыцыйны пункт святкавання найвялікшага са святаў – уручэнне маладым людзям павестак аб прызыве на вайсковую службу. У абставінах строгай урачыстасці дакумент на гэты раз атрымалі 11 нашых землякоў. Плошчу хлопцы пакідалі строем, пад гукі легендарнага марша “Развітанне славянкі”.
Свята прадоўжылася на гарадскім стадыёне. Не без спорту, але ў той дзень аб’ект нагадваў хутчэй  многафункцыянальны выставачна-забаўляльны комплекс. Усё на радасць і карысць тых, хто прыйшоў, нягледзячы на ніколькі не майскае надвор’е.
А за гадзіну да поўначы над стадыёнам разнеслася вядомая кожнаму песня. Магутна, на ўсе галасы, не надта стройна, але вельмі шчыра. Іменна такой была рэалізацыя нашымі землякамі акцыі “Спяём “Дзень Перамогі” разам” – як музыкальная ода салдату-пераможцу.
Іван КАВАЛЕНКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.
Больш фота тут

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *